Архіў

Аляксандар Емец: Беларусы маюць права на супраціў (Інтэрвію карэспандэнту "НН")

№ 03 (124) 1999 г.


 Аляксандар Емец:

Беларусы маюць права на супраціў

Сярод некалькіх дзясяткаў замежных гасьцей у Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі бралі ўдзел пяцёра прадстаўнікоў суседняй Украіны, у тым ліку й парлямэнтары Вярхоўнай Рады. Выказаўшы падтрымку беларускай дэмакратыі, украінцы, відавочна, баранілі й гонар сваёй дзяржавы. Як вядома, Кангрэс дэмсілаў амаль што цалкам супаў па часе з трохдзённым афіцыйным візытам у Менск дэлегацыі Вярхоўнай Рады на чале зь яе старшынём А.Ткачэнкам. Пад час Кангрэсу нам даў інтэрвію віцэ-старшыня фракцыі Народна-дэмакратычнай партыі (НДП) у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Аляксандар Емец.

НДП — адна з найбольш уплывовых палітычных партыяў Украіны. Фактычна, партыя ўлады. У НДП уваходзіць шэраг высокастаўленых асобаў, у тым ліку прэм’ер-міністар Валеры Пуставойтэнка, да яе блізкі й прэзыдэнт Кучма. На леташніх парлямэнцкіх выбарах НДП апынулася на 4-м месцы па колькасьці галасоў пасьля кампартыі, Народнага Руху і блёку сацыялістаў і сялянаў (да якога належыць Ткачэнка).

— Пане Емец, як бы вы пракамэнтавалі прыезд і выступ у Нацыянальным Сходзе старшыні Вярхоўнай Рады Аляксандра Ткачэнкі? Наколькі вялікая частка ўкраінскага парлямэнту падтрымлівае погляды свайго сьпікера ў дачыненьні да Беларусі й гатовая прызнаваць нелегітымны нацыянальны сход?

— Вы ведаеце, усё гэта досыць супярэчліва. У Ткачэнкі гэткія ж супярэчлівыя погляды, як і ў вашага прэзыдэнта. Нават цяжка ацаніць гэтыя погляды ідэалягічна. Будучы чалавекам, які шмат займаўся бізнэсам, ён разам з тым можа падтрымліваць камуністычныя альбо блізкія да камуністычных ідэі. Таму цяжка зразумець яго пазыцыю. Як бачна зь ягоных паводзінаў як сьпікера, ён у згодзе то з камуністамі, то з намі... Што датычыць інтэграцыйных заяваў Ткачэнкі, то тут зь ім салідарныя толькі камуністы, а ўжо нават прадстаўнікі сацыялістычнай і прагрэсіўнай сацыялістычнай партыяў ставяцца больш асьцярожна. З правага ж боку, натуральна, падтрымкі ён ня мае.

— Уявім сабе, што спадар Ткачэнка ініцыюе, скажам, вылучэньне кандыдатаў у расейска-беларускі сход ад Украіны. Ці яго нехта падтрымае?

— Не, натуральна! У нас, дзякуй Богу, дастаткова незалежніцкіх сілаў — мы пакуль што не дапускаем нават уступленьня Ўкраіны ў парлямэнцкую асамблею СНГ. Тое, пра што вы сказалі, будзе патрабаваць зьменаў у Канстытуцыі. Але мы наўмысна заклалі такую працэдуру ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю, што яны проста немагчымыя. Гэта першае. Другое: каб правесьці зьмены ў разьдзелы Канстытуцыі, якія вызначаюць асноўныя прынцыпы існаваньня незалежнай дзяржавы, трэба атрымаць падтрымку Вярхоўнай Рады, прэзыдэнта, рэфэрэндуму і г. д. А гэта нерэальна. Кожны ж, хто паспрабуе зрабіць гэта іншым чынам, будзе проста злачынцам.

— Прамаўляючы на Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі, вы сказалі пару словаў аб прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, адзначыўшы, што яны будуць вельмі складанымі. Колькі ўкраінскіх палітыкаў на сёньня ўжо выказалі намер балятавацца на прэзыдэнцкі пост?

— Ужо дакладна заявілі, што зьбіраюцца балятавацца, экс-прэм’ер Яўген Марчук, экс-сьпікер парлямэнту Аляксандар Мароз. Яшчэ не зусім цьвёрда, але зрабіў папярэднюю заяву аб сваім удзеле ў будучых выбарах цяперашні прэзыдэнт Леанід Кучма. Кампартыя заявіла, што будзе падтрымліваць на выбарах Пятра Сыманэнку. Але ў мяне такое ўражаньне, што, разумеючы мізэрнасьць сваіх шанцаў, Сыманэнка пастараецца не балятавацца. Менавіта з гэтай прычыны камуністы ўвесь час вымагаюць ліквідацыі пасады прэзыдэнта. Натальля Вітрэнка ад Прагрэсіўнай сацыялістычнай партыі таксама ўжо фактычна заявіла, што будзе балятавацца. Днямі адбыўся зьезд партыі “Грамада”, дзе вылучылі кандыдатуру Паўла Лазарэнкі. Маюцца заявы пра двух патэнцыйных кандыдатаў Руху: Вячаслава Чарнавіла і экс-кіраўніка МЗС Генадзя Удавэнкі.

— А ці ня можа пры гэткім раскладзе паўтарыцца тая самая сытуацыя, што ў 1994-м годзе ў Беларусі? Вельмі шмат кандыдатаў, зь іх некалькі прадстаўляюць розныя дэмакратычныя сілы... Электарат проста заблытаецца, і вынікам можа стаць абраньне чалавека кшталту Лукашэнкі.

— Такое цалкам мажліва. І ў нас гэткім чалавекам можа быць той жа Ткачэнка, які невыпадкова тут, у Менску, так па-сяброўску абдымаецца з вашай уладаю. Ён дужа блізкі да Лукашэнкі тыпам паводзінаў. Горка казаць, але такі тып паводзінаў падабаецца й нашым выбарцам. Калі ўва Ўкраіне рабілі сацыялягічнае апытаньне, у нас някепска адгукаліся пра вашага прэзыдэнта. На жаль, ва ўмовах расчараваньня грамадзтва такія дэмагагічна-папулісцкія палітычныя тыпажы, палітыкі бульдозэрнага тыпу, маюць папулярнасьць. Асабліва на тле пэўнай млявасьці сёньняшняй выканаўчай улады.

— Я вельмі ўважліва праслухала выступ вашага сьпікера ў нацыянальным сходзе. Запомнілася фраза наконт таго, што “мы перадамо нашым дзецям і ўнукам тое, што прымножым ратнай працай”. Спадар Ткачэнка напраўду такі ваяўнічы, што заклікае нас з вамі да ваенных подзьвігаў – улічваючы яго катэгарычнае непрыманьне НАТО?..

— Думаю, ён меў на ўвазе нешта іншае. У яго такое бывае. Усё ж наш сьпікер — такі аграрнік вядомы... Для яго словы “ратны подзьвіг” і “працоўны подзьвіг” — сынонімы. Таму я думаю, што ў гэтым выпадку меўся на ўвазе менавіта працоўны подзьвіг.

— Сёньня нямала беларусаў ня вераць у магчымасьць дэмакратычных зьменаў мірным шляхам. На Кангрэсе з вуснаў старшыні Вярхоўнага Савету прафэсара Шарэцкага прагучала, што Беларусь можа ператварыцца ў другую Чачэнію, адстойваючы незалежнасьць. Вам не здаецца, што перад падобнай жа пэрспэктывай – свой Лукашэнка і сваё супрацьстаяньне – апынецца неўзабаве і Ўкраіна?

— У свой час мы хацелі запісаць у Канстытуцыі: “Калі нехта паспрабуе неправамерным чынам захапіць, манапалізаваць уладу ў дзяржаве, скасаваць дэмакратыю, то народ мае права на паўстаньне, на супраціў”. Гэта, праўда, не прайшло, хоць такое права ў народаў ёсьць – у тых выпадках, калі больш няма дэмакратычных сродкаў змагацца з гэткай уладай. Я зараз не бяруся адназначна ацэньваць, які менавіта ў гэтым сэнсе цяпер момант у Беларусі. Каб даваць такія ацэнкі, трэба тут пажыць. Праехаўшы паўдня Беларусяй і маючы інфармацыю толькі звонку, я не рызыкнуў бы гэтага рабіць. Вызначацца – самім беларусам. Калі беларусы лічаць, што няма легальных сродкаў барацьбы за змену ўлады, дык павінны самі вызначыць, што прадпрымаць далей. Такое права народ мае, і яно неад’емнае. Што да ўкраінскай сытуацыі, то Ўкраіна вельмі разнародная. У нас ня можа зьявіцца, напрыклад, усеўкраінскі жырыноўскі. Іх будзе сама меней два: адзін — усходні, другі — заходні. Калі раптам узьнікне “ўсходні” жырыноўскі, то супраць яго будзе змагацца захад; калі зьявіцца “заходні”, яго ніколі ня прыме ўсход. Украіну ня раз дзерлі на шматкі, яна перабывала пад уладай розных дзяржаваў. Мы сёньня маем некалькі Ўкраінаў, кожная зь якіх ёсьць свайго роду супрацьвагою манапалізацыі ўлады.

Гутарыла Тацяна Сьнітко


Каментары

Цяпер чытаюць

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе1

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска абурылася коштам лісічак у 55 рублёў за кілаграм3

Сярэдні заробак «бруднымі» складае 911 даляраў4

Адначасова дзве аварыі пад Мінскам, пацярпелі некалькі чалавек. Людзі кажуць пра зачараваны ўчастак трасы

«Пакуль не чуў, каб беларусаў дэпартавалі». Амерыканскі адвакат пра міграцыйную палітыку ЗША пры Трампе2

Купалаўскі тэатр прапаноўвае новую паслугу: цяпер там можна пабрацца шлюбам13

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Грузіі, асудзілі па чатырох палітычных артыкулах10

У Амурскай вобласці Расіі разбіўся самалёт з 49 чалавекамі на борце

Два малыя браты атрымалі моцныя апёкі пры распальванні лазні

Ходзіць легенда, што Озі Осбарн адкусіў галаву жывому кажану. А што ж адбылося насамрэч?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе1

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць