Архіў

Зьміцер Бартосік. Пад’езд старых кавалераў

№ 23 (144), 1999 г.


 

Зьміцер Бартосік

Пад’езд старых кавалераў

Веры Харужай, 48—26

 

У Маскве непадалёк ад Беларускага вакзалу ёсьць вулiца Вялікая Садовая. А ў доме 10 на гэтай вулiцы ёсьць кватэра №50, «дзе жыў Воланд». У Лёндане ёсьць вулiца Бэйкер-стрыт, «дзе кватараваў Шэрлак Холмс». А ў Кiеве ёсьць Андрэеўскi ўзвоз, «дзе прайшлi апошнiя днi сям’i Турбiных». Турысты перш-наперш сьпяшаюцца наведаць менавiта гэтыя адрасы, дзе жылі тыя прыдуманыя героi. Але адкуль такое імкненьне ў мясьціны прыдуманых падзеяў? Можа быць, гэта дзiцячая прага насамрэч патрапiць у прачытаную некалi казку? Як бы там ні было, лiтаратурны мiт заўжды цiкавейшы за рэальнасьць. Таму ў нашых падарожных нататнiках дамы-музэi вялiкiх, але рэальных людзей заўжды будуць стаяць пасьля тых мiтычных «нячыстых кватэр». Ёсьць такія адрасы і ў Менску.

 

У 79-м годзе часопiс «Маладосць» пачынае друкаваць псыхалягiчна-дэтэктыўны раман Уладзiмера Караткевiча «Чорны замак Альшанскi». За некалькi гадоў раман становiцца бэстсэлерам, вытрымлiвае некалькi выданьняў у арыгiнале і ў перакладзе на расейскую мову. У iнтэлiгенцкiх дамах кнiга Караткевiча займае пачэснае месца побач з тамамi Булгакава й Акуджавы. У 84-м раман экранiзуецца, што спрыяе яшчэ большаму камэрцыйнаму посьпеху. Агульны наклад «Чорнага замку» наблiжаецца да мiльёну асобнiкаў — выпадак у беларускай лiтаратуры беспрэцэдэнтны. I хоць большая частка накладу перакладная, мне прыгадваецца аплёмбная фраза тых часоў: «Короткевича нужно читать только в оригинале».

«Чорны замак» я перачытваў, нібы правяраючы, наколькi стары раман можа захапiць мяне сёньняшняга. I хоць пэўныя патасныя фрагмэнты твору цяпер нельга чытаць бяз скiдкi на час стварэньня, «Замак» i сёньня захоплiвае. I блiскучай iнтрыгаю, i гатычным антуражам, i спалучэньнем розных эпохаў. Што цiкава — спалучэньнем ня «змрочнага сярэднявечча» са «сьветлым савецкiм» сёньня, а таемнае мiнуўшчыны зь ня менш таямнiчаю цяпершчынай. Прычым Караткевiчаў «наш час» зусiм не ўспрымаецца канкрэтнымi семiдзясятымi гадамi нашага стагодзьдзя. Героi ягонага часу маюць несавецкiя iмёны: Мар’ян Пташынскi, Герард Пахольчык, Адам Хiлiнскi. Цi, напрыклад, Вiтаўт-Ксавэры-Iнэзiлья-Хасэ-Марыя Шапо-Калавур-Лыганоўскi. I зьвяртаюцца яны адзiн да аднаго ня йнакш, як «пане мой вялебны». Нiякiх «дарагiх таварышаў». Быццам аўтар прадчуваў, што ў хуткiм часе iм месца ня знойдзецца.

Калi я чытаў раман, мне нясьцерпна хацелася наведаць тое месца, дзе жыў галоўны герой Антон Косьмiч i дзе адбывалася частка тых неверагодныя падзеяў. Маю на ўвазе «пад’езд кавалераў». Памятаеце?

«У маiм доме пяць паверхаў i чатыры пад’езды. Мой пад’езд трэцi. Завуць яго «пад’ездам старых кавалераў» нездарма. Па нявыказанай iронii лёсу ўсе мужыкi ў iм (пра незамужнiх дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або... Але гэта сумная гiсторыя...»

Я быў далёкi ад думкi атаесамляць Альшанскi замак з Гальшанамi. Але ў iснаваньнi менскага дому аўтар не пакiдаў шанцаў на сумневы. Месца дзеяньня было апiсана як з тапаграфiчнай, так i зь лiрычнай дакладнасьцю.

«Ранiцай мяне разбудзiў залiвiсты крык пеўня, а пасьля адчайнадушнае, надрывiстае кувiканьне парасяцi: вiдаць, несьлi ў мяху. Як на вёсцы. I кожную нядзелю мне вось так прыемна. I гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату. Прыемна гэта казаць: мая хата, мой пад’езд, мой двор... Немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калi цераз тракт ад майго дому адкрываецца рынак худобы: конi, каровы, сьвiньнi, залатыя рыбкi, авечкi, галубы, трусы, лясное зьвяр’ё, птушкi, сабакi i ўсё жывое. Да таго, як агарадзiлi квартал — дзядзькi з вазамi стаялi сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адвалiўшы саскi, ляжалi, мiлыя, на газоне. Харошы куток! Шкада, што рынак куды-небудзь перанясуць. I, галоўнае, у двух кроках ад «вёскi», ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар i шумны вялiкi горад».

Нядаўна, чытаючы Караткевiчавы дзёньнiкi, я зрабiў для сябе «адкрыцьцё»: нумары кватэраў Антона Косьмiча і Ўладзiмера Караткевiча супадаюць. Праз пару гадзiнаў пасьля гэтага я стаяў каля дому № 48 на вулiцы Веры Харужай у Менску.

Пасярод двара я з асалодаю адкрывальнiка аглядаў гэтую жывую i даўно знаёмую мне з кнiгі дэкарацыю.

«Звычайны новы двор з маладымi дрэўцамi, лавачкамi, газонамi, выбiтымi на бубен футбольным мячом. Толькi што ў двары засталося ад зьнесеных хат ускраiны — двухпавярховы дамок, дуб, зарасьцi ясеню, пара груш ды некалькi асуджаных яблынь i вiшань».

Зрэшты, двор — адзiнае, што супадала з кнiгаю. Асаблiвага драматызму ў звычайны краявiд дадаваў той двухпавярховы дамок, афарбаваны чырваньню. Пад’езд жа «кавалераў», у якiм калiсьцi жыў пiсьменьнiк, быў ня трэцi, а другi. Таму што на пляцоўках «хрушчоўскiх» дамоў не магло быць па дзьве кватэры, як у рамане. Аўтар i тут «ашляхецiў» савецкае жытло. З-за чаго блыталася ўся выстраеная сыстэма пражываньня герояў. Я стаяў на другiм паверсе надзвычай чыстага пад’езду, перад 26-й кватэрай з новымi дзьвярыма i не рашаўся пазванiць. Паўзь мяне прабег нейкi iнтэлігентнага выгляду мужчына. «Прабачце», — аклiкнуў я яго. — «Пардон, очень спешу». Я пазванiў. Званок не працаваў. Я пагрукатаў. Нiякага адказу. Напэўна, гаспадароў няма дома.

Ну, павiнны ж жыхары такога пад’езду нешта асаблівае ведаць цi адчуваць. Я йзноў выйшаў на двор, дзе абмяняўся параю фразаў з прыгожай маладой кабетай, што ўваходзiла ў дом. «Даруйце, — сказаў я, — Вам iмя Ўладзiмер Караткевiч што-небудзь гаворыць?» — «Короткевич? Писатель, да? Говорят, он живет в доме, где гастроном.» — «Жыве?» — перапытаў я. — «Ну да. Я так слышала.» — «А што Вы скажаце наконт 26-й кватэры?» — «Ой, я сама тут недавно. Но 26-я продавалась уже раз десять. Наверное, и сейчас переходит из рук в руки». Даведаўшыся ад мяне, што ў ёй жыў Караткевiч, кабета, падумаўшы, спытала: «Так что, мы, выходит, живём в легендарном доме?» — «Выходзiць», — адказаў я.

Мае далейшыя блуканьнi па пад’езьдзе ўсё больш пераконвалi мяне ў тым, што ня варта блытаць лiтаратуру з рэальнасьцю. Караткевiча тут, безумоўна, памяталi. Як шумнага п’янiцу. Старая настаўнiца з чацьвертага паверху паскардзiлася мне на пісьменьніка за тое, што той, п’яны, пераблытаў паверхi i вельмi яе напалохаў сярод ночы, ломячыся ў яе цiхае гняздо. Крыўда бабулi была настолькi натуральнай, быццам iнцыдэнт адбыўся ня тры дзясяткi гадоў, а пару дзён таму.

Пабыўшы ў ролi ўчастковага мiлiцыянта, я падняўся на пяты, цалкам закратаваны паверх. Пажылы iнжынэр з-за кратаў паведамiў мне, як ён шкадуе, што ўвесь час адмаўляў Караткевiчу скласьцi кампанiю за пляшкаю гарэлкi. «Я ведь к водке отношусь строго отрицательно, — сказаў ён, — а сейчас было бы что вспомнить. И даже, может быть, рассказать что-нибудь вам».

Вядома, нi старых кавалераў, нi высакародных псыхiятраў, нi адстаўных шпiёнаў у гэтым пад’езьдзе нiколi не пражывала. I што самае для мяне дзiўнае — «Чорнага замку» з апытаных мною жыхароў нiхто не чытаў.

Ну, навошта было рамантызаваць гэтыя няўдзячныя «хрушчобы» — наракаў я на аўтара. Ну, чаму ён не стварыў свайго «пад’езду кавалераў» дзе-небудзь на няiснай сёньня Нямiзе?

Я выйшаў на вулiцу ды пайшоў на асфальтавую пустку, на месцы якой некалi шумеў Старажоўскi рынак. Вокны Косьмiча па-ранейшаму заставалiся цёмнымi. Закурыўшы, я адкрыў старую кнiгу i пры канцы раману натрапiў на адзiн цiкавы абзац. Якiмi ж па-дзiцячы недарэчнымi выглядалi мае нараканьнi на няспраўджаны мiт!

«Вось i скончылiся мае пошукi, а ўсё адно застаецца адчуваньне нейкай незавершанасьцi, нiбы скончыў альфавiт недзе на трох ягоных чвэрцях. I ўспомнiўся герой нейкага твора, пакаёвы iнтэлiгент, якi цэлы дзень хадзiў па кватэры i абураўся, што вось недзе кошкi нагадзiлi, а ён анiяк ня можа разабрацца, дзе. I толькi вечарам выясьнiў, што гэта зусiм ня кошкi ў кватэры напаскудзiлi, а гэта на вулiцы лiпы расьцьвiлi».

«Наш час» гэтага раману, якi шмат хто ўжо пасьпеў залiчыць у састарэлыя, насамрэч наперадзе. Яшчэ ня раз памяняюцца жыхары ў гэтым доме. Яшчэ ня раз, дзякуючы Караткевiчаву мiту, нехта iншы па-новаму зiрне на такi, здавалася, нецiкавы гарадзкi краявiд. I яшчэ ня раз, праяжджаючы паўз гэты квартал, я скажу свайму спадарожнiку: «А цi ведаеш, пане мой вялебны, што гэта за дом?»


Каментары

Цяпер чытаюць

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме22

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманы журналіст Кірыл Пазняк8

Ці сапраўды цыклічны сон дапамагае выспацца?4

Два прычалы і нафтавы танкер пашкоджаны ў нафтаналіўным порце Прыморск пад Пецярбургам пасля атакі БПЛА3

Расіяне праз газавую трубу заходзяць у Купянск, як колісь у Суджу2

«Усё — хлусня і маніпуляцыі». Спецыялісты рэзка адказалі на істэрыю вакол рэканструкцыі Чырвонага касцёла3

Украіна навучылася лепш супрацьстаяць расійскім «Кінжалам»

Марк Рутэ абвясціў пра запуск спецыяльнай праграмы НАТА для абароны ўсходняга флангу альянсу3

Трагедыя пад Бярозай: як 30 гадоў таму збілі паветраны шар з амерыканцамі1

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі39

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме22

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць