Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»44

Пахаладаньне, на якім можна пагрэць рукі

Беларускі афіцыёз раптам стаў паблажліва паляпваць па плячы крамлёўскага кіраўніка. Камэнтуе ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Беларускаму кіраўніцтву не аднойчы дзіка шанцавала. Менавіта дзіка. У тым сэнсе, пра які расейцы кажуць: "Кому война, а кому мать родна".

То тэракты ў Нью-Ёрку прымушаюць сьвет забыцца на чарговыя тутэйшыя выбары, то Бэслан становіцца зручным кантэкстам для абвяшчэньня рэфэрэндуму, то электаральная сеча на Ўкраіне адцягвае ўвагу ад яшчэ адной "элегантнай перамогі"...

І вось цяпер Пуцін беспрэцэдэнтна жорсткай антызаходняй прамовай ў Мюнхене прымусіў дэмакратычны сьвет загаманіць пра рымэйк халоднае вайны.

Што падштурхоўвае крамлёўскага кіраўніка ў фазе "кульгавай качкі" кідаць пальчатку Вашынгтону?

Хтосьці кажа, што расейская ўлада канчаткова ап'янела ад казачнай нафтагазавай кан'юнктуры. Зноў крукам носа не дастанеш: энэргетычная, бач, імпэрыя!

Іншыя мяркуюць, што Пуціну хочацца ўвайсьці ў гісторыю адраджэнцам сусьветнага статусу дзяржавы. Глядзеце, скончылася эра постсавецкага прыніжэньня, зноў усе баяцца Масквы!

Як бы там ні было, але беларускія дзяржаўныя мэдыі, што апошнім часам толькі і "мачылі" Крэмль, раптам перайшлі на паблажлівае паляпваньне Пуціна па плячы. Малайчына, хлопец, дапяў нарэшце да таго, што наш "бацька" праклямаваў увесь час! І відэашэраг: Лукашэнка выкрывае заганы аднапалярнага сьвету з трыбуны ААН.

Рэакцыя беларускага афіцыёзу — выразны сымптом таго, што новы курс Крамля (калі гэта сапраўды выльецца ў доўгатэрміновую лінію) лье ваду на млын беларускіх кіроўных вярхоў.

Чым вастрэйшыя супярэчнасьці між Масквою ды Захадам, тым лягчэй на іх гуляць афіцыйнаму Менску. Гэта акурат адпавядае выбранай ім зараз стратэгіі лавіраваньня між цэнтрамі сілы.

Пляны Вашынгтону разгарнуць базы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі зноў падвышаюць у вачох маскоўскіх ястрабаў ролю Беларусі як фарпосту.

Расейскія сябры Лукашэнкі пэўна ж будуць скарыстоўваць беларускую карту на выбарах у Думу. Ці выпадкова завітвалі нядаўна ў Менск лідэр расейскіх камуністаў Зюганаў ды нацыянал-патрыёт Праханаў? Апошні, названы яшчэ за савецкім часам "салаўём генштабу", напісаў потым вялікі патэтычны артыкул на тэму: лепшага шчыта, чым Беларусь, для нас няма!

У гэтым кантэксьце можна калі не да "саюзнага будаўніцтва" вяртацца, дык ва ўсякім разе падаіць яшчэ расейскі ўрад. Заеліся там! Што, шкада каліва прэфэрэнцыяў для самаахвярных братоў?

Карацей, зноў можна прадаваць Маскве рытарычную, міталягізаваную гатовасць беларусаў класьціся пад танкі з Захаду.

Вядома, поўнамаштабны рымэйк халоднае вайны малаімаверны. Але факт тое, што на пахаладаньні ў стасунках між сусьветнымі цэнтрамі сілы тутэйшае кіраўніцтва можа пагрэць рукі. Дый на сэрцы цяплей: яшчэ ня вечар!

Каментары4

Цяпер чытаюць

ГрамадстваАбнаўляецца5252

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся

Усе навіны →
Усе навіны

Пасланнік Коўл перадаў Лукашэнку ліст ад Дональда і Меланіі Трамп2

Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўніком прэзідэнта ЗША прапанаваў абмеркаваць пытанне «закладнікаў»7

Лукашэнка сустрэўся з прадстаўніком Трампа Джонам Коўлам15

«Букет ад Сяргея, торт ад дзяцей і праца»: як Святлана Ціханоўская адзначае свой 43-ці дзень нараджэння2

Пад Лагойскам сёння ноччу перакуліўся аўтамабіль. Айфон кіроўцы сам адправіў паведамленне ў МНС1

Польшча закрывае мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін і чакае правакацый7

Пайшоў з жыцця захавальнік памяці Барысава Аляксандр Розэнблюм1

«Адчуй смак роднай мовы». «Камунарка» выпусціла цукеркі «Родныя словы»6

Беларусь адчувае адказ на затрыманне польскага манаха — намеснік кіраўніка МЗС Польшчы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся52

ГрамадстваАбнаўляецца52

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць