Архіў

Сяргей Харэўскі. «Суседзяў не выбiраюць...»

№ 09 (130) 1999 г.


«Суседзяў не выбiраюць...»

 

Звыклае выслоўе набывае фатальны сэнс, калi гаворка ідзе пра суседнiя краiны. Як далёка можна зайсьцi ў манiпуляцыі геаграфiчнымi паняткамi, відаць на прыкладзе iмпартаванага з Расеi выразу «блiзкае замежжа», якiм пазначаная постсавецкая прастора. Атрымлiваецца, што для беларуса Таджыкiстан гэта «блiзкае замежжа», а Польшча — «далёкае». Пасьля гэтага ўжо няцяжка пераканаць у тым, што наш сусед — Югаславія, якая ляжыць аж за трыма межамi на поўдзень ад Беларусі.

…У Вячаслава Адамчыка ў кнiзе «Чужая бацькаўшчына» ёсьць эпізод пра тое, як заходнебеларускiя сяляне чытаюць газэту. «Iталiя захапiла Альбанiю, вайна будзе». «А дзе тая Альбанія, да нас, можа, і ня дойдзе». Наіўна, але слушна: Балканы – гэта вельмi далёка. I сёньня блiжэйшыя яны ня сталi…

Далейшаю стала Латвiя. Яна нам «больш не сусед», бо iмкнецца ў ЭС i NATO. Мiж тым, кавалак мяжы з Латвiяй у Верхнядзьвiнскiм раёне — самы стары з усiх нашых межаў, усталяваны яшчэ ў 1924 годзе. З Латвiяй суседзяць яшчэ два раёны Беларусi: Браслаўскi і Мёрскi. Але нiхто пэўна не адкажа, колькi ж кiлямэтраў цягнецца гэтая самая старая зь беларускіх межаў. Янка Запруднiк у сваiм «Гiстарычным слоўнiку Беларусi», якi нядаўна выйшаў у Лёндане, скарыстаўся афіцыйнымі зьвесткамі беларускага Ўпраўленьня геадэзіі й картаграфіі, і падае лiчбу ў 143 км. На розных сайтах у Iнтэрнэце фiгуруе лiчба 141 кiлямэтар, а на запыт у Латвiйскім пасольстве ў Менску мне назвалі лічбу 157. Розьнiца нiбыта нязначная, аднак...

Разнабой у зьвестках пра кілямэтраж назіраецца і з усімі астатнімі беларускімі межамі. Пра Літву Ўпраўленьне геадэзіі й картаграфіі падае лiчбу 462 кiлямэтры. У iнтэрнэтаўскiх даведнiках — 502. Дзяржаўны лiтоўскi сайт называе 724 км. А прадстаўнік Лiтоўскага пасольства ў Менску — 650. Найбольш дакладнай выглядае інфармацыя літоўскага Дэпартамэнту памежнай паліцыі — 651,7.

Ну, няхай не пералiчылi пакуль дэмаркацыю зь Лiтвою. А што ж з Польшчай, мяжу зь якой, калi верыць паданьням, пад лінарку правёў Сталiн? Гэта, мiж iншым, самая «маладая» мяжа Беларусi, вызначаная толькi ў верасьнi 1944 году. Дык вось жа i тут, зь нядаўняй мяжой СССР, пэўнасьцi няма. У беларускіх картографаў, як і ў ангельскiм слоўнiку Запруднiка, падаецца лiчба 399 кiлямэтраў. У Iнтэрнэце гэтая лiчба павялiчваецца ледзь не ўдвая, да 605 кiлямэтраў! Давялося затэлефанаваць у Варшаву, у дзяржаўны Дэпартамэнт статыстыкi, дзе мне прапанавалi iншую, ужо трэцюю лiчбу — 416 кiлямэтраў.

Лiшне казаць, што мяжа з Украiнаю, па палескiх лясох ды балотах, наогул няпэўная. У афіцыйных беларускіх крыніцах яна складае 975 кiлямэтраў. Iнтэрнэтныя даведкi падаюць лiчбу 891.

Затое вайсковы аташэ Ўкраiны ў Менску заявiў, што яны зыходзяць зь лiчбы 1037 кiлямэтраў.

Пры ўсёй заблытанасьці самай даўжэзнай застаецца наша мяжа з Расеяй. Паводле Ўпраўленьня геадэзіі й картаграфіі яна цягнецца на 990 кiлямэтраў. Калi верыць Iнтэрнэту, расейская мяжа ў нас нават меншая — 959 кiлямэтраў. А вось жа прадстаўнiк вайсковага аташэ з расейскае амбасады ў Менску запэўнiў, што яны ў разьлiках кіруюцца лiчбаю 1239.

Беларускія картаграфія й статыстыка не карэктаваліся з савецкіх часоў, таму афіцыйныя зьвесткі насамрэч хібныя. За апошнія гады адбываліся новыя дэмаркацыі межаў новых дзяржаваў. Марна шукаць дакладную iнфармацыю пра межы Беларусi ў беларускiх энцыкляпэдыях. Яе там няма... У СССР яна была «сакрэтнай» і дадаткова скажалася, каб яе ня ведалі «ворагі», а ў РБ да гэтага не даходзяць рукі. Сёньня нашыя межы за нас вызначаюць нашыя суседзi.

Сяргей Харэўскі


Каментары

Цяпер чытаюць

Хірурга з Беларусі ў Расіі пасадзілі за халатнасць. А з турмы яна пайшла на вайну супраць Украіны12

Хірурга з Беларусі ў Расіі пасадзілі за халатнасць. А з турмы яна пайшла на вайну супраць Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

«Мне казалі: ты з глузду з'ехаў, які пашпарт, тут Кіеў могуць узяць!» Беларус расказаў, як згубіў ва Украіне дакументы і тры гады не мог з яе выехаць4

Ва Украіну вярнулася хвароба акопаў Першай сусветнай вайны — газавая гангрэна19

Пры адступленні з Херсона расіяне вывезлі карціны некалькіх мастакоў, звязаных з Беларуссю3

У Кітаі абрынулася частка 750‑метровага моста, здадзенага толькі сёлета ВІДЭА11

У Слуцкім раёне невядомыя выкапалі туі з могілак. І гэта не адзіная для іх праблема2

Як цяпер жыве былая бяздомная Вікторыя, якой гомельскі блогер набыў кватэру3

У Літве папярэдзілі, што могуць працягнуць тэрмін закрыцця мяжы10

«На якія патрэбы зноў збіраем? — На дварэц для Коленькі»9

Расія прапанавала ЗША яшчэ на год падоўжыць ядзерныя абмежаванні па ДСНУ4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хірурга з Беларусі ў Расіі пасадзілі за халатнасць. А з турмы яна пайшла на вайну супраць Украіны12

Хірурга з Беларусі ў Расіі пасадзілі за халатнасць. А з турмы яна пайшла на вайну супраць Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць