Архіў

Мода на мазгі

№ 26 (288), 12 ліпеня 2002 г.


кіно

Мода на мазгі

Галівуд шукае новага героя для баевікоў. Шварцэнэгеру і Сталонэ ідуць на зьмену “інтэлектуалы” — Бэн Афлек і Мэт Дэйман.

Дзіўныя часы надышлі. Усе сучасныя кінагероі — здыхлікі нейкія. У “Чалавеку-павуку” лёс Нью-Ёрку ляжыць на маленькіх далоньках Тобі Магуайра, што граў зацюканых падлеткаў у “Цудоўных хлопцах” і “Ледзяной буры”. Барацьбу са злом у “Валадару пярсьцёнкаў” узначальвае бледны велікавокі Элайджа Вуд, у якога, здаецца, яшчэ нават барада не расьце. Ня кажучы ўжо пра Гары Потэра (Дэніэл Рэдкліф), занадта маладога, каб кіраваць чым-небудзь, апроч мятлы. Арнольд Шварцэнэгер мог бы іх усіх на адну далонь пасадзіць, а другой расьцерці. Але ён прайграе гэтым недамеркам у змаганьні за гледача, як і Сыльвэстар Сталонэ ды Стывэн Сыгал.

Колішнія тытаны баевікоў пад пагрозай выміраньня. Галівудзкія прадусары даўно прадбачылі, што іх трэба будзе замяніць новым пакаленьнем герояў. Студыя “Юнівэрсал” зрабіла стаўку на мускулятуру Дуэйна Джонсана, вядомага таксама як “Скала”. У фільме “Цар скарпіёнаў” ён ідзе Арнольдавымі сьлядамі: крышыць усё, што сустракаецца ў яго на шляху. Але “Скала” — выключэньне з правіла. У сучасных баевіках мазгавыя зьвіліны зрабіліся важнейшымі за магутныя біцэпсы. Кінавытворцы знаходзяць новых зорак у акторскіх школах, а не ў спартзалях. А надзвычайны посьпех фільму “Анёлы Чарлі” сьведчыць, што героем касавага баевіка можа быць і жанчына. Таму паўстае пытаньне: хто з актораў маладога пакаленьня будзе аднолькава пераканаўча ставіць пасткі на шпіёнаў, перамагаць нікчэмных ворагаў, фліртаваць з наступніцамі Шэран Стоўн ды ратаваць дэмакратыю? Іншымі словамі, хто зойме месца вялікага Гарысана Форда?

Ролю агента Джэка Раяна, якога раней ігралі Гарысан Форд і Алек Болдуін, у фільме “Сума ўсіх страхаў” атрымаў Бэн Афлек. Паколькі актор гадоў на трыццаць маладзейшы за сваіх папярэднікаў, герой фільму таксама перажыў мэтамарфозу. Цяпер ён агент-пачатковец, якога толькі-толькі ўзялі ў ЦРУ. Раян занадта многа ведае пра новага расейскага прэзыдэнта Немерава (Сайран Хіндз) і таму апынаецца ў эпіцэнтры гісторыі, ад якой кроў халадзее. Злучаныя Штаты і Расея стаяць на парозе ўзаемнага зьнішчэньня. Абудзіў варожасьць адзін вельмі паскудны багацей, аўстрыйскі нэанацыст, якога сыграў Алан Бэйтс.

У выніку Бэн Афлек паўстаў перад надзвычай сур’ёзнай акторскай задачай: ён павінен выратаваць сьвет і адначасова прымусіць гледачоў забыцца пра Форда і Болдуіна, якія раней выконвалі гэтую ролю. Для Афлека гэта асабліва складана, бо яго ўжо звыклі бачыць у ролях задзірлівых, неспрактыкаваных япі і ў шэраг супэрмэнаў ён ня ўпісваецца. Афлек — як баксёр сярэдняй вагавай катэгорыі, які грае ў матчы цяжкавагавікоў. Аднак рэжысэр “Сумы ўсіх страхаў” Філ Алдэн Робінсан лічыць, што гэта, наадварот, адзін з наймацнейшых бакоў Афлека: “Бэн не зьяўляецца героем тыпу “мача”. Ён вызначаецца чуласьцю і інтэлігентнасьцю”.

Раян, сыграны Афлекам, — не культурыст, а хлопец, якіх шмат. А калі ягоная бравада нас не пераконвае, дык у тым не віна актора. Пасьля 11 верасьня мы па-іншаму ўспрымаем апакаліптычныя трылеры. Фільму, зьнятаму перад памятнай датай, цяжка паставіць нешта ў віну. Ён добра зроблены, трымае ў напружаньні і можа быць залічаны да тыповых летніх блякбастэраў. Герой мае адпаведнае свайму статусу заданьне, а выбух атамнай бомбы — які прынёс бы куды больш бяды, чым атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар, — гэта ўсяго адна зь перашкод на шляху да мэты.

Карцінаў, у якіх стрыжнем сюжэту будзе станоўчая місія героя, мы ўбачым болей. Мэт Дэйман сыграе ў фільме “Тоеснасьць Барні” агента ЦРУ, які страціў памяць. Працадаўцы вырашаюць пазбыцца яго, пакуль не дайшло да скандалу. Падчас боек Дэйман ужывае прыёмы каратэ, крышыць дзьверы, страляе, фэхтуе, вісіць на дахах і мчыцца вуліцамі Парыжу ў найлепшай сцэне аўтамабільнай пагоні з часоў “Роніна”. Усё гэта ён робіць без залішняй бравады, але вельмі плястычна і вытанчана. І мы не сумняваемся ў ягонай інтэлігентнасьці.

Дагэтуль Дэйман не здымаўся ў баевіках, бо не знаходзілася сцэнарыста, які прыйшоўся б яму даспадобы. А “Тоеснасьць Барні” рэжысэра Дага Лімана вызначаецца не абы-якім напружаньнем. Гэты фільм, зроблены паводле схемаў “паліцэйскага кіно”, падобны да “Сумы ўсіх страхаў” — толькі здаецца сьвяжэйшым, лягчэйшым для ўспрыманьня і менш патасным. “Каб уцячы з аточанага будынку, Барні ўжывае карту і рацыю, а ня зброю, — кажа Дэйман. — У фільме няма неапраўданага гвалту і выбухаў”.

Паводле “Gazety Wyborczej”


Каментары

Цяпер чытаюць

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі11

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

«Толікаў» можна было хоць неяк кантраляваць». Беларусы тлумачаць калапс на мяжы новым «бізнэсам»33

«Пазыкі ўзялі, вярнуць не могуць». Лукашэнка растлумачыў, што не так рабіў на «Амкадоры» Аляксандр Шакуцін2

«Белджы» адмовіўся ад ідэі серыйнага выпуску першага беларускага электрамабіля7

Барысаўцы скардзяцца, што ім забаранілі прадаваць дамы — іх збіраюцца зносіць і будаваць шматпавярховікі3

Джэй Дзі Вэнс зноў будзе прысутнічаць пры размове Трампа з Зяленскім. Ці надзене Зяленскі гальштук?11

У Магілёўскай вобласці жанчыны трапілі ў бальніцу пасля падпольных уколаў прыгажосці2

Трамп ледзь не сарваў перамовы на Алясцы праз нязгоду з Пуціным па Данбасе4

МУС Польшчы: Апастыль на дакументах для беларусаў не патрэбны ў любым выпадку. ЗАГСы ўсё няправільна зразумелі3

Адзін з самых уплывовых мастакоў свету Ай Вэйвэй наведаў Украіну і пабываў на фронце1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі11

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць