Вёска Вугольцы Докшыцкага раёну ляжыць на мяжы Бярэзінскага запаведніку.
Калісьці яе перапаўняла жыцьцё, на палях раўлі «Кіраўцы», працавала манумэнтальна пабудаваная фэрма. Вакол вёскі — бары ды балоты. Зямля заўсёды была неўрадлівая, але цэнтралізаванае плянаваньне і хімізацыя давалі свой плён. Калгасны ўраджай звозілі полем да вёскі Чарніца. Нармальную дарогу (гравійку) праклалі ад Бярэзіна да Вугольцаў пяць год таму. Прыкладна ў той час шмат хто са старажылаў разьвітаўся з алюмініевым посудам, тым самым на сваім досьведзе пазнаўшыся з такой зьявай, як паляваньне на каляровыя мэталы. Жыцьцё напрыканцы веку навучыла, адыходзячы, замыкаць дзьверы.
Дарогу праклалі, а ездзіць ня стала каму. Цяпер у вёсцы ўвечары сьвеціцца акон пяць. Жыхары — адны пэнсіянэры. Два разы на тыдзень прыяжджае аўтакрама ды ў суседнюю вёску Чарніца — раз на тыдзень аўтобус. Калгасу даўно няма. Палі зарастаюць хмызьняком ды лесам, што насоўваецца з запаведных лясоў.
Баба Вольга, што жыве па-суседзтве зь сям’ёй Асіповічаў, дзе мы спыніліся, — адна з тых, хто застаецца ў вёсцы на зіму. Яна даволі жвавая і энэргічная для сваіх гадоў кабета (ёй восемдзесят). Яшчэ два месяцы таму яна трымала карову, якая ў яе ацялілася. Шкадуе, што не прадала жывёліны раней, бо праз сваю рагулю, якая дужа нэрвавалася пасьля родаў, старая страціла вока.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Арцём Лява, Докшыцы.
Каментары