Архіў

Уладзімер Содаль. "Наша Ніва" сьмяецца

№ 23 (180), 5 — 12 чэрвеня 2000 г.


 

Уладзімер СОДАЛЬ

"Наша Ніва" сьмяецца

Можа, гэта для некага будзе і нечаканкай, можа, гэта некага зьдзівіць, але "Наша Ніва" пачала сьмяяцца толькі напрыканцы трэцяга году свайго жыцьця, з сорак дзявятага нумару за 1909 год. А дагэтуль у "Нашай Ніве" гумару не было. Але вось у № 49 на апошняй старонцы зьявілася рубрыка "Жарты". З тае пары "Наша Ніва" больш-менш стала пачала друкаваць куточак гумару. А чаму да гэтага не друкавала? І напраўду, як гэта так, каб такая газэта, як "Наша Ніва, газэта для народу, ды была бяз гумару?!

Адказ просты. Не было ў рэдакцыі такога чалавека, які б заняўся гэтым. Але напрыканцы 1909 году ён зьявіўся. І ім стаўся ніхто іншы, як Ядвігін Ш. Вось толькі зь яго прыходам "Наша Ніва" пакрысе пачала сьмяцца. Сьмяялася з горкай долі сваёй, зь цемнаты сваёй. Дый ня толькі зь іх! Хапала ў тагачасным жыцьці з чаго сьмяяцца! І "Наша Ніва" разам з сваім гумарыстам Ядвігіным Ш. сьмяялася. Балазе, і сам рэдактар "Нашай Нівы" славіўся як самы заўзяты гумарыст. "Вельмі сьмяшлівы быў", – згадваюць пра яго. Шмат з таго, што колісь падслухаў і надрукаваў у "Нашай Ніве" Ядвігін Ш., увайшло ў залаты фонд нашага гумару. Вельмі часта, скажам, сёньняшнія газэты друкуюць такую сьмяшынку:

– Чаго плачаш, Янук?

– Капейку згубіў.

– На табе дзьве, толькі ня плач.

Янук узяў дзьве капейкі, схаваў іх і зноў плачэ:

– Дык чаго ж плачыш?

– Як жэ мне ні плакаць? Як бы ні згібіў гэнай капейкі, дык меў бы ўжо тры.

Чытачы сёньняшніх газэт і не здагадваюцца, што гэтая сьмяшынка калісь пайшла гуляць па сьвеце са старонак "Нашай Нівы". Ці яшчэ залацінка, падслуханая Ядвігіным Ш. і надрукаваная ім у "Нашай Ніве".

– Што гэта ў цябе, Яська, на носе сядзіць?

– Бародаўка!

– Чаму ж ты яе не зьвядзеш?

– Нельга! Яна ў пашпарце ўпісана. За гэта, брат, пападзець.

Пасьля Ядвігін Ш. зьбярэ пачутыя ім сьмяшынкі, жартовачкі і выдасьць у 1915 годзе асобнай кніжкай "Беларускія Жарты". У ёй зьявяцца і першыя беларускія жарты на літаратурныя тэмы такога кшталту:

– А паненцы хто больш да спадобы: пісар Янка Купала ці Якуб Колас?

– А мне што да іх за наўда! Я маю свайго кавалера: пісара ў воласьці.

Згаданы жарт пра Янку Купалу і Якуба Коласа быў для Беларусі зьявай новай. Гэта ці ня самы першы жарт пра нашых вялікіх. Ядвігін Ш., здаецца, першы паклаў у яго падмурак такую цаглінку. А было гэта, нагадаю, у далёкім 1915 годзе, у самы разгар вайны. "Дазволена ваеннай цэнзурай", – значыцца на адвароце вокладкі.

Нашаніўская пара – гэта пара народзінаў палітычнага і моўнага беларускага гумару.

І гэта натуральна: адбывалася адраджэньне нацыі. І гэтая зьява знаходзіла свой адбітак у гумары. Ядвігін Ш. пільна лавіў гумарынкі такога кшталту і шчодра частаваў імі чытачоў "Нашай Нівы". Вось колькі такіх гумарынак, занатаваных Ядвігіным Ш.

Спаткаліся раз беларусы з мазурамі. Вось мазуры і пытаюцца:

– Хто вы такія?

– Мы мужыкі, – адказваюць беларусы.

– Ага, музыцы... А адкуль ідзяце?

– Ад Буга!

– Ага, ад Бога! А што вы несяце на кіях?

– Пасталы.

– Ага, апосталы! Бачыце, – зьвярнуўся ўрэшце адзін з мазуроў да сваіх: "Я добра казаў, што гэта ня людзі. Гэта апосталы і музыкі ад Бога!"

***

Пытаўся беларус маскаля:

– Калі ў вас Вялікдзень?

– У Пятроўку, – кажа маскаль.

– Не, ня тое. Калі ў вас Васкрасеньне?

– Эва! У нас штотыдзень уваскрасеньне бывае.

Гэтыя свае гумарынкі Ядвігін Ш. чэрпаў поўнай жменяй з жыцьця. Сярод ягоных карпілаўскіх суседзяў, расказваюць, было шмат жартаўлівых. У іх Ядвігін Ш., перакананы, і падслухаў многія свае сьмяшынкі. Гэтыя сьмяшынкі і зараз перадаюцца ягонымі суседзямі і землякамі адзін аднаму.

...Ня гэтак даўно я наведаў Карпілаўку. Там спаткаўся з старэйшай і ўжо амаль адзінай жыхаркай Надзеяй Левандоўскай з Гаеўскіх, колішняй суседкай Лявіцкіх. Пацікавіўся, ці ведае яна хоць якія тутэйшыя старыя анэкдоцікі, жарты. Спадарыні Левандоўскай згадаліся дзьве даўнія гумарынкі.

Адзін лік, што каталік

Жыў тут у нас адзін. Звалі яго Дзявочка. І от прыйшло яму ў галаву з праваслаўных у каталікі перакінуцца. Надумаўся і перакінуўся. Запрог адзін раз валоў, узяў з сабою сына і паехаў да касьцёлу. Прыехаў. Валы паставіў за касьцёлам, сына пры іх пакінуў, а сам у сьвятыню зайшоў. Зайшоў і пацеры па-польску шэпча: "Ва імя айца, сьвятога духа... Амань!" А ксёндз быў побач. Чуе, як той малітву нявечыць, і ціха шэпча: "Дзе падзял сына?" А той, доўга ня думаючы, яму на гэта: "За касьцёлам стаіць, валы сьцеражэ..." – падумаў, што ксёндз пра ягонага сына пытаецца. А ксёндз хацеў сказаць, што слова "сын" у малітве прапусьціў. "Цо ты пляцеш?" – кажа недаўменна далей сьвятар. А гэты, што з праваслаўных у каталікі перакінуўся, дый зноў неўпапад: "Кашэчкі ды сявенькі!" Раззлаваўся ксёнжа і прагнаў Дзявочку з касьцёлу. Едзь, дурань, кажа, дадому, дахаты. Навучыся, як належа, пацеры казаць! Паехаў. Ехаў і ўсю дарогу думаў, за што яго з касьцёлу выправілі, здаецца ж, і пацеры вывучыў... ды так ні да чога не дадумаўся.

Лапці на патэльні

У Карпілаўцы сваіх жабракоў не было. Находзілі з суседніх вёсак. Надаралася і начавалі. От аднаго разу адзін такі жабрак заначаваў у аднаго гаспадара. Як заначаваў, дык і заначаваў: ужо раніца, уставаць пара, а ён усё сьпіць і сьпіць, як пшаніцу прадаў. Гаспадарам трэба ісьці малаціць, а ён усё сьпіць ды сьпіць. Кінулі гаспадары яго аднаго ў хаце, а самі пайшлі на ток. А жабрак выспаўся, колькі яму хацелася, па хаце прайшоўся. Есьці захацелася. Ён і давай па гаршчках ды варэйках лазіць. Зазірнуў у печ, аж там на патэльні гусак смажаны. Жабрак за таго гусака і ў торбу сваю. А замест гусака на патэльню лапці свае, неданоскі, шыбнуў. Шыбнуў і з хаты прэч. Ідзе па вёсцы і прыгаворвае: "Ой, божа, мае людцы! Як сьвет перамяніўся. Быў Гусакоўскі. Жыў у Панадворцы, пераехаў у Скавародцы. А цяпер з Скавародцаў перабраўся ў Тарбоўшчыну. Ці ж ня дзіва, людзцы, гэта!" – казаў ён стрэчным. З гэтымі словамі ён і выйшаў зь вёскі. А там шукай у полі ветру. Вярнуліся гаспадары з малацьбы, аж у хаце ні жабрака, ні гусака. Толькі лапці на патэльні.

Карпілаўка, 1999 г.


Каментары

Цяпер чытаюць

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа8

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Усе навіны →
Усе навіны

Альфа-самцы — гэта выключэнне, а не правіла. Вынікі новага даследавання11

З навальніцамі і парывістым ветрам. Якім будзе надвор'е на наступным тыдні

У Беларусі восем немаўлят да года наведваюць дзіцячы сад1

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем12

Мінчанка расказала, дзе пазнаёміцца з перспектыўнымі хлопцамі ў сталіцы14

Ціханоўскі насмажыў катлет на фестывалі «Тутака»45

Наколькі дакладна можна прадказаць надвор'е на месяц? І чаму дагэтуль не папярэджваюць пра тарнада за дзень?5

З'явіцца новая дзяржава — Новая Каледонія3

Заробак 73 рублі? На заводзе патлумачылі, адкуль у іх такія вакансіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа8

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць