Беларускі грыбнік і блогер Аляксандр Гарбацэвіч падзяліўся ў тыктоку незвычайнай знаходкай — дрыжалкай аранжавай, таксама вядомай як «грыбное жэле» ці «ведзьміна масла». Ён адзначыў, што гэты грыб можна есці, ён мяккі, без смаку і прэсны, піша «Смартпрэс».

Па словах блогера, у 2001 годзе ў Кітаі нават падавалі патэнты на выкарыстанне гэтага грыба супраць анкалагічных хвароб. Дрыжалку аранжавую часта дадаюць у азіяцкія салаты, дзе смак вызначае дабаўка — напрыклад, соевы соус ці марская капуста.
Грибное желе! Против онкологии! Дрожалка оранжевая
Гэты грыб — паразіт, які ў сухое надвор’е высыхае да тонкай плёнкі, і яго цяжка заўважыць. Аднак жа пасля дажджу ён вяртаецца ў жэлепадобную форму.

Дрыжалка аранжавая (Tremella mesenterica) распаўсюджаная па ўсім свеце і часта сустракаецца на мёртвай драўніне і старых галінах у лісцевых лясах, у тым ліку ў Беларусі.
У народнай медыцыне яе выкарыстоўваюць у настойках, хоць навуковых пацвярджэнняў эфектыўнасці мала. Грыб сапраўды можа «адраджацца» пасля высыхання: ператвараецца ў тонкую скурку, а пры вільготнасці набрыньвае і вяртае форму.

Карыстальнікі тыктока дзяліліся сваім досведам: некаторыя знаходзілі дрыжалку на ядлоўцы або туях у садзе, дадавалі ў суп або елі з соллю. Адзін з каментатараў жартаваў пра бяспеку: «І больш іх ніхто не бачыў…»
Каментары