Архіў

Стракапытаўскі пагром

№ 34 (296), 13 верасьня 2002 г.

Стракапытаўскі пагром

Гэтую гісторыю я ўпершыню пачуў ад сваёй бабулі, Марыі Раманавай, у сярэдзіне 70-х. У часы БССР тая падзея была вядомая як “Стракапытаўскі мяцеж”. Ізраільскія гісторыкі называюць яе “Гомельскім пагромам 1918 г.” А для маёй бабулі ўсё гэта — дзіцячыя ўражаньні. Во што яна распавядала.

 

Рэвалюцыя — прыкрая неспадзяванка

“Бацька і маці мае паходзілі зь вёскі Баршчоўка, што між Рэчыцай і Гомелем. Гэта былі звычайныя сяляне. Бацька Сазонт нарадзіўся ў 1877 г. Маці Вольга — годам пазьней. Сям’я была незаможная. І ў бацькі, і ў маці было па пяцёра-шасьцёра братоў і сёстраў. Зямлі на ўсіх бракавала. Ніякіх пэрспэктываў у вёсцы для іх не было. На пачатку ХХ ст. нямала нашых аднавяскоўцаў эмігравалі ў Сыбір, дзе зямлі можна было браць колькі заўгодна. Калі мне споўніўся год, зьехалі і мы. Пасяліліся бацькі на ўскраіне Чыты. Напазычалі грошай у эмігрантаў-сваякоў, набралі зямлі пад грады і працавалі ад рана да рана. Бацькі вырошчвалі капусту. “Баршчоўская” капуста лічылася ў Чыце найсмачнейшай. Праз два гады бацька прыкупіў млын на Ангары і заарандаваў у мясцовых кітайцаў пякарню. Неўзабаве мы пабагацелі й зажылі па-панску: уласная пякарня (выкупілі), двухпавярховы дом у цэнтры Чыты, свой “выезд” з кучарам. Дарэчы, у Чыце найбольш заможнымі рабіліся не тубыльцы, а беларусы і ўкраінцы, якіх панаехала туды мо некалькі тысячаў. Мясцовыя занадта многа пілі гарэлкі і не любілі працаваць. Нават у найміты мой бацька браў іх неахвотна, аддаючы перавагу цьвярозым і працавітым кітайцам.

Пры канцы 1916 г. бацькоў пацягнула дахаты. Яны прадалі ўсё, што мелі, а грошы паклалі на банкаўскі акрэдытыў. Старэйшы бацькаў брат, Мінай Раманаў, на той час ужо меў у Гомелі ўласны гатэль і прапанаваў укласьці капітал ў якую-небудзь камэрцыю пры гатэлі. На Радзіму мы вярнуліся на пачатку 1917 г. І тут здарылася прыкрая неспадзяванка — лютаўская рэвалюцыя. Банк, які ўзяўся перавесьці з Чыты ў Гомель бацькавы грошы, збанкрутаваў. Бацькі зрабіліся жабракамі. Усёй маёмасьці ў іх было — адна вопратка, у якой выйшлі зь цягніка.

“Залаты якар”

У Гомелі мы пасяліліся ў старэйшага бацькавага брата Міная, у ягоным гатэлі “Залаты якар”, што стаяў на вул.Замкавай (цяпер — пр.Леніна), на тым самым месцы, дзе цяпер крама “Старт”. Месца было надзвычай зручнае — чыгуначны вакзал. Там жылі пераважна бедныя габрэі. Дагэтуль памятаю колькі сем’яў: Ёфэ, Шнэерсоны, Мельнікі, Майнцы, Фэльдштэйны, Плісецкія. Гомельскія габрэі займаліся пераважна гандлем і рамёствамі. Хтосьці скупляў у рыбакоў на Сажы рыбу гуртам, а потым прадаваў яе ўраздроб на рынку. Хтосьці гандляваў малаком і зелянінай. Абсалютна ўсе краўцы, шаўцы, дантысты і аптэкары былі габрэямі. Заможнымі лічыліся Мельнікі, што мелі ўласную цырульню. Боруха Мельніка называлі няйначай, як “гомельскі Ротшыльд”. Мясцовай знакамітасьцю быў піяніст Салямон Майнц — ён скончыў Варшаўскую кансэрваторыю і жыў з урокаў музыкі.

Усе гомельскія габрэі вызначаліся палымянай рэлігійнасьцю. У суботы нашыя суседзі хадзілі ў сынагогу, што была ў раёне Замкавай (сёньня ў тым будынку месьціцца архіў ЗАГСу). На прывакзальных вуліцах і асабліва на рынку панаваў ідыш.

Мае бацькі, простыя сяляне, ставіліся да габрэйскіх суседзяў досыць прыязна. Ня памятаю, каб нехта зь іх абражаў суседзяў з-за таго, што яны “іншаверцы”. Амаль усе мае сяброўкі на той час былі габрэйкамі. У суботы я хадзіла ў госьці да сёстраў Рывы і Ханы Мельнік, і іхны бацька, цырульнік Борух, прасіў мяне: “Манечка, зрабі ласку, нашчыпай лучынак для самавару, бо нам сёньня нельга”.

Габрэяў хавалі ў бочках

Аднойчы раніцою ўсе мы прачнуліся ад страляніны і ляманту, што чуліся з прывакзальнай плошчы. Там сноўдаліся нейкія вайскоўцы са стрэльбамі. Ужо пазьней дазналіся, у чым справа: два палкі Чырвонага войска, набраныя ў Разані і Туле, уцяклі зь белапольскага фронту і цягнуліся дахаты ў Расею. Узначальваў іх былы царскі генэрал Стракапытаў. На шляху ў дэзэрціраў ляжаў Гомель. Яны зладзілі ў нашым горадзе габрэйскі пагром.

Цэлы дзень мы баяліся выходзіць на вуліцу, назіралі за пагромнікамі з вокнаў. Добра памятаю, як салдаты пабілі вітрыннае шкло ў цырульні Боруха Мельніка і выцягнулі вялікія бутэлькі з адэкалёнам. Адэкалён яны выпілі на вуліцы, а цырульню падпалілі. У той самы дзень пачалі лавіць на вуліцах габрэяў. Колькі нашых суседзяў павесілі на ліхтарах ля вакзалу. На другі дзень на галовах мерцьвякоў сядзелі крумкачы і дзяўблі вочы. Было страшна, але цікава. Мне хацелася на вуліцу, але бацькі не пускалі. За пагромам мы з братам Сашам (быў ён на 2 гады старэйшы за мяне, дзесяцігадовую) назіралі з вокнаў. Маці адганяла нас, каб не глядзелі на шыбенікаў.

Вайскоўцы выглядалі жудасна: брудныя, барадатыя, падпітыя дзядзькі ў доўгіх шынялях. Яны стралялі ў паветра з ружжаў і голасна мацюкаліся. Потым невядома адкуль узяўся праваслаўны поп з харугвай, які цягаўся з салдатамі і заклікаў “біць жыдоў”.

Неўзабаве да нас прыбеглі габрэі-суседзі, мо чалавек зь дзесяць. Памятаю толькі дзьве сям’і: Мельнікаў і Шэндаравых, бо зь іх дзецьмі я сябравала. Габрэі страшна баяліся пагромнікаў. У гатэлі “Залаты якар” быў вялікі склеп, дзе стаялі бочкі з-пад віна, селядцоў і салёных гуркоў. Мае бацькі схавалі габрэяў у бочках, а зьверху навалілі нейкія скрыні. У той самы дзень да нас прыйшлі пагромнікі. Бачыла іх на ўласныя вочы. Запомнілася, што яны ўсе чухаліся, як сьвіньні. Дэзэрціры былі чымсьці разьюшаныя і паводзілі сябе вельмі нахабна. Маці сустрэла іх з абразом у руках. Бацька падрыхтаваў самагонку. Пагромнікі з ганку спыталіся: “Дзе тут жыдава хаваецца? Пакажыце нам жыдаву!” Мая маці запэўніла, што яна шчырая праваслаўная і ўласнымі рукамі гатовая перадушыць усіх хрыстапрадаўцаў-жыдоў. Бацька выставіў пагромнікам усю самагонку, што была ў хаце. На шчасьце, салдаты ня ведалі пра вінны склеп. Выпілі, перахрысьціліся на абраз і сышлі. Суседзі-габрэі хаваліся ў бочках да канца пагромаў. Маці і бацька насілі ім ежу і пітво.

Назаўтра салдаты пачалі страляць з гарматаў па гатэлі “Савой”, што быў на вуліцы Румянцаўскай (цяпер — Савецкая; сёньня на тым месцы стаіць так званы “Стары ўнівэрмаг”). У гатэлі зачыніліся былі чэкісты. Яны адстрэльваліся, але “Савой” усё ж разбурылі, а ацалелых чэкістаў (габрэяў і латышоў) пастралялі й перавешалі.

Пагром доўжыўся колькі дзён. Потым у горад увайшлі чырвоныя й павыганялі дэзэрціраў.

Нас з братам нарэшце выпусьцілі на вуліцу. Мо з палову дамоў ля чыгуначнага вакзалу і ў раёне так званага “Гарэлага балота” (цяпер — вул.Рагачоўская і Веткаўская) было спалена. Паўсюдна лунала пер’е з падраных падушак. На бруку ляжалі непрыбраныя трупы, сярод іх мы пазналі некаторых знаёмых.

Ужо потым суседзі-габрэі прапаноўвалі маці і бацьку грошы за выратаваньне. Але бацькі адмовіліся. Маці сказала, што ўсе мы суседзі і таму, маўляў, мусім дапамагаць адзін аднаму.

З Рывай і Ханай Мельнік, а таксама зь Нюсяй (Няхамай) Ёфэ мы доўга сябравалі. Зь Няхамай я вучылася ў Ленінградзе. Пасьля вайны Няхама Ёфэ, дыплямаваная інжынэрка, пераехала з мужам ва Ўфу. Падчас “справы дактароў” яе “вычысьцілі” з працы па “пятым пункце”. Праўда, потым аднавілі. Рыва Мельнік пасьля вайны пераехала ў Расею, а потым у Ізраіль. А яе малодшая сястра Хана загінула ў Бабіным Яры. Нацысты дарабілі тое, што ня здолелі зрабіць чырвонаармейцы-пагромнікі…”

Уладзіслаў Ахроменка


Каментары

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін6

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заявіў, што хоча і трэці блок, і новую АЭС7

Дональд Туск пацвердзіў: чыгунка Варшава — Люблін пашкоджаная ў выніку дыверсіі17

Пенсіянерка паблытала педалі і пабіла сем аўтамабіляў у Мінску ВІДЭА9

Польскае МЗС чакае ўбачыць наступствы адкрыцця двух КПП «у найбліжэйшыя тыдні і месяцы»19

Том Круз нарэшце атрымаў «Оскар»: яму ўручылі ганаровую ўзнагароду за ўнёсак у кіно5

У Мінску пачалася мадэрнізацыя незвычайнага аб'екта: абсерваторыі Планетарыя ў парку Горкага1

У Мінску прадаецца кватэра ў доме, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч3

Гэты рамонт каштаваў мінчукам амаль $100 000. Як думаеце, ён таго варты?12

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін6

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць