Архіў

Адам Глёбус. Праскі шэм і койданаўскі трэф

№ 14 (171), 3 — 9 красавіка 2000 г.


 

 

Адам Глёбус

Праскі шэм і койданаўскі трэф

 

Зноў у Прагу. Шафёр, вясёлы аматар піва, кажа: «У Чэхіі з нацыямі праблемаў няма. У нас 95% чэхаў. Ёсьць і славакі, і немцы, і вугорцы, і ўкраінцы, і цыганы… Яны працаваць ня хочуць. 80% цыганоў зусім нідзе не працуюць, а сацыяльных гарантыяў патрабуюць. Нахабная нацыя — цыганы».

Мне згадаліся два старыя цыганы ў малінавых пінжаках і лякаваных чаравічках. Іх валасы такія чорныя-чорныя, што момантамі глядзяцца ажно сінімі. Яны граюць у карлаварскай рэстарацыі “Дворжак”, дзе я апошнім часам вячэраю. Адзін барабаніць па фартэпіянных клявішах, другі катуе бас-гітару. Яны граюць і сварацца па-цыганску. Ледзь не пасьля кожнай кампазыцыі піяніст падскоквае і крычыць на гітарыста. А той, выставіўшы чэрава, пазірае на нэрвовага калегу і ўсьміхаецца ў шыкоўныя вусы. Аднаго разу я зрабіў памылку і папляскаў. Так, проста, без усялякіх думак. І тут адбылося пераўтварэньне. Бас-гітарыст адклаў інструмэнт, выцягнуў аднекуль з-за фартэпіяна скрыпачку і зайграў. Як ён граў! І хто толькі прымушае такога торгаць струны электраінтрумэнта. Скрыпка — вось у чым сьпявае душа цыганская. Таўстун граў, і я бачыў, як адрываюцца ад кіліма ягоныя лякаваныя чаравічкі, як ён лунае пад рэстарацыйнай стольлю, я чуў, як заварушыліся грошы ў маёй кішэні... Яшчэ імгненьне, і ўсе кроны апынуліся б у цыганоў, але граньне своечасова скончылася, і я сышоў у бар. Я ня даў цыгану ні капейкі, ні паўкапейкі. Дасі раз — не адчэпіцца.

У бары “Піано” было ціха, утульна, па-хатняму: бармэн і дзьве заўсёдныя прастытуткі — худая чорная і сьветлая шырокая. У бары я п’ю вечаровую гарбату. Добра выпіць зялёнай гарбаты, супакоіцца, выспацца і паехаць з самай раніцы ў Прагу.

А там… Там прыйсьці на Старамескі пляц і паслухаць кантрабас. Люблю кантрабасы зь дзяцінства. І барабаны люблю. Рытмсэкцыя — мая слабасьць. Вось так, здаецца, і стаяў бы ўсё жыцьцё на пляцы і слухаў праскі джаз. І доўга стаяў бы, каб не жабракі. Дарма шафёр казаў, што ў Чэхіі няма жабракоў. У Празе іх — нібы галубоў. Каля кожнага касьцёла, каля кожнай сьметніцы вядуцца. І на Старамескім да мяне падруліў барадаты сьмярдзючы, адагнаў я паскудніка, а ён да сьметніцы падышоў, дастаў абгрызак ігрушы і пачаў жаваць. Яму смачна, а мяне ледзь не званітавала. Якая тут музыка? Які джаз? Пайшоў я адтуль.

Іду, а мяне пераймае Моцарт. Самы натуральны, у зялёным камзоле, белых панчохах і срэбным парыку. На чаравіках спражкі золатам гараць. Запыняе мяне Амадэй і дае запрашэньне ў опэру на “Чароўную флейту”. Бяру. Доранаму каню ў дупу не зазіраюць. А ў твар? Твар у Моцарта чорны, як праскія вежы. І хто гэта прыдумаў пераапранаць мурынаў у Моцартаў? А можа так і трэба, для эфэкту, для запамінальнасьці падзеі… Пэўна ж, так і задумвалася.

З такімі думкамі і запрашальным аркушам у руцэ я хаваюся ў базыліку сьвятога Якуба. Змрочна і ўрачыста. Наведнікаў няма. У правым нэфе сядзіць голы Ісус. Галаву рукой падпірае і слухае натужлівы гул пыласмока. Маладзенькі манах зьбірае пыл з алтара. Такая родная местачковая будзёнасьць, што ажно сьляза навярнулася. Які джаз? Які кантрабас? Які цыган са скрыпачкаю? Сам Бог слухае пыласмок… А мы ўсё арган, арган… І ад усёй гэтай велічы і мізэрнасьці захацелася мне есьці. Ад духоўнага да плоцкага адзін крок.

Я прыкрочыў у гатэль “Інтэркантынэнталь”, дзе пасярод кавярні паблісквала шкляная паўсфэра. А пад ёю… Ляжалі пірожныя, белыя і пыхлівыя, нібыта салісты опэры. Жаўцелі булачкі, гладкія, як правінцыйныя школьніцы. Кіпеў, выкіпаў з талеркі вінаград. А над усімі сядзеў ананас, мудры, як чарапаха. Замовіў я мятнай гарбаты зь яблыкам. Раней, ты памятаеш, я хлястаў каву, а цяпер шкадую страўнік і калі не працую, папіваю гарбатку. Ня так прыемна, затое менш шкодна. Узрост.

Раней бы ніколі не пайшоў чысьціць у прыбіральні чаравікі. А цяпер іду. Выдатная машына са шчоткамі ёсьць у “Інтэркантынэнталі”. Зграбная, бліскучая, яна нібыта кажа: “Уключы мяне, і ўбачыш свой твар у мысках чаравікаў”. Ясна, уключыў. Дакладней, паспрабаваў уключыць. А яна — як кусане! Як дзёўбне токамі! Чаравікі я абцёр сурвэткаю. А рукі калаціліся яшчэ з паўгадзіны. Бывае.

З дрыжыкамі ў пальцах самы час наведаць выставу, прысьвечаную стваральніку Грэгара — Францу Кафку. Выстава маленечкая, але падумаць ёсьць пра што… Вось ён, апошні ўздых Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Кафка — няўлоўны, маленькі, зьняважаны і пакрыўджаны чалавечак. Тут ён падобны да Чапліна, а там — да Пастэрнака. Тут ён пазірае са здымка як жыд-артадокс, а на тым малюнку — чалавек сьвету, касмапаліт і касмаганіст. Кнігі, кнігі, кнігі… Па-нямецку, па-чэску, па-ангельску, па-расейску… Бяры, чытай, думай… Пра што? У Празе думаць пра што? Можа ты мне падкажаш, пра якое такое я мушу задумвацца на праскім бруку, выйшаўшы з выставы Кафкі? Пра жыдоў! Правільна.

Я задумаўся пра габрэяў праскіх. На выставе прадаваўся гліняны Голем. Не набыў я цацкі, не прыдбаў сувэніра, бо іх набываюць, каб ня думаць. А я ўспомніў Голема — магутнага абаронцу праскіх габрэяў. Яго зрабіў з гліны разумны, як цар Саламон, рабін Лёў. Ён зьляпіў яго зь зямлі і ўсунуў пад язык шэм — пэргамэнтавы аркуш з таемным чарадзейным надпісам. Голем ажыў. Ён паўстаў, каб рабіць патрэбныя Богу справы, асноўная зь якіх — бараніць грамаду ад ворагаў. І Голем бараніў, выратоўваў, ахоўваў жыдоў. Але ўсяму свой час і сваё месца. Надышоў час зрабіць Голема і прыйшла хвіліна дастаць з-пад ягонага языка чароўны шэм. Голем зьнерухомеў назаўсёды. Ён разваліўся на гарышчы Старановай сынагогі. Але дух Голема назаўсёды застаўся жыць у габрэйскіх кварталах. Ён лунае, каб кожны габрэй у Празе адчуваў сябе абароненым. Каб кожны жыд у любым кутку сьвету ведаў, што ў Празе яго чакае ўсемагутны Голем. Так яно ў Празе. А ў Менску? Чаму ў Менску разумны, як Саламон, рабін не зьляпіў Голема? Чаму не накрэсьліў на пэргамэнце таемныя знакі і не паклаў стоду пад язык? Хто абароніць беларускіх жыдоў? Ці-шы-ня… У Менску безьліч мёртвых Големаў, бронзавых і каменных. Яны стаяць, сядзяць, ляжаць у сквэрах, парках, на праспэктах і на пляцах, на вуліцах і ў завулках. І ніводзін зь іх нават не чакае шэма. А можа памыляюся? Ну скажы, што я абмыліўся, што недасьведчаны, што ў Менску ёсьцека Голем і завуць яго Ір. Уначы Ір ходзіць па Менску і карае жыдабойцаў, юдафобаў, антысэмітаў — усіх, хто ясным днём крыўдзіць габрэяў. Маўчыш? Няма ў нас ні Іра, ні Голема. Але гэта ня значыць, што яго ня будзе. Усяму ёсьць час. Будзе дзень нараджэньня і ў менскага абаронцы жыдоў. Спадзяюся. І ня я адзін. Табе таксама варта спадзявацца. Без надзеі нельга жыць.

Чамусьці ў праскай гандлёвай аркадзе, дзе я хаваўся ад пералётнага дожджыка, успомнілася здарэньне з Хведарам Дастаеўскім. Ну сапраўды, калі думаць пра Кафку, Голема, Лёва, Саламона, Майрынка, дык і да змрочнага кудлатабародага Дастаеўскага — адзін крок. А выпадак той быў каля карціны Гальбэйна “Хрыстос у труне”. Пісьменьнік, пабачыўшы намаляваны геніем труп, ня вытрымаў жаху, зь ім надарыўся эпілептычны прыпадак — пена з роту, курчы і ўсё такое жудаснае. Мурашкі па скуры. А тут стаю я пад аркаю, разглядаю рэклямкі на сьцяне, чытаю пра чароўнае ўзьдзеяньне салярыю… Калі ты ня ведаеш… Салярый — труна, поўная сініх лямпачак. Кладзесься й загараеш, загараеш, загараеш, а ўстаеш з труны новым чалавекам, нібыта наноў нарадзіўся, нібыта ўваскрос. Калі б Дастаеўскі наведваў салярый, ён бы ўбачыў у палатне Гальбэйна — Хрыста ў салярыі, Хрыста, які вось-вось уваскрэсьне. А ён пабачыў корпус гнілога нябожчыка, пабачыў сьмерць у яе мэтафізычным абліччы. Як жа я разумею пратэстантаў, што крышылі выявы Бога! І як жа не разумею тых, хто лічыў сябе разумным і аддаваў загад нішчыць рэчы, нішчыць плён працы чалавечай. Хіба рэч вінаватая перад чалавекам, а тым больш — перад Богам? Толькі жыве, жыве незьнішчальная вера ў Голема, вера ў жывую гліну. Як жыве вера ў самыя найпростыя найзвычайныя рэчы. Вера ў тое, што скончыцца дождж. І ён сканчаецца, і можна гуляць па бліскучым горадзе.

Шэсьць гадоў я ня быў у Празе. І за шэсьць гадоў нічога не зьмянілася. Камэрнікі з камэрамі здымаюць і кадруюць горад ста вежаў. А я гуляю сабе з нататнікам у кішэні і думаю, як прыеду ў Прагу зноў, як зайду ў рэстарацыю “Дзьве коткі”, замоўлю смажанага мяса з моркваю, пад’ем і пакіну на талерцы крышку ежы, бо менская жыдоўка Голда навучыла мяне ніколі нічога не даядаць і не дапіваць дарэшты. Пэўна, гэта нейкі старажытны жыдоўскі закон, і ў яго ёсьць свае абгрунтаваньні і тлумачэньні. А ў маім мястэчку Койданаве пакінутую ежу называлі трэф. Ня ведаю тлумачэньняў закону пра трэф. Я ўспрымаю закон наверу.

Пэўна, і ты верыш маім апавяданьням пра Прагу проста так, без усялякіх там перапрашэньняў і прынцыпаў. А таму я мушу выправіць памылку, зробленую ў тэксьце. Тое-сёе зьмянілася ў залатым горадзе. У кожнай вялікай кнігарні зноў прадаюцца расейскія кніжкі. І сярод іх трапляюцца мае. Табе гэта можа і малацікава, а мяне ўзрадавала. Ходзіш-ходзіш па Празе, заходзіш у Дом кнігі, а там… Я хаваюся за псэўданімы, таму ўласна Глёбусавых кніжак няма. Ёсьць Францішак Крышка, Антоніа Міро, Тэадор Ван Герэн, Яраслаў Віткевіч, Уладзімер Сакалоў, Ярамір Судак… Яны прадаюцца ў Празе за чэскія грошы. Я гэтаму рады. І ў гэтым я падобны да жыда. Таму, каб выжыць, трэба было хавацца за прозьвішчамі тутэйшых, мясцовых, пануючых. А цяпер большасьць беларускіх пісьменьнікаў хаваецца за амэрыканскімі, эўрапейскімі і расейскімі псэўданімамі. Такі час. Час хаваньня і таямніцаў. Але будзе і іншы — час адкрыцьця.

Прага. 11—18.03.2000 год


Каментары

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка21

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка

Усе навіны →
Усе навіны

Учарашні ўдар украінскіх дронаў па Наварасійску прывёў да значных страт у расійскай СПА4

Ад 10 да 80 еўра за 4 паперкі. Прайс на перадачы пасылак і дакументаў паміж Беларуссю і Польшчай4

Лукашэнка пагаварыў па тэлефоне з Пуціным4

У Мінску будуецца самы высокі хмарачос у Беларусі6

У Беларусі папоўнілі фонд літоўскіх фур 230 машынамі, якія прыехалі з Расіі2

Эканомны рацыён. Якія наборы прадуктаў можна купіць у беларускіх крамах за 5 рублёў?4

Беларускі грыбны блогер знайшоў у лесе «ведзьміна масла»4

УСУ нанеслі ўдар па Разанскім НПЗ1

Медыкі ўпершыню зафіксавалі смерць чалавека ад «алергіі на мяса», выкліканай кляшчом

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка21

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць