Архіў

Сяргей Харэўскi. Першыя сьцягi

№ 33 (94) 17 лістапада 1997 г.

Юбiлеi

Першыя сьцягi

Менскай мастацкай вучэльнi iмя Глебава 50 гадоў

 

Пасьля таго, як у 1982 годзе вучэльня пераехала ў стары, яшчэ даваенны будынак былога фiнансава-эканамiчнага тэхнiкуму, тут стварылася асаблiвае асяродзьдзе. У аточаным цёмным паркам доме з пампэзным портыкам, паводле нейкага зьбегу зораў, увесь час жыў беларускi дух. Хоць, вядома, камунiсты заўсёды трымалi руку на пульсе адукацыi.

Але многiя «правакацыi» праходзiлi. У сярэдзiне 80-х нацыянальная сьведамасьць сярод навучэнцаў пачала буяць нечаканым кветам. То тут, то там на плякацiках-эскiзiках пазьяўлялiся Пагонi, бел-чырвона-белыя спалучэньнi, шасьцiканцовыя крыжы i нават подпiсы беларускаю лацiнкай. Настаўнiкi часьцей за ўсё глядзелi на гэта скрозь пальцы. спадарыня Лордкiпанiдзе, якая правяла маладосьць у сталiнскiх турмах, актыўна баранiла права вучняў пiсаць на сваёй мове. Пасьля зьявiлiся насьценгазэты па-беларуску, з усiмi нацыянальнымi «наваротамi» i першыя ў Менску беларускамоўныя дыскатэкi...

Але пасьля ўдзелу навучэнцаў у акцыi супраць зьнiшчэньня будынку першай беларускай опэры, «органы» ўзялiся за мастацкую вучэльню ўсур’ёз. Апроч таго, што некалькiх вучняў зьбiлi мiлiцыянты й пратрымалi ў пастарунку ўсю ноч, у газэтах разгарнулася кампанiя супраць «нацыяналiзму». Кампанiю ачольваў малады старшыня гаркаму партыi Краўчанка. На агульным сходзе ў вучэльнi пасьля цытатаў 30-50-х гадоў пра дробнабуржуазнасьць Дунiна-Марцiнкевiча i Багушэвiча старшыня камсамольскае арганiзацыi па прозьвiшчу Марцiнкевiч распавёў зьнямелым вучням i настаўнiкам, што ў вучэльнi дзеiць некалькi(!) антысавецкiх груповак. Тады гучнай справы ня выйшла. Дырэктар вучэльнi Краўчук, па мянушцы Орех (за тое, што старанна «окал»), як нi спрабаваў давесьцi ў КГБ, што й сапраўды ён выявiў нацыяналiстычную сетку, нiчога не дамогся. Зь яго спрыту сьмяялiся нават гэбiсты. Ну, а камсамолец Марцiнкевiч, злоўлены спачатку за расьпiцьцём у пад’езьдзе гарэлкi, а пасьля i за «фарцою», скончыў сваю палiтычную кар’еру.

Пакрысе ўсё увайшло ў норму. Аднавiлiся нават рэпэтыцыi рок-гурта «Мроя», якi прынес славу вучэльнi. Праўда, не такую, як хацелася б кiраўнiцтву. Змаганьне дырэкцыi зь беларушчынай не супынялася. Дырэктар выклiкаў па адным вучняў, якiя паслугоўвалiся моваю, i казаў: «Я тоже белорус, но говорю по-русски. И ты, будь добр, в училище говори по-русски». Вынiкi такога выхаваньня неўзабаве далi свой плён...

У кастрычнiку, на сьвята брэжнеўскае Канстытуцыi, на вучэльнi былi вывешаныя бел-чырвона-белыя сьцягi... Савецкiя флагi былi сарваныя, адзiн паклалi замест анучы перад дзьвярыма, а другi знайшлi ў сьметнiцы. Цiкава, што хлопцы, якiя зрабiлi гэты ўчынак, Алесь Макееў i Мiхась Мiрошнiкаў не былi беларусамi па крывi. Таму iх нават не падазравалi. Затое паўгады ў вучэльнi йшлi гэбiсцкiя допыты, праводзiлiся экспэртызы. Дазнаньне КГБ выявiла, што й сапраўды, дзясяткi вучняў ужо даўно праводзiлi незалежнiцкую прапаганду, актыўнiчалi ў розных беларускiх суполках. У ЦК КПБ i ў «органаў» галава пайшла кругам. А нашыя сьцягi ўсё ж луналi цэлых тры днi... Праз пару гадоў дырэктара вучэльнi «скарацiлi».

За гады йснаваньня вучэльнi зь яе сьценаў выйшла звыш трох тысячаў выпускнiкоў. Большасьць зь iх не засталася мастакамi. Хто пiша кнiгi ў Менску, хто працуе круп’е ў Нью-Ёрку, хто гандлюе машынамi ў Ляйпцыгу, а хто й па-просту настаўнiчае ў вёсцы. У лiтаратуру сышлi Глёбус, Сьцепаненка, Сiўчыкаў, у музыку — Вольскi, Анемпадыстаў. Што да мастакоў, то i iх нямала: Савiцкi, Шчамялёў, Шаранговiч, Паплаўскi, Сумараў, а таксама браты Кашкурэвiчы, Пятроў-Хруцкi, Клiнаў. Мiхась Мiрошнiкаў, якi вывесiў сьцягi, працуе рэстаўратарам мэталу ў музэi народнага дойлiдзтва ў Строчыцах, а ягоны паплечнiк Алесь Макееў даўно эмiграваў з бацькамi ў Канаду. Цiкава, як складзецца лёс тых хлопцаў, якiя вывесяць на мастцкай вучэльнi нашыя сьцягi заўтра?

Сяргей Харэўскi

Каментары

Цяпер чытаюць

«Вітольд казаў: «Ну што вы, што вы…» А мянты пасля крычалі пра мора крыві». Палітвязень з суседняй камеры расказаў пра смерць Ашурка5

«Вітольд казаў: «Ну што вы, што вы…» А мянты пасля крычалі пра мора крыві». Палітвязень з суседняй камеры расказаў пра смерць Ашурка

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр Фелікс Гумен

«У нас фундаментальнае разыходжанне». Стала вядома, пра што датчане і грэнландцы гаварылі з амерыканцамі ў Белым доме1

Беларусь — адна з самых халодных краін у свеце5

Памёр удзельнік знакамітага рэп-гурта «Нестандартны варыянт»2

Беларусь ёсць сярод краін, грамадзянам якіх амерыканцы не будуць выдаваць іміграцыйныя візы19

Белкаапсаюз дэманструе свой патрыятызм праз «Дранік цэнтральнага рэгіёна»4

З украінскіх ухілянтаў ад войска ў Беларусі выцягваюць разведвальную інфармацыю7

Махлярка надурыла 29 чалавек, два гады працуючы пад шыльдай турагенцтва

Былы расійскі легіянер «Іслачы» загінуў, выпаўшы з акна

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вітольд казаў: «Ну што вы, што вы…» А мянты пасля крычалі пра мора крыві». Палітвязень з суседняй камеры расказаў пра смерць Ашурка5

«Вітольд казаў: «Ну што вы, што вы…» А мянты пасля крычалі пра мора крыві». Палітвязень з суседняй камеры расказаў пра смерць Ашурка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць