Архіў

“Багема” пад заслону

№ 24 (286), 28 чэрвеня 2002 г.


“Багема” пад заслону

У Опэры з посьпехам прайшла апошняя прэм’ера сэзону — “Багема” Пучыні

Амаль усе новыя беларускія пастаноўкі апошніх гадоў — “Трубадур”, “Набука”, “Паяцы”, “Турандот”, “Лючыя дэ Лямэрмур”, “Князь Ігар”, “Барыс Гадуноў”, “Юбілей”, а цяперака яшчэ і “Багема” — рыхтаваліся з разьлікам на Салятурнскі фэстываль. Там, у Швайцарыі, на “Solothurn Classic Openair” (“Салятурнскім фэсьце клясычнай музыкі на сьвежым паветры”) гучаць толькі опэры ў канцэртным выкананьні, без дэкарацыяў, і наша Опэра ад 1997 г. галоўны ягоны ўдзельнік.

Дзякуючы патрабавальнасьці мэнэджэра фэстывалю Дына Арычы, беларуская Опэра мае цяпер неабсяжны рэпэртуар, якім можа ганарыцца кожны тэатар сьвету. Большасьць новых пастановак ажыцьцяўлялася сьпярша ў канцэртным варыянце, і толькі потым іх “апраналі” ў тэатральную сукенку — часта недарэчную, нібы з чужога пляча.

“Багеме” ў гэтым сэнсе пашанцавала: яна адразу нараджалася як тэатральны спэктакль. Пастаноўшчыкам запрасілі 33-гадовага Георгія Ісаакяна. Ягонае найвышэйшае дасягненьне — экстравагантны “Князь Ігар” у Марыінскім тэатры (1998). Гэтым спэктаклем пачыналіся першыя гастролі пецярбурскага тэатру ў “Мэтраполітэн Опэра”. Аднак пастаноўка не прыжылася на сцэне. Два гады таму пад націскам “ахоўнікаў нацыянальнае спадчыны” Ісаакянаў варыянт “Князя Ігара” замянілі на музэйны спэктакль, які нікога не раздражняў.

Ісаакян усяго паставіў пяць дзясяткаў спэктакляў, збольшага ў Екацярынбургу і Пермі, дзе ён працуе мастацкім кіраўніком Опэры. Амаль усе пастаноўкі — авангардныя; многія зь іх былі ўганараваныя найвышэйшай расейскай тэатральнай прэміяй — “Залатой маскай”.

Праца над “Багемай” пад кіраўніцтвам Ісаакяна моцна паўплывала на нашых салістаў і хор. Ім прыйшлося вучыцца рухацца. Харыстам, напрыклад, давялося есьці й піць, танчыць, заляцацца, пляскаць дзетак па попках…

Былі й авангардныя недарэчнасьці. Цяжка зразумець, адкуль у першым акце на сцэне зьявілася вялізная гіпсавая далонь і чаму ў другім акце замест далоні зьявіўся ступак, а ў трэцім абышлося без анатоміі. Шмат каго зьбіла з панталыку кабетка, якая ілюстравала сэксуальныя грашкі аднаго з другаплянавых пэрсанажаў. Яна зьявілася на самым пачатку спэктаклю, і з-за яе было сапсаванае ўражаньне ад доўгачаканага зьяўленьня галоўнай гераіні — Мімі.

Але ўсё гэта дробязі ў параўнаньні зь відавочным посьпехам. Рэжысэр не пабаяўся перанесьці дзею з 1830 у 1930 г. Дзякуючы гэтаму зьмянілася ня толькі даўжыня спадніцаў, але й канцэпцыя спэктаклю. Замест нікчэмнага зброду на сцэне адлюстравалася жыцьцё Манмартру й Манпарнасу часоў Пікасо і Суціна. Традыцыйная “Багема” — гэта спэктакль пра няўдачнікаў, ня здольных зьмяніць сваё жыцьцё. У пастаноўцы Ісаакяна — спэктакль пра людзей, якія імкнуцца да посьпеху і гатовыя дзеля яго ахвяраваць сваёй чалавечнасьцю.

У апошняй дзеі героі, апранутыя ўжо ня ў швэдры, а ў смокінгі, балююць у дарагой рэстарацыі. І ў гэтую хвіліну зноў зьяўляецца Мімі. Яна відавочна памірае… Стравы зьнікаюць, стол ператвараецца ў сьмяротную пасьцелю. Але Мімі, што ляжыць на стале, выяўляецца лялькай, а сапраўдная Мімі — ейная душа — ужо туляецца па сцэне й сьпявае, незаўважная для астатніх, занятых мітусьнёй вакол лялькі. Яны ліхаманкава зьбіраюць грошы, каб заплаціць лекару… але гэта ўжо непатрэбна. Раскаяньне прыходзіць да гэтых людзей запозна.

З музычнага боку “Багема” амаль дасканалая. Мімі (Вікторыя Курбацкая) і Мюзэта (Тацяна Трацяк) сьпяваюць бліскуча, а Ўладзімер Пятроў у партыі Марсэля робіць нават большае ўражаньне, чым Сяргей Франкоўскі ў эфэктнай партыі Рудольфа. Харошы і Ільля Пэўзнэр у сьціплай партыі Калена. Усе яны, апрача Франкоўскага, засьпяваюць “Багему” ў Швайцарыі (спэктаклі адбудуцца 5 і 9 ліпеня).

Прагучаў і аркестар, хоць дырыжор Аляксандар Анісімаў быў крыху абыякавым і акадэмічным. Мо таму, што ня ўдзельнічае ў салятурнскіх спэктаклях. А мо таму, што лёс тэатру сёньня няпэўны. Рамонт будынку насьпеў, а пераезд трупы ў непрыстасаванае памяшканьне пагражае ёй зьнішчэньнем. Адна надзея на гастролі, ад якіх і менчукі атрымаюць кавалачак асалоды.

Юлія Андрэева


Каментары

Цяпер чытаюць

Што вядома пра 26‑гадовую беларуску Веру, якую прадалі на органы ў М'янму

Усе навіны →
Усе навіны

Вядучыя сусветныя СМІ адмовіліся падпісвацца пад новымі правіламі Пентагона. Ім пагражае пазбаўленне акрэдытацыі2

З беларускай драўніны пабудаваная не толькі Рыга, але і палацы ў Брытаніі

Офіс Ціханоўскай сапраўды разглядае пераезд у іншую краіну. Найперш — у Польшчу48

Вайскоўцы заявілі аб захопе ўлады на Мадагаскары. У адміністрацыі прэзідэнта сцвярджаюць, што ён застаецца на пасадзе2

У Беларусі ўпершыню з’явілася вакцына, якую бацькі чакалі гадамі. Па шалёным кошце, але раскупілі яе ў момант8

МЗС Украіны выдала заяву ў сувязі з рэпрэсіямі па «справе Гаюна»29

Салігорскі «Шахцёр» афіцыйна прызналі банкрутам3

З батанічнага саду ў Германіі скралі гіганцкую расліну, якая моцна смярдзіць падлай6

У Гомельскім цырку клоўн падчас выступлення праз неасцярожнасць пакалечыў мужчыну4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра 26‑гадовую беларуску Веру, якую прадалі на органы ў М'янму26

Што вядома пра 26‑гадовую беларуску Веру, якую прадалі на органы ў М'янму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць