Архіў

Калёнка Алеся Бяляцкага

№ 17 (279), 3 траўня 2002 г.


Калёнка Алеся Бяляцкага

Камунізацыя

 

Усё нашае жыцьцё засьмечанае савецкімі штампамі. Назвы вуліцаў, калгасаў, газэтаў — усё гэта адтуль. Пасьля ўнівэрсытэту настаўнічаў я ў Лельчыцкім раёне, дзе быў калгас зь дзіўнаю назваю “Чырвоны памежнік”. Чаму не “пагранічнік”? Падумаўшы, я зразумеў, што быў ён утвораны каля мяжы з Заходняй Беларусяй яшчэ за часам беларусізацыі. Ужо 63 гады, як мяжа адышла далёка на захад, і слова “памежнік” ажывіла новае пакаленьне нацдэмаў, а той “Чырвоны памежнік”, мабыць, яшчэ паціху канае.

Камунізацыя ў нас заўсёды была зьвязаная з русіфікацыяй. Мала ў Беларусі было сваіх камуністычных памятак, таму шмат якія вобразы цягнулі з усходу. Сядзіць на лавачцы каля Сьвіслачы заснавальнік сацрэалізму Максім Горкі, глядзіць, як з раніцы народ бегае крос, а ўдзень п’е піва. І што з тым помнікам рабіць? Як жартаваў мой сябра, найтаньней было б памяняць яму галаву на галаву Максіма Гарэцкага. Вопратка па часе падыходзіць, адно што трэба было б у прозьвішчы адну літару зьмяніць ды дзьве дадаць.

Ва Ўкраіне, у Львове, паставілі новы конны помнік Уладзімеру Сьвятому. Яшчэ медзь на ім не набрала высакароднай патыны, і князь Уладзімер блішчыць як навюткі талер. Мне распавялі, што раней на медным кані сядзеў савецкі палкаводзец Шчорс, але яго зьнялі, паставілі раскірэкам у закінутым двары, а на каня пасадзілі Уладзімера… У Львове да савецкіх сьвятыняў ставяцца з гумарам. Так, на старой аптэцы, якую колісь наведваў Ленін, савецкую шыльду замянілі на новую, навукова ўдакладніўшы, што правадыр сусьветнага пралетарыяту лячыўся тут ад пранцаў.

Сьветлагорск — горад майго юнацтва. Як тлумачыць Жучкевіч у “Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі”, гэтая “назва сымбалізуе сьветлае жыцьцё новага Палесься”. Пры ўезьдзе ў горад раней вас сустракаў лёзунг “Сьветлагорск — горад сьветлай камуністычнай будучыні”. У Савецкім Саюзе было аж тры Сьветлагорскі: на матэрыковай Расеі, у Калінінградзкім анкляве і ў нас. Беларускі Сьветлагорск зваўся раней Шацілкамі, але гэтая назва здалася нашым “панямонскім” камуністам немілагучнай. Пабудаваць камунізм у асобным горадзе не ўдалося, і цяпер гэты горад — беларуская сталіца наркаманіі і СНІДу, своеасаблівы “помнік” камуністычных дасягненьняў. А чыгуначную станцыю яшчэ гадоў зь дзесяць не пераназывалі. І толькі потым яна стала звацца “Сьветлагорск-на-Бярэзіне”, мабыць, каб можна было адрозьніць ад іншых савецкіх Сьветлагорскаў, а пасьля развалу СССР — проста “Сьветлагорск”.

Чыгуначныя станцыі адчайна бараніліся ад саветызацыі. Таму да нашага часу дайшлі такія назвы, як станцыя “Янаў-Палескі” ў горадзе Іванава на Берасьцейшчыне і знакамітая дзякуючы Адаму Глёбусу і гурту “Бонда” станцыя “Койданава” ў Дзяржынску.

Дзяржынскі, дарэчы, — адзін зь нямногіх камуністаў, які меў дачыненьне да Беларусі. Адзін мой знаёмы нядаўна даводзіў палякам на сэмінары: “І зь Міцкевічам мы яшчэ можам пагадзіцца, што ён — супольны, і з Касьцюшкам, Манюшкам. А вось Дзяржынскага мы вам не аддамо. Гэта наш беларускі Дракула. Прыйдзе час — зробім у Івянецкім музэі экспазыцыю: камэра з цэмэнтавай падлогай, залітая крывёю, і Фэлікс, які з асалодаю страляе сваіх ахвяраў. А яшчэ — кампазыцыю з васковых фігураў пад назваю “Малады Фэлікс забівае са стрэльбы сваю сястру”, і будзем туды замежных турыстаў вазіць, паказваць”…

Алесь Бяляцкі

 


Каментары

Цяпер чытаюць

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»23

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскія студэнты пашылі калекцыю строяў у духу Радзівілаў6

Закрыццё межаў нельга лічыць эфектыўным метадам уплыву на рэжым Лукашэнкі — польскі эксперт13

Германія нарошчвае вайсковую моц і мяняе баланс сіл у Еўропе13

Ці можна ап'янець ад цукерак «Сталічныя» і марозіва з такой жа начынкай? Вось што паказаў эксперымент6

У «Мінск-Арэну» на канцэрт Дзімы Білана набіўся тлум народу. Гледачы скардзяцца на праблемы з квіткамі і паводзіны іншых43

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка24

Госця свецкага вечара ў Мінску шакавала сукенкай з галавой казулі14

Мінская крама прадавала ёлачныя шары з пісьменнікамі. Прапагандысты ўбачылі партрэт Геніюш і наляцелі15

Міністр транспарту расказаў, як будуць выконваць загад Лукашэнкі разабрацца з маршруткамі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»23

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць