Архіў

Алесь Аркуш.  Паэзія нумар адзін

№ 20 (229), 14 траўня 2001 г.


Алесь Аркуш

 Паэзія нумар адзін

Колішняя сталіца савецкай Украіны Харкаў выглядае больш пампэзна, чым Менск

 

Найбольшая ў сьвеце плошча; велічныя, як эгіпецкія піраміды, былыя ўрадавыя будынкі; бронзавы Тарас Шаўчэнка; Опэрны тэатар – амаль як наш Палац Рэспублікі. Тут і людзей жыве болей, чым у Менску, і мэтро мае чатыры лініі. Аднак што хаваецца за пампэзнасьцю? У Харкаве сёньня выходзіць толькі адна маленькая ўкраінскамоўная газэтка, нават дзьвюхмоўных няма. Касэтаў і CD з украінскай музыкай не відаць у шапіках. На вуліцы дзяржаўнай мовы практычна не чуваць. Гэткія ж, як у Менску, праблемы з нацыянальнай школай.

 

Затое ў Харкаве штогод адбываюцца літаратурныя, музычныя й тэатральныя фэсты. Генэратарам харкаўскага літаратурнага жыцьця зьяўляецца паэт, намесьнік старшыні Асацыяцыі ўкраінскіх пісьменьнікаў (ня блытаць з Саюзам пісьменьнікаў) Сяргей Жадан. Сёлетні фэст меў назву “Паэзія нумар адзін” і праходзіў у межах Харкаўскага міжнароднага кніжнага кірмашу “Сьвет кнігі – 2001” у будынку Опэрнага тэатру. Былі запрошаныя паэты й рок-музыкі з Украіны, Расеі, Беларусі і Літвы. Літоўцы не прыехалі. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі Славамір Адамовіч, Андрэй Хадановіч і рок-гурт “Zet”.

ТВЛ усталявала сувязі з Харкавым яшчэ ў 1994 г. Творы “тэвээлаўцаў” пэрыядычна друкаваліся ў харкаўскім часопісе “Український Засів”. Рэдактар пэрыёдыка Ігар Бондар-Тэрэшчанка і Сяргей Жадан у свой час прыяжджалі ў Полацак на тэвээлаўскую літаратурную канфэрэнцыю.

Першы дзень фэстывалю быў літаратурны. У прэсавым цэнтры кніжнага кірмашу адбыліся прэзэнтацыі анталёгіі сучаснай украінскай паэзіі “Протизначення” (украінскай і нямецкай мовамі) і маскоўскай паэтычнай анталёгіі “Время “Ч”: стихи о Чечне и не только”. Пасьля на плошчы перад Опэрным удзельнікі фэсту чыталі свае вершы. Беларусаў віталі цёпла. Потым у Літаратурным музэі адбылася паэтычна-музычная вечарына. Беларусы выступалі апошнімі. Я нават прытаміўся чакаць свайго выступу.

Другі дзень фэстывалю быў музычны. Спачатку рок-канцэрт адгрукатаў у малой залі Опэры. Увечары сьвята працягвалася ў маладзёвым клюбе “Живіт”. “Зэтаўцы” крыху ўзбадзёрылі харкаўскую кансэрваторскую музычную тусоўку. Іхная музыка, з лацінаамэрыканска-ірляндзкімі алюзіямі, гучала ва Ўкраіне надзённа, амаль каньюнктурна.

Гэтым жа днём Харкаў наведаў Леанід Кучма. Прэзыдэнт вырашыў асабіста павіншаваць тутэйшага япіскапа РПЦ з 70-годзьдзем. Юбілейная ўрачыстасьць таксама ладзілася ў Опэрным. Нечаканы візыт Кучмы скараціў працу кніжнага кірмашу амаль на тры гадзіны. Кнігавыдаўцам загадалі тэрмінова вызваліць памяшканьне. На вечаровым рок-канцэрце дзясяткі агітатараў раздавалі антыкучмаўскія газэткі.

Сьвятлана Алешка, мастацкая кіраўнічка тэатру “Арабэскі”, аднаго з сузаснавальнікаў фэстывалю, два дні вадзіла мяне па мясьцінах, зьвязаных зь Міколам Хвылявым (1893—1933), які, як выявілася, быў ня толькі клясыкам украінскай літаратуры, але й палітолягам. Сутнасьць ягонай тэорыі — “хвылявізму” — у тым, што Ўкраіна, каб стаць вялікай дзяржавай, павінна прайсьці капіталістычны пэрыяд разьвіцьця паскоранымі тэмпамі. Хвылявы распрацаваў тэорыю барацьбы дзьвюх культураў – украінскай і расейскай, пры якой украінская арыентуецца на Захад, прапанаваў стварыць “адзіны нацыянальны фронт”. Пасьля таго як нумар часопісу “Ваплітэ” з другой часткай ягонага раману “Вальдшнэпы” быў канфіскаваны НКВД і зьнішчаны, у 1933 г. Хвылявы застрэліўся. А тэатар “Арабэскі” названы паводле назвы аднаго з апавяданьняў харкаўскага клясыка.

Могілкі, на якіх пахавалі пісьменьніка, за савецкім часам зруйнавалі. Нядаўна магілу аднавілі, праўда ўмоўна, бо дакладна вызначыць месца ягонага пахаваньня немагчыма. Сёньня ва Ўкраіне творчасьць Хвылявога вывучаюць у школе. У дапаможніку, у прадмове да ягоных твораў, напісана: “Можа, ты – будучы мастак і напішаш нам партрэт “свайго Хвылявога”. Можа, ты створыш сцэнар фільму пра гэтае поўнае сьмелага парываньня жыцьцё? Можа, сам станеш пісьменьнікам? Ва ўсякім разе, не заставайся незацікаўленым”. Так ствараецца нацыя. А ў нас Ларысу Геніюш выдзіраюць з школьнай праграмы.

Адмыслова да фэсту быў выдадзены зборнік вершаў ягоных удзельнікаў у перакладах ува ўкраінскую мову. Зборнік пачынаецца нью-ёрскім вершам Адамовіча пра настальгію па Беларусі.


Каментары

Затрымалі кіраўніцтва Цэптар Банка13

Затрымалі кіраўніцтва Цэптар Банка

Усе навіны →
Усе навіны

Прынц Эндру перастаў быць нават і прынцам3

«Палякі сталі заўважаць наш зефір». Стваральнік крамы з беларускім каларытам расказаў, як культывуе беларускасць у Познані1

Польскае МЗС устрымалася ад каментавання выказванняў Лукашэнкі5

Пентагон ухваліў пастаўку Украіне ракет «Тамагаўк»2

У Беларусі заблакаваныя амаль 5 тысяч літоўскіх цягачоў і прычэпаў7

Мадура папрасіў у Пуціна вайсковай дапамогі6

Пратасевіч пацвердзіў, што ён сапраўды разведчык45

Арганізатары мерапрыемства ў Швецыі папрасілі Івана Краўцова лепш не прыязджаць47

Праваабаронцы: КДБ спрабаваў выкарыстаць святара Акалатовіча, каб завабіць у пастку нунцыя3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі кіраўніцтва Цэптар Банка13

Затрымалі кіраўніцтва Цэптар Банка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць