Гісторыя44

Ён забіў Брэжнева і Андропава: успаміны былога «галоўнага доктара Крамля»

Былы «галоўны доктар Крамля» Яўгеній Чазаў расказаў, як яго абвінавачвалі ў забойстве Брэжнева, Андропава і Чарненкі, навошта ездзіць на паляванне і чаму быў кепскім бацькам.

Забойца я ці не забойца? Служу я ў КДБ ці сапраўдны доктар? Хто вы, прафесар Чазаў? Можа, усё-ткі генерал КДБ? Мне задавалі такія пытанні.

Я лячыў дзевятнаццаць лідараў пятнаццаці краін свету. Мяне трэба занесці ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Калі я пачаў займацца сэрцам, мы не ведалі яго глыбока. Тады словы «кардыёлаг» і «кардыяхірург» значылі нешта рамантычнае, незвычайнае: выратаванне чалавека. А я быў рамантыкам.

Я зрабіўся камуністам праз маці. І доктарам — праз яе. Яна казала: «Некаторыя нашы камуністычныя прынцыпы супадаюць з хрысціянскімі». Я ёй верыў.

У мяне ў маці, Аляксандры Ільінічны, быў камсамольскі білет пад нумарам два. Яе расстрэльвалі калчакаўцы, і маму выцягнуў з ямы ляснік на тайговым займішчы, калі ўбачыў, што яна варушыцца. Дык вось, яна ніколі не атрымлівала нават талонаў у сталоўку, хоць была ў партыі з 1923 года. Трох яе братоў пры Сталіне расстралялі. Яна ніколі нічога не прасіла.

У трыццаць гадоў мяне выключылі з партыі за амаральныя паводзіны — за тое, што я жыў са сваёй другой жонкай Лідзіяй у грамадзянскім шлюбе. Яшчэ праз дваццаць гадоў мяне зрабілі чальцом прэзідыума ЦК КПСС. Такое жыццё.

Мне жанчыны ўсё жыццё сустракаліся незвычайныя. Дастаткова сказаць, што першая мая жонка — акадэмік, а другая — прафесар.

Я памятаю выдатна той дзень, калі я папрасіў двух сваіх супрацоўнікаў — доктара Мікалаева і доктара Глазунова — увесці мне эксперыментальны трамбалітык фібраналезім.
Пра тое, што прэпарат растварае тромб, мы ўжо ведалі. Трэба было праверыць адно — таксічнасць. Памрэ чалавек ці не. Я застаўся жывы, а потым мы ўвялі гэты прэпарат пацыенту з множным трамбозам. Проста ў сэрца. Гэта было 5 кастрычніка 1961. У гэты дзень на свет з’явілася мая другая дачка. Я быў кепскім бацькам і не паехаў у радзільны дом.

Ад пасады начальніка 4-га ўпраўлення я адмаўляўся на ўсіх узроўнях, нават у Леаніда Ілліча. У той час ён яшчэ быў маладым чалавекам, з гумарам, жанчыны ад яго вар’яцелі. Ён сказаў мне: «Калі б вы так упарта не адмаўляліся ад гэтага месца, я б вас на яго і не прызначыў».

Брэжнеў сказаў: «Партыйцаў мала будзе: шэсцьдзесят тысяч найлепшых людзей краіны. Зрабі для іх найлепшую ахову здароўя ў свеце». Разведкі трох краін бегалі за нашымі паперамі, спрабуючы высветліць, як мы будуем сістэму. Там была створаная ўнікальная сістэма дыспансерызацыі, ранняй прафілактыкі і дыягностыкі. За гэта я ў 1975 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію. Калі ўрад узначаліў Гарбачоў, ён прасіў мяне перанесці гэтую сістэму на ўсю краіну. Я адказаў: «Гэта нерэальна. У вас грошай не хопіць, таварыш прэзідэнт. Вы не пацягнеце».

У нашай краіне першы камп’ютарны тамограф з’явіўся так: у Касыгіна было субарахнаідальнае кровазліццё ў мозг. Ён страціў прытомнасць, але мы яго выцягнулі. У той час першыя камп’ютарныя тамографы з’явіліся ў Англіі. Я сказаў: «Вось калі б быў у нас тамограф, мы б усё значна хутчэй высветлілі». Касыгін сказаў: «Купім два. Адзін — у ЦКБ, другі — у Інстытут неўралогіі».

Да канца сямідзясятых гадоў у нас наогул не было стаматалогіі. Зубы рвалі ўжывую. Потым пачалася эпапея з шапалявасцю Брэжнева. Я сцвярджаў, што ўсе яго праблемы ў галаве. Ён спрачаўся: «Давай мне добрага стаматолага! Нашых няма — вязі з Германіі». Патэлефанавалі нашаму паслу ў Германіі. Ён знайшоў двух буйных спецыялістаў і сказаў мне: «Ты толькі іх на паляванне звазі, яны ўсё аддадуць». Немцы прыехалі са сваімі матэрыяламі, са сваімі метадамі, з імі працаваў дырэктар Інстытута стаматалогіі, Рыбакоў, і зубы пачалі лячыць. Спачатку Брэжневу, потым — астатнім.

Усе яго праблемы з маўленнем былі таму, што Брэжнеў ужываў зашмат снатворнага — нембуталу. У гэтай хваробы ёсць назва: таксаманія. Раней усе аналагічныя прэпараты былі паршывыя і выклікалі мазжачковыя змены, да таго ж паскаралі старэнне.

Я ніколі не думаў, каго я лячу. Усе для мяне былі хворыя.
У некаторых выпадках мне гэта шкодзіла.

Мяне трываць не мог Суслаў. Але трываў. А чаго, доктар я быццам бы добры. Я яму казаў: «Дык ідзіце вы куды падалей!»

У часы Андропава забаранялі Высоцкага, а ў яго былі ўсе яго запісы. Ён іх трымаў для сябе. Ніхто ніколі не чуў у яго дома Высоцкага, але мы прыязджалі да яго ў суботы ў сакрэтную кватэру ля Тэатра сатыры, і музыка Высоцкага там была.

Апошнія васямнаццаць гадоў Андропаў пражыў дзякуючы мне. Калі патолагаанатамы яго глядзелі, то сказалі, што пры такім стане арганізму толькі я мог трымаць яго ў працоўным стане.

Міністрам аховы здароўя мяне зрабіў Гарбачоў. Да дзевяностых гадоў мы былі вельмі блізкімі сябрамі, потым разышліся ў меркаваннях. Апошні раз ён тэлефанаваў мне на сямідзесяцігоддзе, роўна 11 гадоў таму. Ён добры чалавек, і гэта ўсё, што я магу сказаць.

Калі здарыўся землятрус у Спітаку, я быў там праз тры гадзіны. Трэба было вырашаць, што рабіць з дваццаццю адной тысячай трупаў. Я прывык, я доктар, я бачыў усё. Але я памятаю, калі мы прыляцелі ў Ленінакан, каб арганізаваць там экстраныя шпіталі і трупярні… Там цямнела рана. Я іду па вуліцы і ў адным з вокнаў бачу жаночыя ногі, прыціснутыя бэлькай. Яна, мабыць, хацела выскачыць, звесіўшы ногі і тут — звалілася. Маладая. Жывая яшчэ. На дзявятым месяцы цяжарнасці.

Нам з маім амерыканскім сябрам, доктарам Берні Лаўнам (сузаснавальнікам руху «Дактары свету за перадухіленне ядзернай вайны») уручалі залаты медаль Нобелеўскай прэміі міру. Перад гэтым была прэс-канферэнцыя. Гэта быў 1985 год. Перыяд цяжкі, антысавецкі. Наш карэспандэнт па Скандынавіі на прозвішча Новікаў планаваў задаць нам пытанне прыкладна такога зместу: «Чаму дактары выступаюць супраць гонкі ўзбраенняў? Хіба гэта не справа палітыкаў?». Задаць пытанне яму ніяк не ўдавалася. Калі да канца прэс-канферэнцыі засталося дзесяць хвілін, Новікаў пайшоў да нас з мікрафонам, расштурхваючы ўсе астатнія камеры. І я бачу, што ён бляднее. Я бачу, як ён падае перад нашым сталом. У мяне — інстынкт. Я скачу праз стол, пакрыты прыгожым абрусам, і раблю яму масаж сэрца.

У 1983 годзе я адным патронам забіў двух ласёў. Ласі стаялі побач. Куля прайшла праз тулава аднаго і ўвайшла ў іншага. У гэтым годзе ў Смаленскай вобласці я гэтым жа спосабам забіў двух кабаноў.

Думаеце, на паляванне ездзяць дзеля забойства? Так, дзесяць працэнтаў людзей. Астатнія з’язджаюць ад жонкі і непрыемнасцяў.

У 1995 годзе ў «Праўдзе» выйшаў артыкул пра тое, што акадэмік Чазаў — забойца. Ён забіў Брэжнева. Забіў Андропава. Забіў Чарненку. І ўсё гэта з адной мэтай — каб да ўлады прыйшоў Гарбачоў. Я абурыўся. Я ніколі не вырашаў пытанні адзінаасобна, іх вырашаў кансіліум. Я сам жа і ўвёў такую методу. У выніку я папрасіў слова на сесіі Акадэміі медыцынскіх навук і сказаў: «У гэтай аўдыторыі сядзяць шаснаццаць дактароў-забойцаў. Я адзін адказваць не буду: калі я забойца, дык і вы ўсе — таксама».

Сэрца — гэта аснова асноваў. Нават з пашкоджаным мозгам можна жыць. Калі спыняецца сэрца, зрабіць практычна нічога нельга.

Адкуль я ведаю, таленавіты я быў ці не? Але зайздрасць да мяне — была.

Чаму я яшчэ жывы, наогул незразумела.

Каментары4

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў2

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць40

Пажар у Пухавіцкім раёне, дзе загінулі ўнучка і бабуля, быў выкліканы падпалам1

Беларус знайшоў рэдкую манету. За яе даюць ужо 18 тысяч рублёў, але таргі працягваюцца6

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў2

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць