in memoriam
Наш і добры чалавек
Вестка пра сьмерць Паўла (сына Франца) Гапанёнка дайшла да мяне ў лісьце зь Вільні 19 сакавіка. Адышоў ён у вечнасьць 2 сакавіка ў Крулеўшчыне Докшыцкага раёну.
Нарадзіўся ён у Валодзьках, што ля Порплішчаў, а запомніўся мне яшчэ ў 1939 г., калі я наведваў расейскамоўную сямігодку ў Крулеўшчыне. Калі мы зь сябрам паскардзіліся яму, што замест расейскамоўных падручнікаў у краме можна купіць толькі беларускамоўныя, Павал Францавіч лёганька нас слоўцамі зусім зразумелымі — пра роднае, беларускае — высьцебаў. Тады ж мы першы раз пачулі пра дзяржаўную беларускую мову ў ВКЛ, нашу культуру, багаты фальклёр.
Я на ўсё жыцьцё запомніў ім сказанае і быў удзячны яму. Павал Гапанёнак, вядомы аграном і садоўнік, меў добрую бібліятэку зь перавагай усяго беларускага, сам быў практычным патрыётам, пра якога звычайна казалі, што гэта “наш і добры чалавек”. Тры акупацыі, якія зьведалі Крулеўшчына й Беларусь, вайна ды, нарэшце, цяперашняя антынародная ўлада — гэта ж нялёгкіх каля 90 гадоў Паўлавага жыцьця.
Ад мяне — спачуваньне ягонаму сыну, дачцэ і радні. З Богам, дарагі Павал, зь любоўю і хрысьціянскай беларускай ахвярнасьцю Ты прынёс даніну ўсім нам і Беларусі! Вечная Памяць!
Кастусь Акула, Таронта
Каментары