Архіў

Сяргей Дубавец. АДЛЮСТРАВАНЬНЕ АБЛОКАЎ

№ 10 (107) 1 чэрвеня 1998 г.

Адлюстраваньне аблокаў

 

Адноўленая напрыканцы траўня 1991 году «Наша Нiва» пачынае сёньня восьмы год свайго iснаваньня.

За гэты час не аднойчы зьмяняўся сьвет вакол газэты, зьмянялася i сама «НН». Але пачатковыя прынцыпы засталiся непарушнымi — мы iмкнулiся адпавядаць Беларусi. Не паветрыям, што праносяцца па-над ёю, ня ўладам i iхным апанэнтам, i нават не чытачам. Часам нам гэта ўдавалася. Тады ў старонках газэты адбiваўся нясьпешны рух аблокаў, што плывуць па небе нашае Бацькаўшчыны.

У закалотах людзкое нянавiсьцi мы атрымалi найменьне апазыцыйнай газэты. Нас спрабавалi любiць або ненавiдзець у катэгорыях антыўрадавасьцi або прыхiльнасьцi да фронту. Урэшце нас папракалi малым тыражом, слабым уплывам на электарат. «Гэта наша Беларусь яшчэ ня можа ўплываць болей, — казалi мы сабе. — Але мы ня будзем патрафляць электарату, бо гэта значыць — забiваць у сабе Беларусь. Выданьнi, якiя пайшлi гэтым шляхам, даўно страцiлi мэту i смак жыцьця».

Вялiкiя тыражы сёньня дасяжныя толькi наўзамен прынцыпаў i iдэалаў. I справа нават ня ў тым, што ты пiшаш пра групу «на-на», кпiш з калхозьнiка-ППРБ або друкуеш рашучыя воклiчы лiдэра апазыцыi, якiя нiколi не спалучаюцца з адпаведна рашучымi дзеяньнямi. Справа ў розумах змагароў за тыраж, якiя ня мысьляць сябе ў прасьцягу нацыянальнае традыцыi, ня ведаюць сапраўднае вартасьцi слова, бо нiколi не пачыналi з тыражоў «пад капiрку». Мы ж памятаем, што якая-небудзь падпольная публiкатка 70-х гадоў накладам у 2 асобнiкi праз 20 гадоў апасродкавана прывяла да гiстарычнага перавароту ў Беларусi, тады як мiльённыя газэтныя фаварыты таго (i нашага) часу ў тым часе i засталiся, нiяк не паўплываўшы на сытуацыю.

Няпросты шлях масавае аўдыторыi да беларушчыны. На сёньня прыйшлi толькi тысячы, а ня сотнi тысячаў, якiя пакуль прыйшлi ў нiкуды. Вось на тых, «нiкудышных», i робяцца сёньня тыражы. Але для гэтага выдаўцам даводзiцца падладжвацца пад нiкудышнасьць. Цi далучаюць свайго чытача да Беларусi сучасныя апазыцыйныя газэты? Па-мойму, наадварот, яны толькi самi аддаляюцца ад яе.

Лукашэнкава РБ i абумоўленая ёю апазыцыйная анты-РБ, электарат i анты-электарат, — гэтыя каардынаты ўсё менш тычацца Беларусi як iдэалу i прынцыпу, як паветра, якiм можна дыхаць i за якое можна скласьцi галаву. Яны, процiлеглыя, усё больш зьлiваюцца ў сваёй саўковай скрайнасьцi, дзе няма месца анi высокай культуры, анi прафэсiйнай навуцы або палiтыцы. Урэшце ўсё ператвараецца ў пагоню за тыражом саўка — за- або супрацьлукашэнскага — бяз розьнiцы.

Зразумела, нас усьцешвае, што за апошнi год падпiска на «НН» павялiчылася ўдвая, бо мы разумеем вартасьць свае аўдыторыi, якая гуртуецца фармальна вакол «НН», а сутнасна — у Беларусi. Але наша задача — працягваць сваю справу нават тады, калi б з намi не засталося нiводнага чытача. Бо нават калi б у Беларусi не засталося нiводнага абаронцы, мусiць захоўвацца тое месца, куды заўтра змаглi б прыйсьцi мiльёны.

Беларусь сёньня зноў, як i за саветамi, — па-за палiтыкай. Пройдзе яшчэ трохi часу, i яна апынецца па-за навукай i па-за культурай — убогiмi падабенствамi савецкiх узораў. Чыстая, яна будзе жыць, як жыла за саўдэпам — мiма ладу i мiма соцыюму, мiма тыражоў i абэцэдаршчыны. Нашая мэта — застацца зь ёю, быць люстэркам жаданьняў, адлюстроўваць нясьпешны бег аблокаў па ейным небе.

Сяргей Дубавец

Каментары

Цяпер чытаюць

Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА4

Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Шмат сонца, еўрапейская архітэктура. Айцішніца расказала, чаму нізкія падаткі не ўтрымалі яе ў Сербіі3

Віленская «Дапамога» тэрмінова збірае вопратку, пасцелю, хатнія рэчы для вызваленых1

Нідэрланды, як і Ірландыя, Славенія і Іспанія, прыгразілі байкатаваць «Еўрабачанне-2026», калі ў ім будзе ўдзельнічаць Ізраіль3

Вызвалены філосаф Уладзімір Мацкевіч: Я пакуль не гатовы расказваць пра тое, што было на мяжы1

Беларусы сабралі ўжо 100 тысяч еўра на патрэбы выпушчаных на волю палітвязняў9

Гамельчука вызвалілі ад адказнасці за ўдзел у пратэстах праз тое, што ўжо прайшло пяць гадоў. Гэта такі першы вядомы выпадак5

Трамп і Пуцін могуць сустрэцца на саміце ў Малайзіі3

Затрыманы журналіст Кірыл Пазняк8

Ці сапраўды цыклічны сон дапамагае выспацца?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА4

Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць