№ 17 (174), 24 — 30 красавіка 2000 г.
Анатоль Лябедзька: «Я буду агітаваць за беларушчыну асабістым прыкладам»
Новым лідэрам Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі на апошнім яе зьезьдзе быў абраны дэпутат Вярхоўнага Савету ад Ашмяншчыны Анатоль Лябедзька. Сёньня ён адказвае на пытаньні карэспандэнта «НН».
— Як цяпер АГП будзе змагацца за ўладу?
— Наўрад ці ў бліжэйшыя сто дзён мы пераселімся на Маркса, 40. Таму будзем ісьці крок за крокам: кансалідацыя дэмакратычных сілаў Беларусі, кантакты паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Расеяй дэмакратычнай (маю на ўвазе кантакты з Саюзам Правых Сілаў), вырашэньне ўнутраных пытаньняў — напрыклад, стварэньне жаночай арганізацыі ў АГП. Нашы прыярытэты — гэта праца з моладзьдзю, жанчынамі і прадпрымальнікамі. Грамадзянская Партыя хоча стаць народнай партыяй і па сутнасьці, і па колькасьці сяброў.
— З Вашым абраньнем АГП стане больш ці менш беларускамоўнай?
— Для нас гэта ня простае пытаньне. Некаторыя нашы сябры прапануюць адкрыта заявіць, што Грамадзянская партыя павінна прызнаць дзьвюхмоўе і такім чынам прыцягваць расейскамоўны электарат. Аднак такія падыходы не падтрымоўваюцца. Асабістым прыкладам я буду агітаваць за беларускую мову. Што да нашай моўнай пазыцыі, дык тая фармулёўка, якая была запісана ў Канстытуцыі 1994 году, вельмі добрая. І ўлічваючы тое, што ў нас у партыі вельмі вялікая праслойка прагматыкаў, я лічу, што мы можам рабіць акцэнт на эканамічную падтрымку беларускай мовы.
— Вы адзін з найактыўнейшых арганізатараў Чарнобыльскага Шляху-2000. Як плянуеце забясьпечыць спакой, бясьпеку і ўрачыстасьць абстаноўкі 26 красавіка а 18-й гадзіне на пл.Якуба Коласа?
— Чарнобыльскі Шлях — ня столькі палітычная, колькі жалобная акцыя. Яна не прысьвечана шостым угодкам праўленьня Лукашэнкі, яна прысьвечана Чарнобыльскай трагедыі... Рэжым не наступіць на тыя самыя граблі ў дзень смутку і жалобы — гэта быў бы крок за межамі ўсялякага сэнсу... 25 Сакавіка мы ўрэшце перамаглі. Лукашэнка прынёс прабачэньні журналістам расейскім, усіх журналістаў выклікалі ў МУС і прыносілі прабачэньні. Суды, што прайшлі, у пераважнай большасьці вымушаныя былі прызнаць, што людзі невінаватыя. Таму гэта была параза рэжыму і наша перамога. І мы павінны выйсьці 26-га. І калі будзе такі сцэнар, дык мы зноў пераможам. Я абсалютна ўпэўнены, што 26-га на вуліцы выйдуць дзясяткі тысячаў людзей.
— Вы зрабіліся фактычным лідэрам беларускай лібэральнай апазыцыі. Ці бачыце Вы сябе адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах?
— Лёс Беларусі будзе вырашацца на прэзыдэнцкіх выбарах. Нават паводле Канстытуцыі 1994 году Беларусь — прэзыдэнцкая рэспубліка. Таму дэмакратычныя сілы павінны сваю стратэгію выпрацоўваць не на восень бягучага году, не канцэнтруючыся на ўдзеле-няўдзеле ў парлямэнцкіх выбарах, а зыходзіць з падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў.
Што да кандыдатураў, дык найбольш прымальнай для ўсіх палітычных сілаў застаецца кандыдатура Міхаіла Чыгіра. Калі ж Чыгір будзе надоўга выкрэсьлены з палітычнага жыцьця з-за суда, дык прапаную вярнуцца да сваёй праграмы «пяць крокаў да адзінага кандыдата» — правесьці нешта накшталт папярэдняга галасаваньня сярод дэмакратычнага электарату, прапанаваўшы людзям 4—6 кандыдатураў, каб яны назвалі таго, хто, на іх погляд, можа быць адзіным кандыдатам.
Наконт парлямэнцкіх выбараў: мы за тое, каб удзельнічаць у кампаніі, якая завецца выбарамі. Які будзе фармат гэтага ўдзелу, будзем абмяркоўваць з калегамі па апазыцыі на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, што адбудзецца ўлетку. Магчыма, гэта будзе арганізаваны байкот, магчыма гэта будзе рэгістрацыя кандыдатаў, правядзеньне тлумачальнай працы з выбарцамі, карыстаньне магчымасьцю доступу да аўдыторыі, а пасьля арганізаванае зьняцьцё ўсіх дэмакратычных кандыдатураў.
— А ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі?
— Я вельмі добра стаўлюся да ідэі грамадзянства БНР, але не лічу, што яе можна раскруціць бяз доступу да электронных сродкаў масавай інфармацыі. Магчымасьці яе папулярызацыі сьціплыя, таму мы вымушаныя выбіраць, на што найперш скіроўваць свае невялікія чалавечыя ды фінансавыя рэсурсы. Таму калі б мне сёньня далі 10 хвілінаў на БТ, я б не гаварыў пра БНР, я б гаварыў пра тое, як дрэнна жыве сёньня селянін, я б гаварыў пра рэжым... Калі ў нас будзе хаця б частка ўлады, будзем гэтае пытаньне ўздымаць. Гэтая ідэя не належыць сучасным дэмакратам, яна належыць самой Беларусі. Яе рэалізацыя — справа толькі часу і сродкаў.
Гутарыў Андрусь Белавокі
Каментары