Афіша22

У Мінску будуць прэзентаваныя творы зорак літаратурнай і філасофскай думкі Еўропы

Фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры, першы ў гісторыі Беларусі, адбудзецца ў Мінску ў сакавіку. «Шэнгенка» — гэта магчымасць пазнаёміцца з літаратурнымі і філасофскімі творамі еўрапейскіх зорак першай велічыні.
Імпрэзы, прысвечаныя літаратурам і філасофска-сацыялагічнай думцы краін Сярэдняй Еўропы, цягам месяца пройдуць у цэнтры Мінска ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а). Цэлы сакавік у сумежнай з галерэяй кнігарні «логвінаЎ» будзе стаяць асобная палічка з перакладамі твораў чэшскіх, венгерскіх, славацкіх і польскіх пісьменнікаў, філосафаў і сацыёлагаў. Сучасныя і класічныя — падыходзьце і набывайце ці проста чытайце.

Ініцыятар праекта — «Лабараторыя навуковага і мастацкага перакладу», што аб’ядноўвае пачаткоўцаў і прафесіяналаў у галіне перакладу тэкстаў з замежных моваў, а таксама даследуе і распрацоўвае беларускую гуманітарную навуковую тэрміналогію і прынцыпы транслітарацыі. Кнігі серыі «Сярэдняя Еўропа» — плён двухгадовай дзейнасці лабараторыі па перакладзе твораў сучасных чэшскіх, славацкіх, венгерскіх і польскіх аўтараў на беларускую мову.

Суарганізатар — культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», ініцыятыва, якая паўстала ў сярэдзіне «нулявых» і з’яднала большасць актыўных прадстаўнікоў айчыннай культуры для пераадолення культурнай разрозненасці беларусаў. Кампанія фармуе моду на беларусацэнтрычны падыход ва ўсіх сектарах грамадства. Падтрымка кампаніяй такіх фестываляў — важны крок дзеля пашырэння еўрапейскага мыслення ў нашай краіне па-беларуску.

Расклад імпрэзаў фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры «Шэнгенка»

12 сакавіка (аўторак). Пасля ўрачыстага адкрыцця, дзе выступяць ганаровыя госці, адбудзецца літаратурная вечарына «Мультыкультурная віза», прысвечаная феномену сучаснай сярэднееўрапейскай літаратуры, у якой аўтары змаглі выйсці за вузкія межы нацыянальнага і ўзняліся да глабальнага сусветнага мыслення.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

• Петэр Надаш. Канец аднаго сямейнага рамана (раман);

• Рудольф Слобада. Розум (раман);

• Тадэвуш Ружэвіч. Без (выбраная паэзія);

• Анджэй Стасюк. На шляху ў Бабадаг (падарожная эсэістыка);

• Дамінік Татарка. Культура як стасункі (выбраныя эсэ).

У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыкі Алесь Карцель, Святлана Богуш, Марына Казлоўская, Марыя Пушкіна, а таксама славацкі паэт і выдавец Петэр Мілчак. Вядоўца імпрэзы — Андрэй Хадановіч. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Галерэя «Ў». Пачатак, а 19-й.

15 сакавіка (пятніца). Філасофская сустрэча «Наш вясёлы апакаліпсіс». Філасофія для нас пачынаецца недзе ў Грэцыі і далей пасяляецца дзесьці ў Германіі і Францыі, але зусім не ў нашых найбліжэйшых суседзяў. Кнігі серыі «Сярэднееўрапейскае мысленне» імкнуцца пераадолець гэты стэрэатып.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

• Лешак Калакоўскі. Наш вясёлы апакаліпсіс (зборнік эсэ);

• Іржы Пржыбань. Дысiдэнты права: пра «аксамітныя рэвалюцыі» 1989 года, спосабы легітымацыі, фікцыі легальнасці і сучасную версію грамадскае дамовы (манаграфія);

• Юзэф Тышнэр. Мысленне паводле каштоўнасцяў (манаграфія).

Чакаецца таксама прыезд і аўтограф-сесія аднаго з аўтараў — чэшска-брытанскага тэарэтыка права, філосафа, прафесара Іржы Пржыбаня. Сярод выступоўцаў — перакладчыкі і філосафы Аляксей Ластоўскі, Таццяна Урублеўская, Павел Баркоўскі, Валянцін Акудовіч, Лілія Ільюшына. Вядоўца імпрэзы — Ігар Бабкоў. Галерэя «Ў». Пачатак, а 19-й.

20 сакавіка (серада). Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча «Паўстанне Еўропы». Для Беларусі тэмы гістарычнага фармавання нацыі, адметнасці шляхоў паўставання вялікіх і малых этнасаў, пакручастасці лёсаў тых народаў, што гістарычна пражывалі на землях ад берагоў Дуная да берагоў Дняпра, вельмі блізкія і надзвычай цікавыя.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

• Iштван Бiбо. Пра гаротнасць малых усходнееўрапейскіх дзяржаваў (навукова-палемічная праца);

• Анджэй Валіцкі. Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм (зборнік навуковых артыкулаў).

Сярод выступоўцаў — перакладчыкі і рэдактары, сацыёлагі і палітолагі: Андрэй Храпавіцкі, Анатоль Сідарэвіч, Генадзь Сагановіч, Андрэй Казакевіч, Ігар Бабкоў, Аляксей Дзермант. Вядоўца імпрэзы — Аляксей Ластоўскі. Галерэя «Ў». Пачатак, а 19-й.

26 сакавіка (аўторак). Літаратурная вечарына «Пражская вясна ў Мінску». Прэзентацыя твораў чэшскай літаратуры як сусветна вядомых класікаў, так і сучасных папулярных аўтараў у дыхтоўных беларускіх перакладах:

• Багуміл Грабал. Я абслугоўваў ангельскага караля (раман);

• Эган Бонды. Запрашэнне на вячэру (выбраныя творы);

• Міхал Вівэг. Цудоўныя гады сабаку пад хвост (раман);

• Ірэна Доўскава. Моцны Жбуць (раман).

У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыкі і рэдактары Вераніка Бяльковіч, Ганна Янкута, Лявон Баршчэўскі, Віктар Жыбуль і віртуальны Макс Шчур. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўца — куратар серыі «Чэшская калекцыя» Сяргей Сматрычэнка. Галерэя «Ў». Пачатак, а 19-й.

29 сакавіка (пятніца). Мемуар-вечарынка. Жанр белетрызаваных успамінаў заслужана мае вялікую папулярнасць у свеце. Рэальныя падзеі часцяком могуць быць больш фантастычнымі і неверагоднымі за самую выкшталцоную выдумку, асабліва калі вядзецца пра трагічныя падзеі еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя.

На сустрэчы будуць прэзентаваныя наступныя кнігі:

• Жо Лангерава. Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л.;

• Ян Рознэр. Сем дзён да пахавання;

• Імрэ Кертэс. Страчаны лёс;

• Шандар Марай. Споведзь мешчаніна.

Удзел возьмуць перакладчыкі Павел Раага, Таццяна Абдулхакава, Святлана Рогач, Ірына Дарафейчук. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўцы — Андрэй Хадановіч і Сяргей Сматрычэнка. Галерэя «Ў». Пачатак, а 19-й.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка. Яму было 42 гады1

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка. Яму было 42 гады

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве перапахаваюць пісьменніка Сяргея Пясецкага4

Перавозчыкі ўжо аднавілі прамыя рэйсы ў Польшчу. Колькі цяпер каштуюць білеты4

«Дзіда трапіла яму ў грудзі». Падчас прадстаўлення ў Лідзе смяротна паранілі каня3

Трамп дазволіў НАТА збіваць расійскія самалёты і пахваліў Украіну за выдатную працу2

Трамп збіраецца пагаварыць з Орбанам, каб той не купляў расійскай нафты1

Беларус расказаў, як яго спрабавалі ўцягнуць у ценявы бізнэс па пастаўцы люксавых аўто з Польшчы ў Расію1

Новым сімвалам беларускага турызму зрабілі кветку бульбы14

У Барысаве збіраюцца выпякаць фіялетавы хлеб2

Тэхнабанк перастае вяртаць грошы па Tax Free. Як цяпер забіраць ваты?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка. Яму было 42 гады1

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка. Яму было 42 гады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць