Спорт77

Алім Селімаў: «Жанчыну трэба пастаянна трымаць на аброці»

Гутарка з найлепшым спартоўцам Беларусі 2011 года, двухразовым чэмпіёнам свету па грэка-рымскай барацьбе Алімам Селімавым.

З дасье

Алім Селімаў. Нарадзіўся 25 студзеня 1983 у Сулейман-Стальскім раёне Дагестана, па нацыянальнасці — лезгін. У 1999 годзе прыехаў у Мазыр і сустрэўся з трэнерам па грэка-рымскай барацьбе Малікам Эскендаравым, таксама выхадцам з Дагестана, у якога і падвышаў сваё майстэрства.

У 2005 годзе Алім Селімаў у складзе зборнай Беларусі заваяваў свой першы тытул чэмпіёна свету па грэка-рымскай барацьбе, у фінальнай схватцы перамогшы алімпійскага чэмпіёна Аляксея Мішына. Летась у Стамбуле паўтарыў поспех, стаўшы двухразовым чэмпіёнам свету.

З’яўляецца першым дагестанцам, які ўзяў тытул чэмпіёна свету ў гэтым відзе спорту. Мае тытулы бронзавага прызёра чэмпіянату свету сярод вайскоўцаў, двухразовага чэмпіёна Дагестана, чэмпіёна Беларусі (2002), чэмпіёна Польшчы (2003).

— Алім, як яно — цяжар славы? Чэмпіён свету, найлепшы спартовец года…

— Цяжар славы? Не душыць. Жыву, як і раней, працую гэтак жа… Вядома, заўсёды прыемна адчуваць, што ты — першы, але трэба разумець, што пасля гэтага і попыт будзе адмысловы. Сёння цябе журналісты назвалі найлепшым, але заўтра яны ж будуць уважліва сачыць за тваімі выступамі. Адным словам, расслабляцца няма калі.

— Перад Новым годам шмат было інтэрв’ю, здымак у розных праграмах?

— Тэлебачанне маёй персонай мала цікавілася, а вось тэлефанавалі многія.

— Такая ўвага стамляе?

— Мяне не стамляе. Ты дасягнуў мэты, дык чаму б не апынуцца ў цэнтры ўвагі? Гэта плата за працу, што не можа не радаваць.

— Мінулы год — самы ўдалы год у тваёй кар’еры?

— Скажам так, адзін з самых удалых, таму што ў 2005 годзе я таксама стаў чэмпіёнам свету. Гэтыя гады наогул вельмі падобныя адзін да аднаго — правальны пачатак, не вельмі добрая сярэдзіна і трыумф у канцы. Апошняе ў выніку ўсё і пераважыла.

— Расказвалі, што ў свой час табе прапанавалі пераехаць з Беларусі ў Азербайджан, каб выступаць за яго зборную. Абяцалі каля паўмільёна даляраў…

— Быў такі момант у 2007 годзе. Ведаеш, сёння я не шкадую, што тады адмовіўся. Гэта шчыра. У зборнай Беларусі я зноў стаў чэмпіёнам свету, а хто цяпер скажа, як пайшлі б справы ў мяне ў Азербайджане? Што ні робіцца — да лепшага.

— Чуў, што ты наогул хацеў сысці са спорту…

— Пасля траўмы ў 2009-м я не выступаў амаль два з паловай гады. Затым прайграў на чэмпіянаце краіны, была нейкая спустошанасць… Хацелася ўсё кінуць, адысці ад спорту. Ды і, напэўна, у той момант многія мяне ўжо наогул спісалі. Але гэта таксама цяжка — у адзін момант адмовіцца ад таго, чым увесь час жыў. Дзякуй, што знайшліся людзі, якія дапамаглі мне ў побыце, супакоілі, падтрымалі ў матэрыяльным плане, угаварылі працягваць. Ды і мы з жонкай Насцяй у сямейным коле абмеркавалі праблему. Было вырашана: застаюся!

— Чым бы займаўся, калі б сышоў са спорту?

— На той момант пра гэта нават не думаў, хоць прапановаў хапала. Сябры з Расіі казалі: «Давай да нас, у бізнэс, будзеш зарабляць не менш, чым у спорце». Праца знайшлася б. Але ў першую чаргу хацелася даказаць самому сабе і іншым «добразычліўцам», што ты яшчэ на нешта здольны. І даказаў. Калі робішся чэмпіёнам свету двойчы — гэта ўжо не выпадковасць.

— Алім, а дзе ў цябе больш сяброў — у Беларусі або ў Дагестане?

— Напэўна, усё-ткі ў Дагестане. Разумееш, там паняцце сяброўства — крыху іншае, чым тут. Хоць не магу сказаць, што ў Беларусі я жыву пустэльнікам. Ёсць вельмі добрыя таварышы, блізкія знаёмыя… А сапраўдных сяброў у любога чалавека, напэўна, наогул бывае няшмат.

— Прытрымліваешся ў Беларусі сваіх нацыянальных традыцый?

— Імкнуся, хоць часам і не атрымліваецца. Тут жа свае норавы, свае звычаі… Даводзіцца падладжвацца. Але рэгулярна раблю намаз, не ўжываю спіртное.

— Некаторыя спартоўцы любяць шумна адзначыць поспех у карчме, нават траўкі паспрабаваць…

— У кожнага свая галава на плячах. І кожны сам вырашае, чаго ён хоча дамагчыся ў гэтым жыцці. Калі не думаць пра наступствы, то можна шмат усяго нарабіць. Але спіртное і наркотыкі — не для спартоўцаў. Можна выпіць келіх віна, але ўсё павінна быць у меру.

— Любіш дагестанскую нацыянальную кухню? Магчыма, кулінарыш сам?

— Шчыра кажучы, ужо даўно не гатую. Пасля жаніцьбы на кухні гаспадарыць жонка, а ў мяне натхненне нешта прыгатаваць рэдка прыходзіць. Але люблю хінкал, пірагі з сушаным мясам і бульбай, долму… Насця, калі папрашу, усё гэта робіць.

— А беларускі шашлык адрозніваецца ад свайго дагестанскага «сабрата»?

— Тут нават параўноўваць нельга. Сапраўдны шашлык робіцца толькі з бараніны, ды і прыправы, спосаб падрыхтоўкі зусім іншыя. Хоць кожнаму сваё. Камусьці падабаецца, напэўна, і шашлык са свініны.

— Вы з сям’ёй жывяце ў Гомелі?

— Так, з Насцяй мы пажаніліся ў 2008 годзе, дачцэ Эльнары ўжо тры гады. Сям’ю імкнуся прывучаць да мусульманскіх звычаяў, прытрымліваюся іх. Хачу, вядома, каб і Эльнара стала мусульманкай.

— Мусульманскія жанчыны больш устойлівыя ў маральных правілах?

— А так і неабходна. Калі жанчыне даеш шмат волі, гэта можа збіць яе з правільнага шляху. Жанчыну трэба пастаянна трымаць на аброці. Я не кажу пра тое, каб рабіць з яе рабыню, але ў сям’і кожны павінен ведаць сваё месца.

— І, наколькі мне вядома, многія мусульманскія мужчыны ніколі не стануць мыць падлогу ці выносіць смецце. Гэта доля жонак?

— У нас прынята, што там, дзе ты жывеш, заўсёды павінны быць чысціня і парадак. Але я ў сябе дома, напрыклад, таксама не мыю падлогі або посуд, хоць дапамагаю жонцы, калі трэба. Гэта жаночая частка працы. Яна — гаспадыня хаты, павінна ўладкоўваць побыт. А мужчына абавязаны прыносіць у хату грошы і ежу. Адзначу — абавязаны! І жонку не павінна цікавіць, як ён будзе зарабляць. Ажаніўся — значыць, узяў на сябе адказнасць.

— А перад вяселлем ты краў будучую жонку па нацыянальных традыцыях?

— Не, мне яе так аддалі. У Дагестане нявест крадуць, калі бацькі не згодныя на вяселле.

— Што для цябе сёння важнейшае — сям’я або спорт?

— Скажам так, апошнім часам больш часу аддаваў спорту. Трэніроўкі, спаборніцтвы, сям’ю бачыў мала… Зразумела, што хочаш ты гэтага ці не, але родныя самі па сабе сыходзяць на другі план. Мне не хапае зносін з імі, але так ужо атрымліваецца.

— Напэўна, адна справа, калі жонка корміць хатнімі абедамі, і зусім іншае — кухня на зборах? Добра паесці для барцоў — гэта актуальна?

— Так, у нас павінна быць збалансаванае харчаванне, але, на жаль, на базе ў «Стайках» з гэтым праблемы. Ежа пакідае жадаць лепшага. Ды і вараць на 100–200 чалавек — канкрэтна пад кагосьці не падладжваюцца. Як кажуць, сёрбаем капусту з агульнага катла. Праўда, старшыня Федэрацыі барацьбы Юрый Чыж дапамог, і вячэра ўжо адрозніваецца. Рыхтуецца па-хатняму, смачна… Абяцалі і абеды палепшыць, будзем чакаць.

— У вольны час чым займаешся?

— З сям’ёй. Часам сустракаюся з сябрамі, каб пагуляць у більярд.

— Эльнара ўжо ацаніла татавы перамогі?

— Яшчэ як! Калі прыходзяць госці, яна паказвае ім маю фатаграфію на пастаменце і кажа: «Тата — малайчына! Ён — чэмпіён свету!»

Каментары7

Цяпер чытаюць

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Усе навіны →
Усе навіны

Расія пачала выкарыстоўваць ва Украіне шахеды, падключаныя да Starlink. Што вядома і чаму гэта небяспечна1

« 3‑4 лактацыі прыплоду, малака па 7000 літраў, памножыць на 3». Генерал Караеў патлумачыў сялянам, як вырошчваць цялят6

«Як толькі чуюць пра Расію — дык усё… У чым праблема?» У Мінску не хочуць здаваць кватэру чалавеку з расійскім пашпартам25

Вікторыю Кульшу вызвалялі з гіпсам на шыі: «Пералом пазванкоў — гэта вынік фізічнага гвалту ў калоніі»2

«Часы змяніліся». У Германіі заклікаюць да стварэння еўрапейскай атамнай бомбы9

У Кітаі пакаралі смерцю 11 членаў сіндыката Мін. Яны кіравалі скам-цэнтрамі і казіно ў М'янме

Што рабіць у выпадку пераахаладжэння? Парады ад ратавальнікаў

«Цяпер дастаткова часу». Івулін паклаў Мелказёраву ў труну «Каласы пад сярпом тваім», што Мікіта не паспеў дачытаць6

Мэр Мінска хацеў сабе пасаду ва ўрадзе, але Лукашэнка не пусціў8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць