Архіў

Радыё «Сталін»

Калі я пачула ад сябра, што Эўракамісія прыняла рашэньне аб вяшчаньні на Беларусь па-расейску, заплакала ад бясьсільля.

Цяжка давесьці непрактычнасьць гэтага рашэньня людзям, якія прывыклі да панятку «эфэктыўная палітыка». Ланцужок, на іхні погляд, счэпліваецца так: перадача выходзіць на расейскай мове — яе разумеюць усе — усе дэмакратызуюцца. А далей дэмакратычная нацыя сама вырашае, што ёй рабіць з мовамі.

Але аксамітныя рэвалюцыі ва Ўсходняй Эўропе былі ня столькі сацыяльнымі, колькі рэвалюцыямі годнасьці. Этнасы рабіліся нацыямі, а нацыі не маглі стаяць на каленях і радавацца таму, што давалі. І беларусы здолеюць ацаніць такія абстрактныя рэчы, як грамадзянскія свабоды й правы чалавека, толькі калі да канца стануць нацыяй.

У іншым выпадку мы маем справу з насельніцтвам — сукупнасьцю простых людзей. А нашто простаму чалавеку абстракцыі — мова, гісторыя, спадчына, гонар, сьвядомасьць, правы, свабоды? У яго ёсьць усё, што патрэбна: мір, стабільнасьць; дзяржбюджэт у прафіцыце, ураджай уга-га, ВУП расьце; бытавую тэхніку, эўрарамонт, мабілкі, аўто, дачу бальшыня могуць сабе дазволіць. Адукацыя й мэдыцына — даступныя. На пахаваньне (!) кожнаму грамадзяніну Беларусі дзяржава выдзяляе $200 дапамогі. Чалавек ахутаны дзяржавай, бы коўдрай. А што пад коўдрай халаднавата й паветра сьпёртае — дык ня ў казку ж патрапілі. Гляньце, што робіцца ў сьвеце, — страшна тэлевізар уключыць! А ў нас ціха, пабожна і многа духоўнасьці — «Дажынкі», «Славянскі базар», «День белорусской письменности» (так і пішуць).

Чым радыё «Эўра» заахвоціць беларусаў да дэмакратыі? Тым, што немцы жывуць лепей? Дык на тое ж і немцы! Як для беларусаў, мы і так добра жывём, ніколі так не жылі. Што, пры ВКЛ? Дзе тое княства, і што нам да «лабусаў»?

Эўропа мае падтрымаць беларускую мову, сьвядомасьць і культуру. Калі яны хочуць мець справу з вольным народам, а ня з тым, што ёсьць цяпер.

Дарэчы, Лукашэнка і кумпанія аказаліся значна разумнейшыя за эўраспадарства — яны пасьлядоўна, няспынна, нястомна вытручваюць з масавай сьвядомасьці мову й гісторыю. За адзіннаццаць гадоў у гэтым кірунку не было ніводнай саступкі, ні ценю ваганьня або непасьлядоўнасьці — ад рэфэрэндуму 1995 г. да ператлумачваньня сэнсу Незалежнасьці, да абезыменьваньня праспэкту Скарыны. На Ганебным рэфэрэндуме галоўны вораг няволі быў вызначаны беспамылкова.

Уласная мова й культура — тое самае, што ўласная валюта з нацыянальнымі героямі на купюрах. Нацыя зарабляе, купляе і плаціць, жыве для сябе і на свае.

Што толку, што ў нас 17% людзей маюць вышэйшую адукацыю, а ў заходніх суседзяў па 9—10%? У іх людзі працуюць на ўласны дом, а ў нас і дому няма, значыць «быць месцу гэтаму пусту».

Хто з «нацыяналістаў» здолее растлумачыць такія рэчы нашым суродзічам, савецкім беларусам, якія нас успрымаюць як кот бляшанку, прывязаную да хваста? Насельніцтва гэтага не разумее. Дастаткова, каб разумела эліта.

Мы прывыклі з павагай і зайздрасьцю глядзець на Захад — як на лепей уладкаваны сьвет. Апошнія рашэньні Эўракамісіі зрабілі гэты погляд больш горкім, але й больш мудрым.

Шкада, але «ні цар, ні царэвіч, ні кароль, ні каралевіч, ні шавец, ні герой» нас ня вызваляць. Усё давядзецца рабіць самім, а самі мы вялікія маруды, няхутка ўправімся.

Каментары

Цяпер чытаюць

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП19

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Усе навіны →
Усе навіны

У арганізацыі рабавання Луўра падазраюць расіяніна, звязанага са спецслужбамі5

«Мы ў крызісе»: Офіс прэзідэнта Літвы заклікае прымяняць кінетычныя сродкі супраць шароў16

Учора на тэрыторыю Літвы заляцела 66 метэазондаў3

Трамп адказаў Пуціну на выхвалянне ракетай «Буравеснік»10

Міністр адукацыі Іванец заявіў, што дырэктар школы павінен сам здымаць пробу ў школьнай сталовай5

Названы найлепшы пад'езд у Мінску4

Як вучыць дзяцей карыстацца штучным інтэлектам?2

Маскву і вобласць атакавалі ўкраінскія беспілотнікі

Кітай і ЗША дамовіліся аб «рамках» гандлёвай здзелкі напярэдадні сустрэчы Сі і Трампа

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП19

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць