Каляндар
10-21 верасьня 1975 г. у Менску праходзіў Чэмпіянат сьвету па клясычнай, вольнай барацьбе і самба. Насамрэч гэта былі тры розныя чэмпіянаты, аб’яднаныя менскім Палацам спорту. У іх бралі ўдзел 353 спартоўцы з 33 краінаў сьвету. У агульным заліку Савецкі Саюз заняў першае месца з 20 залатымі, 4 срэбнымі, адным бронзавым мэдалямі, на другім месцы размясьціліся асілкі Баўгарыі, трэцяе месца падзялілі прадстаўнікі Польшчы, Японіі, Манголіі.
Хай Вас, шаноўныя чытачы, не палохае трэцяе месца мангольскіх батыраў, якія здолелі апярэдзіць заходніх немцаў і амэрыканскіх каўбоеў. Тут усё заканамерна, гордыя сыны бяскрайніх стэпаў рыхтаваліся да Чэмпіянату сьвету па поўнай праграме: падымалі і завальвалі вярблюдаў, пераносілі зь месца на месца юрты, увесь час падсілкоўваючыся народным пітвом у выглядзе безалькагольнага кумысу.
Мянчук Зубкоў, на той час трохразовы чэмпіён сьвету, у фінале перамог баўгарына Ангелава і румынскага алімпійскага чэмпіёна Бергану, здабыўшы тым самым залаты мэдаль (адбылося гэта 12 верасьня). Падтрымаў земляка самбіст Валеры Кардап’янаў, прынесшы нам срэбны мэдаль.
15 верасьня 1700 г. памёр Андрэ Ленотр (стваральнік «францускага парку»).
16 верасьня 1825 г. памёр Францішак Карпінскі, польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польскага сэнтымэнталізму.
Францішак Карпінскі нарадзіўся ў 1741 г. на тэрыторыі сёньняшняй Украіны. Як прадстаўнік тыповай шляхецкай сям’і атрымаў адпаведную на той час адукацыю: езуіцкая школа, Львоўская езуіцкая акадэмія, удасканаленьне ведаў у Вене. У 1780 г. Карпінскі пераехаў у Варшаву, дзе вакол яго, ужо вядомага польскага паэта, склалася літаратурнае кола. У 1793 г., падчас чарговага палітычнага «патопу» Карпінскі пакінуў Варшаву і пераехаў на беларускія землі. На працягу 30 гадоў ён арандаваў фальваркі на Гарадзеншчыне і Пружаншчыне. Колішні апалягет польскага сэнтымэнталізму і польскасьці, зьмяніўшы асяродзьдзе, таксама цалкам зьмяніў захапленьні і погляды. Ён пачаў цікавіцца гісторыяй краю, падтрымліваць шчыльныя кантакты з тутэйшай шляхтай, якая лічыла сябе за літвінаў, зьбіраў вершы, пісаныя па-беларуску. Маючы прыязныя адносіны з гарадзенскім генэрал-губэрнатарам Кошалевым, Францішак Карпінскі прапанаваў выканаць некалькі рэформаў дзеля паляпшэньня сялянскага становішча. У сваіх поглядах паэт і арандатар быў прыхільнікам ідэяў Жан-Жака Русо, залатых часоў мінуўшчыны. Карпінскі ідэалізаваў вясковае жыцьцё, лічыў сялянаў маральна несапсаванымі. Тое тычылася і чалавечай сутнасьці: згодна зь ягонымі перакананьнямі, чалавек складаўся з двух процілеглых частак. Жарсьцяў, крыніцы ўсіх бед, і чуласьці – галоўнай дабраякасьці чалавека.
У 1819 г. Францішак Карпінскі, які меў тады 78 гадоў, набыў фальварак Хараўшчына, што ў Ваўкавыскім павеце, і здолеў на практыцы ўвасобіць сюжэт сваіх п’есаў-ідыліяў. Паэт разам зь сялянамі працаваў у полі, адкрыў для сялянскіх дзяцей у Хараўшчыне школу, у якой і настаўнічаў. Вяскоўцы сьпявалі песні, распавядалі легенды, казкі, а Карпінскі старанна запісваў. Ён памёр праз шэсьць гадоў пасьля таго, і быў пахаваны ў вёсцы Лыскава, што ў сёньняшнім Пружанскім раёне. Апрача літаратурнай спадчыны, паэт пакінуў нам свае ўспаміны, у якіх падрабязна апісваецца ягонае «беларускае» жыцьцё.
16 верасня 1975 г. Папуа-Новая Гвінея была прызнаная незалежнай дзяржавай. Да беларускай незалежнасьці засталося 15 гадоў, хаця працэс станаўленьня нашай дзяржаўнасьці ідзе і да гэтай пары.
17 верасня 1950 г. у Заходняй Беларусі адзначылі 11 гадоў з дня вызваленчага паходу Чырвонага войска і далучэньня рэгіёну да БССР.
Якія зьмены прынесла аб’яднаньне? Замест польскага сацыяльнага і нацыянальнага ўціску прыйшоў уціск савецкі, масавыя рэпрэсіі і вынішчэньне інтэлігенцыі, чыноўніцтва, афіцэрства, сялянства, пра што польская паліцыя і ўлады ня марылі ў самых сьмелых снах. Толькі ў 1939-1941 г. (паўтары гады!) у Заходняй Беларусі ад рук сталінскіх бандытаў пацярпела мінімум 150 тыс. чалавек, і гэта без уліку ваеннапалонных. Берасьце, Вялейка, Ашмяны, Беразьвечча, Чэрвень, Беласток, Катынь, Цьвер, Харкаў — вось далёка няпоўны пералік месцаў расстрэлу жыхароў Заходняй Беларусі. Хтосьці можа запярэчыць, што з далучэньнем беларускія дзеці атрымалі магчымасьць вучыцца ў роднай мове. Але вось што ўспамінае пра тыя часы навучэнец Глыбоцкай пэдвучэльні Леў Бялевіч: «…не маглі мы застацца абыякавымі, калі ў хуткім часе зразумелі, што ў вучэльні практычна не выкарыстоўваецца беларуская мова, што ігнаруюцца і замоўчваюцца наша гісторыя, культура. Зноў выпадаюць з праграмы калісьці забароненыя бальшавікамі імёны пісьменьнікаў, грамадзкіх дзеячоў». Маладыя людзі арганізоўвалі падпольныя суполкі, імкнуліся неяк супрацьстаяць гвалтоўнай русіфікацыі. Старэйшыя браліся за зброю. Да 1950 г. большасьць тых і другіх была рэпрэсаваная. Але і ў верасьні 1950 г. па нашых лясох гучалі стрэлы польскіх, украінскіх, беларускіх партызанаў, якія не хацелі жыць пад новым акупантам.
У 1800 г. была ўтвораная Пецярбурская езуіцкая акадэмія, а ейным першым рэктарам стаў Габрыэль Грубэр, славенец з паходжаньня, архітэктар і мэханік па прафэсіі, выпускнік Венскага ўнівэрсытэту з дыплёмам доктара мэдыцыны. Ён асушаў балоты ў Славеніі, будаваў караблі ў Трыесьце, выкладаў у езуіцкім калегіюме ў Любляне і рыхтаваўся да місіянэрскай працы ў Кітаі. Аднак скасаваньне Апостальскай Сталіцай Ордэна езуітаў перакрэсьліла пляны, і Грубэр апынуўся ў Полацку, які тады ўжо знаходзіўся ў складзе Расейскай імпэрыі, і дзе дзейнасьць Ордэна была дазволеная Кацярынай II.
Габрыэль Грубэр стаў выкладчыкам Полацкага езуіцкага калегіюму. Ён выкладаў матэматыку, фізыку, маляваньне і архітэктуру. Дзякуючы яму, кабінэты калегіюму былі абсталяваныя паводле апошняга слова тэхнікі; прыборы былі нятанныя і большасьць зь іх была зробленая ў нэтрах калегіюму. Уладзімер Арлоў у «Таямніцах полацкай гісторыі» паведамляе, што ў астранамічнай залі ўтрымліваліся тэлескоп даўжынёй восем футаў, баромэтры, тэадаліты, экватарыялы, астранамічныя гадзіньнікі, нябесны і зямны глёбусы… Полацкі калегіюм валодаў вялізнай кольскасцю карцінаў, гравюраў, скульптураў, аўтарам некаторых зь іх быў Грубэр.
Пасьля ўцараваньня імпэратара Паўла І, які ў сваёй дзейнасьці прыхільна ставіўся да каталіцтва і езуітаў, Габрыэль Грубэр пераехаў у Пецярбург, дзе і ўзначаліў Пецярбурскую езуіцкую акадэмію. У 1802 г. яго абралі Генэралам ордэна езуітаў, аднак праз тры гады езуіт-навуковец загінуў падчас пажару ў Санкт-Пецярбурскай езуіцкай рэзыдэнцыі. Нядобразычлівец пісаў пра Габрыэля Грубэра: «У гэтай прыгорбленай, зь вялізнай, зусім непрапарцыйнай малому целу і загостранай уверсе галавой паставе змяшчаўся розум і талент дэмана і найзьлейшае сэрца; у заўсёды апушчаных долу вачах блішчэла нейкае злавеснае сьвятло; сьціплая і як быццам нясьмелая хада хавала самыя ганарлівыя і дзёрзкія пляны душы».
Алег Гардзіенка
Каментары