Літаратура11

Жыхарка сёмага Неба

Пра новую кнігу паэзіі Марыі Вайцяшонак піша Вольга Бабкова.

Няма большай
асалоды,
як вярнуўшыся
з космасу
ці агарода,
на хвіліну
прысеўшы,
заснуць
у самой сябе
на плячы.

Крэўная геаграфія Марыі Вайцяшонак сягае за далягляды, а ейны радавод можна адшукаць пад вокладкай усіх напісаных ёю кніжак. У апошняй кніжцы паэзіі «Сонцаварот» разам з роднымі, сябрамі і птушкамі ў Марыінай хаце пасяліліся й Богі. А яшчэ перад тым гасцявала Сонца.

Усё лета,
пакуль мяне
не было,
у маіх пакоях
сонца
балявала:
пасыпаныя карыцай рэчы,
пакінутыя

іерогліфы свечак
пакручастых;
спрабую перакласці
твой палкі
погляд
на сваю цнатлівую
мову.

Сонца стала пасялілася на старонках паэзіі Марыі Вайцяшонак: «сонца шаўковы клубок», «старое вогнішча сонца», «сонца, упрыгожанае вянком сухіх траваў», урэшце, вобраз собскай бясконцасці, што коціцца гарачым сонцам.
А таксама тое хатняе сонца, што праменіць з зацішнага кутка вясковага Марыінага дому Ван-Гогаўскімі «Сланечнікамі» і залацістымі наліснікамі на драўляным стале.

Адчуваньне хады жыцця калаўротам («Свет ходзя калаўротам» — казалі нашыя продкі), прыслухоўванне да рыпу, з якім сонца высока-высока паварочвае на сваёй далёкай дарозе ў зваротны шлях, ці то на зіму, ці то на лета «.быццам я на кані ў тарантасе, перасесці забыўшыся ў сані." дорыць дзіўнае адчуванне навакольнага свету, як свайго агромністага Дома, што стаіць ля буйной нябеснай шашы. «-І тады хочацца абняць увесь гэты свет, бо ён адгукаецца, калі ты гатовы яго прыняць…»

У гэты Свет-Дом завітваюць з поля, з лесу, з вёскі, з гораду, з неба, з-за мора істоты самай рознай configuracio: грымоты, пяруны, маланкі — найбліжэйшыя сведкі сонцавароту; мядзведзь са жменяй сініх ягад; гусі, ценям па даху, лапкай на снезе; краты з падарункам пад флоксы; поўня, усходні мак, салодкі сон, вея-завея, прахалода Іслачы, «сунічныя» камяні, суседскае дзіця. . Вялес, Цёця, Лада, Кара, Дзявоя, …даўно памерлы сабака.

І кожнага трэба запрыкмеціць, прывеціць, запомніць-занатаваць, бо кожны мае свой нораў. Пярун, бы грозны муж, — трэба крупнік зварыць, каб залагодзіць ці найлепш скарыстацца парадай пушчанскіх людзей — кінуць гостры нож на падворак з ганку падчас навальніцы, ратуючыся ад ліха. «-Бо пасля ночы з Перуном, калі трасецца ўвесь дом і сам трасешся, застаешся як бы без імя. Яно вытрасаецца з цябе…»

…і дзежка
шчасця
з лыжкай
страху…

Асцярожна трэба паводзіцца і з Багіняй вайны Карай. Прыбраць са стала вострыя рэчы, дастаць са свірана латы, «накладаць шывок за шыўком на сварку» ва ўласным доме, каб потым ізноў сябраваць «да белай гарачкі».

* * *

Не кажыце
мне з раніцы
нічога благога
не дакладайце
ніякіх благіх
звестак —
у мяне на ўсходзе
сонца
яшчэ цемечка
не заросшы

І пра тое самае з размовы:

«- Я знаходжуся ў шчаслівай залежнасці ад дажджу. Накрычала на ўсіх, хто тэлефанаваў з нейкімі побытавымі тэмамі. Яны заміналі мне быць шчаслівай!»

Свет-Дом Марыі Вайцяшонак атачае Сад, — «мой саборны ябланевы свет». Сад ля Марыінага дому на Іслачы ўжо ўвайшоў у літаратурныя аналы. Ягоная прысутнасць у гэтым свеце робіць свет прыгажэйшым і больш прытульным. Руплівая збіральніца словаў («О, слова ловы!»), гэтак жа аддана росціць ды пільнуе сад, папаўняючы шэрагі пісменнікаў-садоўнікаў. Сад гадавалі Антон Чэхаў, Чэслаў Мілаш. Гадуе сад ў вёсцы Іслач і Марыя Вайцяшонак.

Вялікі досвед жыцця дазволіў Мілашу сфармуляваць наступнае: «Кожны знаходзіцца менавіта ў такім таварыстве і сярод такіх краявідаў у адпаведнасьці са сваёй воляй».
Лёсам. Лётам. Лесам.

Кожная праява тут, у садзе, — старонка біяграфіі. Кожная старонка — паэтычны аркуш. Ейныя вершы варта было б развешваць у садзе на галінках дрэваў, каб вецер выдзьмухваў словы з паперы і разносіў па наваколлі.

«Словы блішчаць», — кажа Марыя пасьля паўзы. «Словы лятуць» — думаю я. Мы размаўляем як у палёце, смакуючы словы і паветра.

…З найніцы
на лепшыцу,
а з лепшыцы
на найніцу…

…вучыць Марыя знакам даўняй мудрасці. А таксама ўмельству вышывання гладдзю па шоўку хрызантэмаў часоў імператарскага Кітаю. «Перасадзіць кветку на падол ды ўпусціць». Застаецца ў памяці шаўковы шолах на каленьках ды наколаты без напарстка палец на тонкай руцэ.

Шмат чаму навучае Марыя.

Лепшыя сукні
выцягнуўшы з шафы, апранаю ўсіх
у свае ўборы,
выпраўляю
на вуліцу,
сама іду
ззаду
ў нечым даўнейшым —
я найстарэйшая
гейша;
без напарстка
накалола пальцы,
твар мой
то сіверам,
то закальцам
пацягнуты
ў залежнасці
ад пораў года,
пільнавацца
пагоды
не выпадае,
і не пільнуйся,
ідзі па зямлі,
як па небе,
разуйся!
Жыві,
любуйся
сабой
сённяшняй,
тутэйшай —
я найстарэйшая
гейша.

«-Шыкоўна, калі нічога ад чалавека не чакаеш, усё чыста — бескарысліва. Бяспечнейшая адлегласць…»

Жывучы палову круглага году (Кола!) у вёсцы, перабіраючы заміж рунаў юлёвыя ягады ядлоўца, Марыя варожыць на жыццё. Бо як жа інакш?

Трава-сенажатка
вёску абступіла,
паверху пайшла,
бы на бязродных
кладах;
ніхто не ратуецца,
стаю на ўзмежку
здзічэлай
ажынай,
і мне не даруецца,
што рукі
не падлажыла.

Марыя Вайцяшонак перакладае на мову паэзіі ўвесь навакольны свет. А таксама нутраны свет чалавека. Тлумачка і перакладальніца. Маўчальніца і сузіральніца. А ў выніку — аўтарка вытанчанай і арыстакратычнай літаратуры.

«- Як агонь здабыла, калі штосьці напісала, а інакш цёмна — морак».

Стаіць дом, расце сад, цячэ рэчка, плывуць аблокі, жывуць людзі…

Абсягі Марыінай уласнасці сапраўды сягаюць за бачаны краягляд. Не дастаць вокам…

Каментары1

«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў4

«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння Дзень беларускай вайсковай славы. Яе традыцыі працягваюць добраахвотнікі-каліноўцы14

Якія аўто з Еўропы часцей за ўсё прыганяюць беларусы ў 2025 годзе. Расказваюць эксперты6

Сіманьян расказала, якую аперацыю ёй правядуць13

Прапагандыстка СТБ пайшла на журфак БДУ выкладаць «прафесійнае майстэрства»10

«На абеды і вячэры не траціла больш за 5 BYN». Беларуска — пра свае выдаткі на падарожжа ў Жыровіцкі манастыр1

Ці можна прывезці з-за мяжы вазон з раслінай? Адказалі мытнікі1

Мінчук вылавіў у цэнтры сталіцы 10-кілаграмовага шчупака2

Крэмніевая даліна знаходзіць Бога: як тэхнагіганты звяртаюцца да рэлігіі і правых поглядаў18

Ад млоснасці падчас паездкі выратуе правільны плэй-ліст1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў4

«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць