Архіў

Уладзімер Содаль. Ксёндз Вольскі

№ 18 (175), 2 — 9 траўня 2000 г.


 

 

Уладзімер СОДАЛЬ

Ксёндз Вольскі

 

Ня гэтак даўна, гартаючы «Нашу Ніву» за 1910 год, прачытаў: «Нядаўна меў тут першую імшу ксёндз Вольскі (родам ён з Радашкавічаў, вучыўся ў Пецярбургу) і на гэту памятку пасьля імшы раздаваў абразкі з подпісам па-беларуску з малітвай: «Маліцеся, брацьця, каб мая і ваша афяра была прынята ў Бога, Айца Ўсемагутнага».

Гэтая нататка мяне дужа ўразіла. 1910 год... Беларускія асьветнікі напружваюць усе свае сілы, каб ва ўсіх сфэрах наладзіць сьвядомае беларускае жыцьцё. У сьвятынях таксама. І, як бачна, дзе-нідзе ім гэта ўдаецца. І ў сьвятынях яны знаходзяць сабе аднадумцаў і пэўную падтрымку. Захацелася сабраць хоць трошкі зьвестак пра згаданага сьвятара. Але дзе гэтыя зьвесткі браць? Ці ацалела там хоць што? З такімі думкамі аднойчы я выбраўся ў Радашкавічы. З мною быў і фотамаэстра Анатоль Каляда. Мы ішлі зь ім галоўнай радашкавіцкай вуліцай, разглядаючы забудову. Раптам Анатоль і кажа: «Паглядзі на гэтую мураванку... Як ты думаеш, колькі ёй гадоў?»

Бачу — даўняй муроўкі. Шмат дзе цэгла вышчарбілася, высыпалася, сыплецца чырвоным парашочкам.

«Там бабка сядзіць пры сьцяне, на сонейку грэецца, — дадаў Анатоль. — Цікава, хто старэйшы: бабка ці дамок?»

Мы зайшлі ў дворык. Анатоль фатаграфуе бабку, ды ня так, як звычайна, вокам праз аб’ектыў, а з рукі, як тэлекамэрай. Часу ў нас мала, вобмаль, ці мо і зусім няма. Мы кіруемся на саракавіны да Веры Андрэеўны Сьніткі-Тарашкевіч-Ніжанкоўскай.

Я пасьпяваю толькі пра адно запытацца ў бабулькі: «Зь якога Вы году і ці ня чулі чаго пра ксяндза Вольскага?» На першае пытаньне адказала, што яна з чатырнаццатага. А што ж да Вольскага, дык гэты Вольскі — яе дзядзька!

Вось табе і маеш! Я мо гады з два ці тры думаў, як падступіцца да гэтага Вольскага!

Завуць жанчыну Стэфанія. Яе маці і сьвятар Вольскі былі родныя брат і сястра. Звалі яго Ян, нарадзіўся ў 1887 годзе. Быў ён вельмі набожны і праўдзівы. Вучыўся на сьвятара ў Пецярбургу. Знаўся зь Янкам Купалам. Вельмі хінуўся да ўсяго беларускага. Гарой стаяў за Беларусь, за беларусаў. У Радашкавічах ён быў нядоўга. Яго чамусь часта пасылалі з аднае парафіі ў другую: у Сноў, у Слуцак, Івенец, Нясьвіж... У Снове быў найдаўжэй. Вайна яго прысьпела ў Кобрыне. І ўсё было б добра, павінна было быць добра. У Кобрыне, як і ў іншых касьцёлах, Ян Вольскі славіў Бога. Славіў нашым беларускім словам, але аднаго разу ў якуюсь віну перад немцамі патрапіў адзін кобрыньскі юнак, і немцы меліся яго павесіць. Людзі, а найперш матка таго хлопца, пачалі прасіць сьвятара, каб той заступіўся. Пайшоў ён да немцаў. І яму неяк удалося абараніць юнака, і яны яго адпусьцілі. А праз колькі дзён па мястэчку пайшла пагалоска, што той хлопец, якога абараніў сьвятар, падаўся да партызанаў. Гэтая пагалоска дайшла і да немцаў. Яны Вольскага тут жа арыштавалі, вывелі ў поле і застрэлілі... Арыштавалі 9 лістапада 1943 году, а пазбавілі жыцьця 15-га.

Сьвятарова пляменьніца згадала, што тут, у Радашкавічах, ля мастка праз рэчку, жыве яе старэйшы брат. Яму ўжо за дзевяноста. Але мае добрую памяць і зоркія вочы і чытае яшчэ без акуляраў... У яго напраўду аказалася сьветлая памяць.

Так, ягоны дзядзька Ян Вольскі праз усё жыцьцё трымаўся роднай мовы. Прыгадаў, як у Радашкавічах быў якісь суд. А было гэта яшчэ за царом. Вось на гэтым судзе ён папрасіў судзьдзяў дазволіць яму сьведчыць на яго роднай мове, бо толькі на ёй ён можа даць праўдзівыя сьведчаньні...

У сьвятаровага пляменьніка знайшоўся і невялічкі здымачак Яна Вольскага. Ян Вольскі на ім у сваім пастырскім адзеньні. Спакойны і ўраўнаважаны, з добрай пастырскай аўраю. Паказаў мне сьвятароў пляменьнік і здымачак з магілкай Яна Вольскага.

Два здымкі... Пачатак пастырства і яго канец. А між імі цэлая вечнасьць, цэлая жыцьцёвая прастора, поўная імгненьняў, парываньняў, самаахвярнасьці. «Наша Ніва» з нагоды таго, што сьвятар надзяляў вернікаў абразкамі з малітвай па-беларуску, пісала: «Нашы беларусы надта цешыліся з гэтых слаўцоў у роднай мове». І гэтая ўцеха была ўсюды, дзе толькі служыў Богу Ян Вольскі.


Каментары

Цяпер чытаюць

Жанчыну-пульманолага з 30-гадовым стажам адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах6

Жанчыну-пульманолага з 30-гадовым стажам адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах

Усе навіны →
Усе навіны

У Закарпацці падлеткі 13, 14, 16 і 17 гадоў згвалтавалі 46-гадовую жанчыну3

Палітвязню з Маладзечна, у якога няма адной нагі, прысудзілі 4 гады калоніі1

Блогер-канспіролаг Вірус спыняе сваю дзейнасць, бо ніхто яму не данаціў13

«Прагноз кіроўцы — 15—16 гадзін на мяжы». Пасажыры аўтобусаў, што едуць у Літву, скардзяцца на незвычайна доўгае чаканне1

«Нават дарослыя хацелі далучыцца». Як беларусы ў эміграцыі арганізавалі летнік для дзяцей у Белавежскай пушчы

Застаўся без парэчак. Уладальнік гадавальніка пад Мінскам — пра тое, як надвор’е паўплывала на працу1

Топ-менеджарка Astronomer, якая абдымалася з CEO кампаніі на канцэрце Coldplay, таксама звольнілася4

У Віцебску абрынуліся сем гаспадарчых пабудоў з-за падмывання грунту

Смерць удовам. Археолаг расказаў пра знаходку, якая сведчыць пра жудасны звычай першых славян на Беларусі33

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жанчыну-пульманолага з 30-гадовым стажам адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах6

Жанчыну-пульманолага з 30-гадовым стажам адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць