Выйшла ў сьвет беларускамоўнае выданьне кнігі прэзыдэнта Туркменіі Сапармурата Ніязава «Рухнама» («Духоўнасьць»).
Беларускае выданьне — ня першае ў шэрагу перакладных. У верасьні 2002 г. адбылася прэзэнтацыя «Рухнамы» па-расейску. Апроч таго, кніга выйшла па-турэцку, па-ангельску (ёю займаліся навукоўцы з Кембрыджу), па-японску, па-арабску, на фарсі. Асобнае выданьне выйшла па-туркменску, але арабіцай. Увадначас зь беларускім перакладам пачалася праца над польскім, украінскім, кітайскім і нямецкім перакладамі.
Мала таго, што «Рухнама» лічыцца ў Туркменіі другой кнігай пасьля Кур’ану, — ейны продаж яшчэ і не абкладаецца падаткамі. Пры гэтым цану кнігі Туркменбашы прызначыў сам — 50 тыс. манатаў (9,5 даляра ЗША, паводле афіцыйнага курсу).
Дзяржаўны піетэт да гэтага твору ў Туркменіі настолькі вялікі, што нават верасень — месяц, калі была скончаная «Рухнама», — пераназваны ў ейны гонар. У гонар гэтага твору будзе пабудаваная бібліятэка «Рухнама» зь некалькіх будынкаў. Адзін зь іх будзе цэнтральным, і там мусіць захоўвацца толькі адна кніга — сама «Рухнама». Туркменбашы атрымаў за напісаньне кнігі найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду — «Залаты паўмесяц». Гэта пятая ягоная найвышэйшая ўзнагарода.
Пераклалі кнігу на беларускую мову Мікалай Сільчанка, Анатоль Бутэвіч, Анатоль Кудравец, Леанід Дранько-Майсюк. Не з арыгіналу.
Твор Туркменбашы — рэдкі вынятак на беларускім кніжным даляглядзе. Кнігі адыёзных замежных палітычных дзеячоў у нас зазвычай зьяўляюцца па-расейску. На кніжным кірмашы ў Менску можна купіць за 20 даляраў нават «Майн кампф». Адзіная беларускамоўная папярэдніца «Рухнамы» — «Зялёная кніга» Муамара Кадафі.
АШ
З жыцьця ня выкрасьліць
| Валянцін Тарас, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтруічога. ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА |
Зноў згадалася пра тое гэтымі днямі, калі даведаўся, што ў нас, у Менску, выдадзена на беларускай мове кніга прэзыдэнта Туркменістану. А перакладчыкі яе — вядомыя літаратары. Не наіўныя юнакі — сталыя людзі. І, здавалася, дэмакратычных поглядаў, ніяк не прыхільнікі дэспатычных таталітарных рэжымаў, дзе б тыя рэжымы ні існавалі. Здавалася…
Балюча, горка ўжываць у дачыненьні да іх гэтае слова. Але даводзіцца.
…Ці можа хто-небудзь назваць імя хоць аднаго вядомага пісьменьніка, які ў свой час пераклаў на сваю родную мову «Майн кампф» Адольфа Гітлера? Ніхто не назаве. Бо «біблію» Адольфа перакладалі толькі нікому не вядомыя рамесьнікі. Таму мне цікава, што прымусіла беларускіх перакладчыкаў «Рухнамы» закрыць вочы на асобу яе аўтара? Няўжо грошы? Такія грошы — пахнуць, і вельмі гідка.
Думаю, што ўсё-такі ня варта было людзям сталага, мудрага веку пляміць свой талент абдымкамі з Туркменбашы. Бо рана ці позна будзе за гэта сорамна. Як было сорамна мне нават за юначы мой, несьвядомы грэх галашэньня над труной ката. З жыцьця ня выкрасьліць нічога.
Валянцін Тарас, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтруічога
Адказ Анатоля Кудраўца
![]() |
| Анатоль Кудравец. ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА |
Сытуацыя з выхадам «Рухнамы» па-беларуску мне трохі нагадвае эпізод з жыцьця партарганізацыі Саюзу пісьменьнікаў. Тады пры абмеркаваньні адзін зь вельмі актыўных літаратурных партыйцаў сказаў: «Я раману не чытаў, але лічу яго антысавецкім і шкодным».
Што датычыць асабіста майго ўдзелу ў перакладзе двух разьдзелаў кнігі, то я не шкадую. Іншае: калі б такая прапанова была зроблена мне пасьля таго, як стала вядома пра «замах» на прэзыдэнта Туркменістану і яго наступствы, рашэньне маё, безумоўна, было б іншае.
Анатоль Кудравец


Каментары