***
Новы альбом Шалкевіча: “Добрай раніцы”
Нарэшце маем кампіляцыю зь лепшых запісаў Шалкевіча ажно за дзесяць гадоў, выдадзеную на CD.
Новы альбом Шалкевіча: “Добрай раніцы” |
Людзі рагочуць, слухаючы Шалкевічавы песьні. З чаго, здавалася б, там можна рагатаць? Што мы — “Жлобская нацыя”, улюбёны стыль якой — “Смутны беларускі блюз”? Я неаднаразова быў сьведкам таго, як абураліся тутэйшыя, слухаючы “Жлобскую нацыю”. Маўляў, гэта карыкатура злосная, мы зусім не такія, мы гордыя, свабадалюбныя, мы, мы, мы... І я б абурыўся, калі б тое прасьпяваў пра нас які Юры Шаўчук. А то ж сказаў наш, мясцовы, сам такі ж, як і мы ўсе. Яму можна, ён мае на тое права.
З 19 нумароў альбому, які гучыць пад 80 хвілінаў, толькі іранічны маналёг пад арыгінальнай назваю “Bonus-track” раней не выдаваўся. Рэшта — песьні з розных праграмаў. Патрэбы выстройваць іх паводле якога сюжэту не было: да творчасьці Шлакевіча можна падбірацца зь любога боку.
Дылана я згадаў невыпадкова. Шалкевіч пашырае дыяпазон уласна бардаўскае песьні, як і амэрыканскі Боб, уносячы ў гэты жанр часам вельмі вострае рокавае гучаньне. Тыя гарадзенскія аражаваньні месцамі ўзорныя! А калі Шалкевіч зрэдку кідае музыкаў уласнага бэнду (ня ўвесь жа час ганарарамі зь імі дзяліцца!), агульнае ўражаньне ад ягоных песень не зьнікае. Дастаткова паслухаць прасьпяваны пад гітару прасьветлена-сумны шэдэўрык “Мы ехалі да Магілёва”, каб пераканацца, што любіць ён тую жлобскую нацыю надзвычай моцна. І магілёўскіх яе прадстаўнікоў — таксама!
Каб у Беларусі існавала традыцыя кабарэ, Шалкевіч быў бы тут першым нумарам, бо ўплыў на ягоную стылістыку з боку вядомых польскіх артыстаў (прыкладам — Анджэя Расевіча) адчувальны. Але гэта ня пляжыць арыгінальнасьць таго, што робіць Шалкевіч. Нездарма ж музычны крытык Вітаўт Мартыненка ва ўступе да альбому зазначыў, што “слухач знойдзе тут і шэраг проста неверагодных сюрпрызаў”. Я пакрыўджаны: Слухач трэба пісаць з вялікае літары!
P.S. Не магу не адзначыць арыгінальную знаходку “БМАgroup” — рэклямны трэк у канцы альбому, запісаны з голасам Памідорава. Ёсьць толькі адзін тонкі момант: каб пачуць тую рэкляму, трэба купіць дыск Шалкевіча. А як купіць дыск, калі рэклямы той нідзе больш не чутно?
Слухач з-пад Каложы
20 лістапада ў Палацы культуры вэтэранаў (Менск, вул.Купалы, 21) адбудзецца прэзэнтацыя альбому Віктара Шалкевіча “Добрай раніцы”, выдадзенага “БМАgroup”. Пачатак а 19-й.
Каментары