Архіў

Сяргей Балахонаў. Пераразьмеркаваньне

№ 35 (156), 20 — 26 сьнежня 1999 г.


 

дзёньнік маладога спэцыяліста

Сяргей БАЛАХОНАЎ

Пераразьмеркаваньне

 

Больш чым палову месяца давялося мне змарнаваць на тое, каб пераразьмеркавацца зь Белага Балота бліжэй да Гомеля. Змарнавана цэлая гара Дзяржынская часаў, сілу, нэрваў. У калідорах «адукацыйнай улады» не чытаюць «Arche» і «Нашай Нівы». Затое да Рэчыцкага аддзелу адукацыі даляцела газэтка гомельскіх студэнтаў «ЗуБаСьцік», дзе я вёў рубрыку «Белабалоцкая кроніка» і называў рэчы і людзей сваімі імёнамі. Загадчыца разьюшылася, нібы японскі электрачайнік на ўкраінскай газпліце: «Як вы пасьмелі пісаць такую мерзасьць пра нашых дзяцей?! Яны ў нас не дэбільныя, а рабацяшчыя, трудалюбівыя!» Што тут скажаш? Іншая жывёла таксама працавітай бывае. Загадчыца зразумела, што я ў іх чалавек «случайны», і пасьля пэўнага манежаньня ды маіх сьлязьліва-брыдкіх пэрфомансаў дала дазвол на перавод.

Народ у цягніках і на дарогах па-ранейшаму ня ведае, чаго хоча. Жаляцца на галечу і галадаваньне, карупцыю і беззаконьне, але ўпарта адмаўляюцца бачыць крыніцу ўсіх гэтых «пякнотаў» і «дабротаў». Зноў вінаватыя Пазьняк, Шушкевіч, Шарэцкі. Нейкая бабенцыя голасна патрабавала, каб вызвалены зь вязьніцы Чыгір аддаў ёй ейныя грошы. Як паслухаеш, дык і мараў у людзей сапраўдных нямашака. Ну што за мара-летуценьне адрамантаваць да Новага году стары лямпавы тэлевізар, каб было што глядзець у навагоднюю ноч?! Некаторым жанчынам ледзь за сорак, а яны, спанявераныя ў сваіх мужах ці мужчынах, «прадпачытаюць» аставацца ў сьвяточную ноч адны. Цэлы дзень я прасядзеў у абласным упраўленьні адукацыі, чакаючы канчатковага вырашэньня майго пытаньня. Азадак млеў і перамлеў. Вушы злавілі, як нейкая функцыянэрка гаварыла аб прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне. Гаварыла з жалем за Сіманенку. Лічыла вынікі сфальсыфікаванымі. Чым бліжэйшая нацыянальная ідэя ў сваёй перамозе, тым гучней лямант аб фальшу. Хай тая ідэя сабе і ўкраінская... Калі сакратарка ў прыёмнай чародным разам падняла слухаўку і перапыталася: «КГБ?», я чамусьці падумаў пра сваю грэшную пэрсону. Але празь нейкі час справа мая была сьпетая, то бок вырашаная станоўча. Дзякуй спадарству за хлеб і малако! Мне пашэнціла, а майму былому аднагрупніку — не. Усё гэтае разьмеркавальнае казлаводзтва ці ў аднаго чалавека выклікае апазыцыйныя настроі. Ды ці выкарыстоўвае іх хто-небудзь? Наўрад.

Вось я ўжо ў Буда-Кашалёўскім раёне, у вёсцы Радзееве. Ад Гомеля 50 хвілінаў дызэлем і пяць хвілін пешкі да школы. Базавай школы. Працую па сваёй другой спэцыяльнасьці — выкладаю нямецкую мову. Дзеці, канечне, цікавыя, але сэрца грэе думка аб блізкасьці чыгункі. Акром жа таго ў Радзееве ўжо колькі гадоў жывуць мая бабуля Маня і цётачка Алена. Ёсьць дзе сагрэцца, ёсьць дзе схавацца. Позва ў ваенкамат кліча мяне 27 сьнежня.


Каментары

Цяпер чытаюць

Памятаеце Таццяну Зарэцкую, якая са скандалам звальнялася з Кабінета Ціханоўскай? Яе абвінавачваюць у Эстоніі ў махлярстве

Памятаеце Таццяну Зарэцкую, якая са скандалам звальнялася з Кабінета Ціханоўскай? Яе абвінавачваюць у Эстоніі ў махлярстве

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-генсак НАТА заклікаў еўрапейскія аўтазаводы выпускаць замест аўтамабіляў танкі3

Літоўскія мытнікі не далі ўвезці з Беларусі калекцыю савецкіх грошай. На іх — камуністычная сімволіка4

Пуцін на перамовах з Трампам просіць вярнуць Расію ў даляравую сістэму17

«Прабачце, гэта не мая родная мова». Былы дыпламат Слюнькін расказаў, як асадзіў расійскага пасла13

Віцебскія дэсантнікі зрабілі марш-кідок да ўкраінскай мяжы. Куды менавіта?10

На Нямізе ў Мінску дабудоўваюць шматфункцыянальны комплекс з вадаспадам і дрэвамі на даху

Мовазнаўца і дыпламат Пётра Садоўскі — у цяжкім стане9

У Эстоніі адкрылі дарогу, на якой забараняецца прышпільвацца рамянямі бяспекі1

На Партызанскім праспекце ў Мінску сам сабой перакуліўся грузавік2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Таццяну Зарэцкую, якая са скандалам звальнялася з Кабінета Ціханоўскай? Яе абвінавачваюць у Эстоніі ў махлярстве

Памятаеце Таццяну Зарэцкую, якая са скандалам звальнялася з Кабінета Ціханоўскай? Яе абвінавачваюць у Эстоніі ў махлярстве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць