Зьміцер Касьпяровіч: Трэба пераходзіць да актыўных дзеяньняў
Старшыня Таварыства аховы помнікаў Зьміцер Касьпяровіч камэнтуе рашэньне Міністэрства культуры датычна праекту прыстасаваньня кляштару бэрнардзінаў пад гатэльны комплекс
Старшыня Таварыства аховы помнікаў Зьміцер Касьпяровіч камэнтуе рашэньне Міністэрства культуры датычна праекту прыстасаваньня кляштару бэрнардзінаў пад гатэльны комплекс:
«У Міністэрстве нядоўга трымалі паўзу — у суботу не пасьпелі адхрысьціцца ад праекту, а ў сераду ўжо разгледзелі яго і адобрылі. А сёньня на дзяржаўным тэлебачаньні паказалі заспакойваючы сюжэт, як, маўляў, усё цудоўна прыдумана — і гатэль збудуем, і царкву захаваем». З. Касьпяровіч мяркуе, што гэта нездарма — улады не зьбіраюцца спыняцца на задуманым. Цяпер варта працягваць распачатую акцыю выратаваньня кляштару, для чаго трэба выканаць усе юрыдычныя працэдуры. Будзем пісаць у міністэрства, пракуратуру, кажа сп. Касьпяровіч. Але калі пабачым, што працы распачаліся, пачнем дзейнічаць актыўна, дадае ён. Напэўна гэта будуць акцыі пратэсту. Калі б у абарону касьцёлу ня толькі падпісаліся тысячы людзей, але й выйшлі яго бараніць, то з вернікамі мусілі б лічыцца. Касьцёльным уладам таксама час далучацца. Для іх было б добрым штуршком, калі б у Менск пачалі прыязджаць каталікі з усёй Беларусі.
Каментары