Архіў

БІБЛІЯТЭКА

№ 15 (172), 10 — 16 красавіка 2000 г.


 БІБЛІЯТЭКА

 

Нашы татары

A.Drozd, M.M.Dziekan, T.Majda. Meczety i cmentarze Tatarow polsko-litewskich. (Katalog Zabytkow Tatarskich. Tom II). — Warszawa: Res Publika Multiethnica, 1999. ISBN 83-909001-1-4

Ёсьць людзі — аматары могілак. Часта сустракаюцца сярод генэалёгаў, бо на магілах пішуць пра род нябожчыка. Большасьць могілкі проста шануе, адны любяць туды хадзіць, іншыя — не. Ёсьць навукоўцы, для якіх могільнікі — аб’ект досьледаў, помнік народу, культуры, гісторыі. Таму саветы могілкі не любілі. Яны будавалі сьветлую будучыню — царства вечнага жыцьця й маладосьці, дзе няма сьмерці. Старыя могілкі ў Саюзе пэрыядычна зносілі, каб тыя не адцягвалі ўвагу люду ад будаваньня. Вось дзе фэномэн таго, што беларускія могілкі ў апошнія гады дасьледуюць палякі — вядома, традыцыя. Яны ўжо надрукавалі кнігі пра Кальварыйскія могілкі ў Менску (двума выданьнямі) і могілкі ў Горадні. Цяпер выйшла кніга пра татарскія сьвятыя месцы — могілкі і мячэты.

Гэта ня проста каталёг культурных здабыткаў, як сказана ў назьве. Каталёг, вядома, ёсьць, і вялікі. Гэта кніга і пра гісторыю таго народу, што жыў ня толькі поруч, але разам зь беларусамі, — так, у кнізе шмат зьвестак пра тыя могілкі, што не дайшлі да нашага часу. Матэрыял зьбіраўся і ў часе экспэдыцыі аўтараў па Беларусі. Вынікі працы ўражваюць багацьцем зьвестак, а сама кніга — прывабным зьнешнім выглядам, мноствам каляровых ілюстрацыяў і крэйдаванай паперай.

Праўда, польскі дух моцна адбіўся на старонках выданьня. Вось назва: маўляў, татары польска-літоўскія, хоць размова йдзе пра сучасных татараў, якія цяпер жывуць у Беларусі, Літве і Польшчы. З гэтых краін у каталёг трапіла адпаведна 19, 8 і 7 пунктаў. Куды зьнікла Беларусь з назвы? Пра беларускія гарады і вёскі пішацца так: з 1918 году ў Польшчы, з 1945 (у асобных выпадках — 1944) — у межах СССР. Перадапошняя дата яшчэ можа знайсьці апірышча ў міжнародна-прававых актах (савецка-польскі дагавор 1945 году аб дзяржаўнай граніцы), але ў 1918 годзе польскай адміністрацыі ў нашым краі яшчэ не было. Вядома, маецца на ўвазе само ўзьнікненьне ў тым годзе Польскай дзяржавы, якая быццам адразу ўвабрала ў сябе беларускія — «спрадвечна польскія» землі. Тое ж сказана і пра Вільню. Напісаўшы, калі нашы гарады і вёскі трапілі ў межы СССР, аўтары не палічылі патрэбным сказаць, калі яны выйшлі з тых межаў. Крэсы паўночна-ўсходнія для аўтараў, як вынікае з «Прадмовы», застаюцца актуальнымі.

Увогуле складаньне каталёгаў, хай сабе такіх маштабных аб’ектаў, як мячэты і могілкі, — справа няўдзячная. Заўсёды знойдуцца тыя, хто скажа: у каталёгу няма таго й гэтага. Каб падстрахавацца, аўтары самі зьмясьцілі сьпіс 70 мячэтаў і малітоўных дамоў татараў, якія некалі існавалі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, а колькасьць могілак вызначылі лічбай больш за 400. Сярод іх ёсьць (былі) вельмі цікавыя. Прыкладам, татарскія могілкі ў Сіняўцы Клецкага раёну, на якіх зрабілі танцпляцоўку, — мелі, лічылася, цудатворную сілу. Увогуле багаты матэрыял цяперашняга выданьня можа быць значна павялічаны, калі знойдуцца ахвотныя гэта зрабіць. Працы стане і пры ўдакладненьні зьвестак. Зьнішчэньне мізару (могілак) у Менску аўтары датуюць 1963 годам. У той час ён быў хіба толькі зачынены, бо яшчэ ў 1970-х гадах той мізар быў улюбёным месцам гульняў аўтара гэтых радкоў. На тым пагорку рамантычна расьлі дрэвы, скрозь хмызьняк праглядаліся замшэлыя «царскія» надмагільлі, на сьцяжынках можна было знайсьці чэрап з раскапанай магілы... Ад зьнішчанага ў 1980-х гадох мізару засталася адна толькі магіла вэтэрана, сваякі якога не схацелі пераносіць прах на іншыя могілкі.

Сумнеўным выглядае супрацьпастаўленьне татарскіх могілак і хрысьціянскіх. Татарскія заўсёды былі па-за межамі вёсак і мястэчак, іх імкнуліся пакласьці на пагорку ці ўзьлеску; хрысьціянскія, быццам, заўсёды да XVІІІ-ХІХ ст. былі ў населеных пунктах пры касьцёлах. Можа, у Польшчы так і было, але ў Беларусі касьцёлаў і цэркваў было параўнальна менш, мясцовыя каталікі і праваслаўныя часьцей хавалі нябожчыкаў па-за вёскамі, зноў жа на пагорках, у адметных урочышчах. Так што татары ў разьмяшчэньні мізараў перанялі некаторыя пахавальныя традыцыі беларусаў.

Застаецца нагадаць, што папярэдні том цяперашняй сэрыі пра татарскія помнікі быў прысьвечаны зброі і ўзбраеньню, а наступныя будуць пра пісьменства і розныя рэчы рукадзельля і матэрыяльнай культуры (разам з выбранымі архіўнымі дакумэнтамі ды іканаграфічнымі матэрыяламі). Мяркуючы па ўсім, беларусы і беларускія татары зноў застануцца ўбаку ад гэтай справы і зноў будуць вымушаныя толькі ўдакладняць і дапаўняць зробленае іншымі.

Валеры Пазьнякоў


НОВЫЯ КНІГІ

 

Тэрміналягічныя слоўнікі (асобныя выданьні) 1918-1998 г.: Бібліяграфічны даведнік/ Рэдактар Г.Цыхун. — Менск: “Беларускі кнігазбор”, 2000. — 74 с. — (Беларуская тэрміналёгія. Вып.1). — Наклад 300 ас. ISBN 985-6318-67-Х

Першая спроба падсумаваньня працы беларускіх мовазнаўцаў у стварэньні нацыянальнае навуковае тэрміналёгіі. Зьмешчаныя зьвесткі пра 263 беларускія слоўнікі ад 1919 да 1998 году, а ў дадатак іменны, тэматычны, моўны, геаграфічны й храналягічны паказальнікі. Набыць можна ў выдавецтве: Менск, вул.Рэвалюцыйная, 15.

Дж.Бэрдшоў. Эканоміка. Ч.2. Макраэканоміка/ Пераклад з ангельскай Т.Паваліхінай; Пад рэдакцыяй А.Церашкова. — Менск: Тэхналёгія, 1999. — 527 с. — Наклад 1800 ас. ISBN 985-6234-77-8

Беларуская мова даўно пачала асвойваць грунтоўныя эканамічныя працы замежных аўтараў. Гэтая кніга – ня толькі добры параднік з макраэканомікі, але й цагліна ў беларускую экнамічную тэрміналёгію. Першы том выйшаў у 1996 годзе. Кніга мае цьвёрдую вокладку й параўнальна не дарагая — у краме “Тэхна” Беларускай акадэміі мастацтваў яе можна набыць за паўтары тысячы “зайцоў”.

Слова пра паход Ігаравы: Паэма. М.Гусоўскі. Песьня пра зубра: Паэма: Для старэйшага школьнага веку/ Укладальнік В.Кушнярэвіч; Прадмова, камэнтары В.Чамярыцкага. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 188 с. — (Школьная бібліятэка). — Наклад 20540 ас. ISBN 985-02-0184

“Слова пра паход Ігаравы” падаецца ў перакладах Янкі Купалы і Рыгора Барадуліна. Пасьляслоўе да “Песьні пра зубра” належыць Уладзімеру Калесьніку. Кніга яшчэ ёсьць у “Падпісных выданьнях” і ў “Кнігарні пісьменьніка”.

Беларуская мова: Ад А да Я: У дапамогу абітурыентам і школьнікам. — Менск: Вышэйшая школа, 2000. — 367 с. — Наклад 4000 ас. ISBN 985-66-0539-1

Чарговае выданьне мае на мэце падрыхтаваць маладога беларуса да паступленьня ў запаветную вышэйшую навучальную ўстанову.

А.Яскевіч. Біблійны пераклад. Аб духоўнай паэзіі. — Менск: 1998. — 87 с. — Наклад 650 ас.

В.Шелихин. Сердце помнит: Альбом-книга. — Менск: выдавецтва “Чатыры чвэрткі”, 2000. — 224 с., іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-6089-51-4

Колішні дыктар беларускай тэлевізіі й радыё, артыст Уладзімер Шаліхін згадвае пра свае сустрэчы з знакавымі фігурамі беларускай, савецкай і сусьветнай культуры: ад Міхася Забэйды-Суміцкага й Ларысы Александроўскай да Мсьціслава Растраповіча й Міхаіла Баярскага.

Слоўнік мовы Янкі Купалы. У 8 т. Т. 2: Д - К/ Складальнікі Ў.Анічэнка ды інш.; Рэдакцыйная калегія Ў.Анічэнка; Рэдактар У.Анічэнка. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 416 с. — Наклад 600 ас. ISBN 985-08-0345-2

Першы том выйшаў у 1997 годзе. У кнігарнях яго яшчэ можна адшукаць амаль задарма — за пару сотняў рублёў, другі ж каштуе чатыры з гакам тысячы.

Б.Дамавік-Крывіцкі. Ачмурэньне/ Б.Раскапэнда-Бабэцкі. Гэй, наперад! Гэй назад! Сатырычныя паэмы нашага часу. Пад рэдакцыяй народнага паэта Беларусі Н.Гілевіча. Прадмова В.Вімбоўскага. — Менск: Беларускае выдавецкае таварыства “Хата”, 1999. — 94 с., шаржы. — Наклад 500 ас. ISBN 985-6007-94-1

Дзьве сатырычныя паэмы перабудовачнага часу, друкаваліся ў “Звяздзе”.

С.Падокшын. С.Сокал. Палітычная і прававая думка Беларусі 16-17 ст./ Сэрыя “Гісторыя Бацькаўшчыны”, дадатак да часапісу “Права і эканоміка”. 2-е выданьне, дапоўненае. — Менск: 2000. — 120 с. - Наклад 280 с. ISBN 985-442-028-6

Кніга выдаецца другога разу й прызначаная студэнтам у якасьці дапаможніка.

С.Янчанка ды іншыя. Слоўнік катэгорыяў эканамічнае тэорыі./ Сэрыя “Эканоміка”, дадатак да часапісу “Права і эканоміка”. — Менск: 1999. — 288 с. — Наклад 200 с. ISBN 985-6194-99-9

Слоўнік у пэўнай ступені скалькаваны з расейскае мовы. Шмат тэрмінаў выклікаюць пытаньне: ці імкнуліся аўтары пільнавацца жывое беларускае мовы, ці ўсё ж арыентаваліся на “нормы” савецкага часу? Што да зьместу, дык можна сустрэць і гэткае (с. 118): “Манэты, што сёньня знаходзяцца ў абарачэньні, адбіваюцца з 1961 году”.

Замовы/ Укладальнік Н.Гілевіч; Мастак Г.Грак. — Менск: Беларускае таварыства “Кніга”, 2000. — 172 с., іл. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-6605-01-6

Лепшыя ўзоры беларускіх замоваў у сучасных запісах зьмешчаныя ў маленечкай кніжцы. Ніл Гілевіч піша ў прадмове: “Слова ў замовах надзеленае магічнай сілай. З гэтага, зазначым, і пайшла ў сьвет, у жыцьцё людзей паэзія”.

М.Бобрык. Як разбуралі цэрквы. — Менск: 1999. — Наклад 200 ас. - 38 с.

Апавядаецца, як пры канцы 1930-х на Беласточчыне палякі касавалі праваслаўныя прыходы й пераабсталёўвалі цэрквы пад касьцёлы.

Вяртаньне да сваіх: Станіслаў Грынкевіч, Франук Грышкевіч, Уладыслаў Казлоўшчык. Прадмова, укладаньне й камэнтары С.Чыгрына. — Беласток: Беларускі саюз у Рэчы Паспалітай, 1999. — 190 с.

Паэтычныя творы беларускіх нацыянальных дзеячоў міжваеннага часу ў Польшчы й пэрыяду нямецкай акупацыі 1941-44 г.

Kryыja: Crivica, Baltica, Indogermanica. N1 (3), 1998. — Менск, 1998.

Зь вялікім спазьненьнем толькі цяпер да нас дайшоў трэці нумар гэтага выданьня. Тэксты Ў.Лобача “Чараўніцтва ў Беларусі на тле сярэднявечных судовых працэсаў”, Ф.Клімчука “Да вытокаў фармаваньня ўсходнелавянскіх народаў”, В.Губінай “З гісторыі вывучэньня беларуска-балтыйскіх сувязяў”. Да кожнага тэксту падаюцца рэзюмэ па-ангельску й па-нямецку.

А.Казлоў. Нязгашаная сьвечка: Аповесьці. — Менск: Мастацкая літаратура, 2000. — 222 с. — Наклад 1300 ас. ISBN 985-02-0070-7

Я.Колас. Мой родны кут: Паэзія/ Укладаньне і ўступнае слова Р.Барадуліна. Для сярэдняга й старэйшага школьнага веку. — Менск: Мастацкая літаратура, 2000. — 383 с. — Наклад 6000 ас. ISBN 985-02-0210-6

Л.Руцкая. Пазаклясная праца па беларускай літаратуры: Дапаможнік для настаўнікаў. - Менск: Мастацкая літаратура, 2000. - 165 с. - Наклад 7300 ас. ISBN 985-02-0230-0

А.Міцкевіч. Вершы і паэмы/ Укладальнікі А.Клышка і К.Цьвірка; Прадмова А.Лойкі. - Менск: Мастацкая літаратура, 2000. - 279 с. - Наклад 2500 ас. ISBN 985-02-0481-8

Выданьне не належыць да нейкае сэрыі, мае звычайную сінюю вокладку.

Зборнік лепшых школьных твораў зь беларускае літаратуры/ Аўтар-укладальнік А.Фралоў ды іншыя. - Менск: Юніпрэс, 2000. - 224 с. - (Усё для школы). - Наклад 11000 ас. ISBN 985-6588-18-9

Сабраныя лепшыя творы зь беларускае літаратуры вучняў 6 - 11 клясаў.

Беларуская мова ў табліцах і схемах: Навучальны дапаможнік для вучняў старэйшых клясаў сярэдняе школы/ Г.Валочка, Я.Лаўрэль, В.Красьней ды інш. - Менск: ТАА “Юніпрэс”, 1999. - 192 с. - Наклад 5000 ас. ISBN 985-6588-16-2

Срэбны дождж. Пераклады з ангельскамоўнае паэзіі А.Таболіч. - Менск: Беларускі калегіюм, 1999. - 112 с. - Наклад 500 ас. ISBN 985-6318-45-9

Ангельскія паэты ў арыгінале й перакладзе ў беларускую мову паўстаюць дзякуючы руплівай працы Алены Таболіч - аўтаркі “Ангельска-беларуска-расейскага слоўніка” (1989) і “Кішэннага ангельска-беларуска-расейскага слоўніка” (1995). Рэдактары кнігі Міхась Скобла й Лявон Баршчэўскі.

Агляд кніг падрыхтаваў Віктар Мухін


Выдавецкія навіны

 

Шпіёнскі альбом

Фірма “Каўчэг” выдала зборнік вершаў Лявона Вольскага з NRM. Гэта ўжо другая кніжка беларускага рок-музыкі (першую, якая мела назву “Калідор”, сем гадоў таму выдала Таварыства Вольных Літаратараў). Сваёй новай кнізе Лявон даў назву “Фотаальбом”, бо аздобіў яе “шпіёнскімі” фотаздымкамі ваколіцаў Менску, якія зрабіў і падараваў яму былы пасол Польшчы ў Беларусі Марэк Зюлкоўскі.

 

“Historica”

Студэнты гістарычнага факультэту БДУ заснавалі ўласны навуковы часопіс, бо ня маюць магчымасьці друкаваць свае працы ў афіцыйных выданьнях. Першы маладзёвы гістарычны часопіс, які мае назву “Historica”, будзе выходзіць штоквартальна і распаўсюджвацца праз унівэрсытэты ў абласных цэнтрах. Выдаць першы нумар дапамагла Беларуская Сацыял-Дэмакратычная партыя (Народная Грамада).

 

Антыпод

Беларускі Калегіюм распачаў выданьне ўласнай культуралягічнай газэты з радыкальна-апазыцыянэрскай назвай “Анціпод”. Газэта настолькі апазыцыйная, што наогул ігнаруе палітычнае жыцьцё краіны. Ствараюць яе студэнты Калегіюму, якія вучацца на факультэце журналістыкі. У назве прачытваецца прозьвішча кіраўніка калегіюму Алеся Анціпенкі.

Юрась Барысевіч

 

«Пірат і русалка»

Адразу два новыя выданьні ў Наваполацку — палітычнае і літаратурнае. Рэгіянальную ўкладку “Рабочы Наваполацка” да газэты “Рабочы” рэдагуе вядомы журналіст і празаік Вінцэсь Мудроў. А бюлетэнь літаратурнага аб’яднаньня “Брама” “ПОСТ №1” ачоліў журналіст і паэт Андрэй Аляксандраў. На старонках бюлетэню — вершы і кароткая проза. У бліжэйшых нумарох выдаўцы абяцаюць надрукаваць эратычна-патрыятычную аповесьць Зьмітруся Баброўца “Пірат і русалка”.

Васіль Кроква

 

Каляндарык для школьнікаў

Таварыства Беларускай Мовы iмя Францiшка Скарыны да 160-ых угодкаў Францiшка Багушэвiча выдала каляндарык на 2000-2001 навучальны год з выявай знанага беларускага пiсьменьнiка. Інфармацыю пра набыцьцё каляндарыка даюць у сядзiбе ТБМ, што ў Менску на вулiцы Румянцава, 13 альбо праз тэл. 284-85-11.


Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны16

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Хлопец з Індыі паступіў вучыцца ў Санкт-Пецярбург, а ў яго адабралі пашпарт і адправілі на вайну4

Колькі трэба адкладаць у месяц, каб купіць кватэру па новай сістэме будаўнічых зберажэнняў2

У Польшчы затрымалі групоўку, якая па-за санкцыямі пераганяла люксавыя аўто ў Беларусь і Расію3

На вуліцы Карла Маркса ў Мінску прадаюць яркую сталінку. Квадрат каштуе больш за $4400

Мінчанка прадала машыну за 900 рублёў, а праз чатыры гады даведалася пра доўг 6000 рублёў4

Nvidia дамовілася інвеставаць да $100 млрд у ChatGPT — кампаніі плануюць стварыць суперінтэлект2

«На прабегу 40—55 тысяч пачынаюць прагараць клапаны». Беларусы пра досвед карыстання Geely13

Як Стакгольм перамог заторы без абурэння жыхароў8

«Залаты мяч» атрымаў французскі нападнік Усман Дэмбеле

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны16

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць