Аддзел сустрэчаў
эсэ
Калі на небе ёсьць які-кольвек бюракратычны апарат, то ў ім мусова існуе аддзел, што адказвае за людзкія сустрэчы. Тых, хто доўга ня бачыўся, папросту сутыкаюць ілбамі ды з анёльскім замілаваньнем назіраюць, што ж далей будзе… У рэстарацыях, каварнях, бістро, альмарэях я бываю нерэгулярна, таму бальшыня сустрэч адбываецца ці ў транспарце, ці на вуліцы. Цікавасьць да нюансаў чужога жыцьця сягае мізэру, калі ягоны (жыцьця) носьбіт зьяўляецца перад вачыма ня ў самы зручны для цябе момант. Прывітаньні, дзяжурныя фразы, няёмкасьць і адзіная думка: “Колькі ж нам яшчэ прыпынкаў ехаць разам?”
Цёпла. Але кіроўца на нешта ўключыў абагрэў у салёне. Гутару з колішнім аднаклясьнікам, што пасьля 9-е клясы пайшоў іншымі дарожанькамі. Уручае візытоўку. Фірма “Рэспэкт”. Інжынэр па абслузе кампутарнай тэхнікі. Хто на што вучыўся. Лёха яшчэ за Гарбачовым ў школу ўсякія драбязкі на мікрасхемах цягаў. За дзесяць гадоў мала што зьмянілася. “Наташка Шатула ў Менску ў асьпірантуры”, — паведамляе ён вядомую мне інфармацыю пра нашую паўклясычную выдатніцу, што скончыла аддзяленьне замежных моваў ГДУ. Калісьці мы ўсе былі малыя ды сьмешныя, і вельмі простым было паспрачацца дзьвюм дзяўчынкам, з каторай сядзе за парту гэты хлопчык. І ўсё было лёгка вырашаць. Гэта дарослыя нам падораць спачатку чырвоныя гальштукі, а потым Фройда зь Юнгам ды навучаць яшчэ трымаць у кішэні дулю.
Абсалютна безь ніякіх дуль ды іншых “авашчэй і фруктаў” сустракаю яшчэ аднаго школьнага таварыша, зь якім сканчаў 11“А” клясу ў векапомным 94-м. Тады Андрэй заміж паступленьня матлянуўся на месяц у Нямеччыну. Таму штудыі на гістфаку пачаў браць толькі праз год. Цяперака ж Андрэй вярнуўся з войска. Служыў “пагранцом” у Смургонях. Усьміхаецца й кажа пра зьніклы цяжар над галавой. Я таксама гэтак пасьля “армейкі” гаварыў. У школе “дэмбель” працаваць не зьбіраецца. Распавядае пра маленькі гешэфт у Рэчыцы, зьвязаны з кніжным шапікам. “Па знаёмстве?” — пытаюся проста. “Яснае дзела”, — проста адказвае той.
Зь нейкіх прычынаў (мабыць, перад праверкаю Начальства) нябесныя чыноўнікі ладзяць адмысловыя дні, што становяць сабою доўгі шэраг выпадковых сустрэч. Заходжу ў крыты рынак і шпацырую без парасона пад дажджом зазыванак прыдбаць цяляцінкі, паляндвічкі ці “васхіціцельнай каўбаскі”. Між мясным і рыбным прылаўкамі бачу знаёмы твар. Затрымліваю позірк, і мяне пачынае “глючыць”: я ведаю, што гэты хлопец вучыўся на першых двух курсах разам са мною, але не магу згадаць ні імя, ні прозьвішча, ні нават мянушкі. Мабыць, і ён у такім самым становішчы. Але ж балбочам. Я пра школу, дзе працую. Ён пра ЦЭЦ, дзе робіць. Згадваем супольных знаёмцаў, чые імёны яшчэ не зацярушыліся… Цераблю свой шлях далей, выходжу на паветра, дзе пахне таварам і грашыма. Аліўкі, памаранцы, ашуканцы. Чакалядкі, пракладкі, асадкі. Ападкі ў выглядзе кароткачасовага (30 сэкундаў) дажджу цыганскага — прывітаньне ад нябесных бюракратаў. Чалавек у белым, вязаным клапатлівымі рукамі, швэдры. Гэтага дзядзьку я ведаю. Саслужбовец. Разам у Ваўкавыску лямку цягнулі. Дзьмітру было тужэй, бо ў Гомелі заставаліся ягоныя жонка з трохгадоваю донечкай. Цяпер яны побач. Жонка за прылаўкам згортвае дзённы гандаль. У нас жа паўтараецца папярэдні дыялёг. Дадаецца толькі супольная затрымка заробкаў — у іх, вытворцаў (Дзьмітры шчыруе на “Будматэрыялах”), і ў нас, бюджэтнікаў. Дабаўляецца Лука. Дастасоўваюцца згадкі пра нашых колішніх “дзядоў” і “чарапоў”. Між іх успамінаем і апошняга гомельскага габрэя Яўгена Міцюрыча.
Яго я згледжу літаральна праз 15 хвілінаў добрага настрою, жуючы дзяжурную піцу й сёрбаючы халоднае “Дняпроўскае”. Наш найкруцейшы (з-за жыдоўскае кемнасьці) “дзед” топчацца сюды-туды за вітрынай “Бярозкі”. Той самы ашчэр-усьмешка і адсутны зуб. Што дзіўна, бо легенды казалі, што на дэмбель Жэня павёз 500 даляраў і дзьве кайстры зэкаўскіх майстрункаў. На зуб гэтага мусіла хапіць! Старая жанчына праз пару хвілінаў аддае яму стосік фіялетавых паперак, і Міцюрыч разам з прыяцелем хаваецца зь відавоку. Дзяўчына ж, якая бяскрыла залятае ў “Бярозку”, зусім мяне не прыкмячае з-за нізкага зроку ці яшчэ якой прычыны й крочыць далей ад пірожных і салодкай вады. Толку, што я пазнаю яе? Не азываюся, каб не рабіць дарма чужой работы.
Сяргей Балахонаў
Каментары