Фотамастацтва: у Вільні і ў Менску
У галерэі Arka ў Вільні прайшла фотавыстава «Чэская фатаграфія 90-х». Былі прадстаўленыя творы Яна Саўдэка, Тона Стана, Івана Пінкавы, Міхала Мацку, Міра Шволіка. Вокладку выдатнага альбому, надрукаванага да выставы, упрыгожвае здымак Тона Стана з вокам жанчыны, што пазірае на гледача праз скрыжаваныя калені ўласных ног. Здымак, які па сваёй моцы можна параўнаць хіба што зь вядомымі «Сьлёзамі» Мана Рэя. У ня менш выразных творах Івана Пінкавы позіркі працінаюць гледача наскрозь, а вонкавая аголенасьць цела й галоваў настолькі ўзмацняе псыхалягічнасьць, што складаецца ўражаньне нейкага незямнога паходжаньня вобразаў. Міра Шволік уражвае фотакаляжамі, на якіх вытанчана сплятае краявіды з чалавечай парай ці рыбінай, чым пераконвае ў тоеснасьці ўсяго жывога на зямлі.
Роздум і пытаньні выклікае наведаньне нядаўняй аналягічнай выставы «Нямецкая фатаграфія 1980-х гадоў», якая экспануецца цяпер у Менску ў залі Беларускай Акадэміі Мастацтваў, дзе чарговы раз пераконваесься, што наш горад немцы, мабыць, лічаць глыбокай правінцыяй, раз нават такая паважаная арганізацыя як Інстытут Гётэ прывозіць другасныя экспазыцыі амаль аматарскай ці клюбнай фатаграфіі, на якія ня варта было б марнаваць нямецкія грошы і ўвагу беларускага гледача. І другое, што датычыць уласна нас — чаму айчынныя фатографы ня здольныя зрабіць нейкую хоць блізкую супольную экспазыцыю, чаго не стае? Арганізатара, тэхнічных магчымасьцяў ці запатрабаванасьці ў нашай краіне мастацкага фота наагул? Відавочна, што агульная карціна сучаснай беларускай фатаграфіі невядомая нікому (колькі гадоў таму Надзея Кароткіна была распачала працу над такім альбомам, але з закрыцьцём Фонду Сораса, які меўся фінансаваць праект, усё спынілася).
Дзяніс Раманюк
Ноч рэклямы: у Менску і ў Вільні
На мінулым тыдні ў віленскім кінатэатры Lietuva адбылася «Ноч рэклямы». Ад аналягічнай падзеі трохтыднёвай даўніны ў менскай «Маскве» яе адрозьнівала значна лепшая якасьць паказу.
Калі ў Менску гледача, які заплаціў тыя ж 10 даляраў, што й віленчук, цягам амаль дзьвюх гадзін напачатку бавілі лязэрным шоў, КВНам і абдорваньнем зь невядомай нагоды падарункамі пераможцы лятарэі (як абурыўся адзін з гледачоў: «Я што, прыйшоў паглядзець, як за мае грошы абдораць нейкую дурніцу?»), дык у Вільні без усялякіх паказвалі тое, па што прыйшлі гледачы. Дэманстраваліся тыя ж 500 рэклямных кліпаў з калекцыі Жан-Мары Бурсыко, шмат зь якіх, відавочна, не зьяўляюцца лепшымі, як сьцьвярджаюць арганізатары абедзьвюх імпрэзаў. У гэтай калекцыі адсутнічаюць некаторыя сапраўды слаўныя ролікі. І ў Менску, і ў Вільні першая частка праходзіла весела, бо публіка актыўна рэагавала на экраннае відовішча, была пад завязку забітая заля. На другой палове весялосьці стала значна меней, а тыя, хто працягваў назіраньне, якое ператварылася ў бясконцы мульцік, пачалі носам вадзіць. Відавочна, што відовішча не каштуе заплочаных грошай, бо й па целіку можна да расьпяртухі наглядзецца такога ж «на халяву».
Дзяніс Раманюк
Каментары