Меркаванні22

Час «чы-ы­-ы­-ыз»

Камертон Сяргея Ваганава.

Апоўначы, калі набліжаецца час паўсоннага забыцця, ці не над самым вухам прагучаў аглушальны выбух. Потым яшчэ, яшчэ. І бясконцая страляніна… Я падскочыў да акна.

Дом, у якім я жыву, стаіць на высокім узгорку, звычайна з вакон далёка відаць. Відаць салюты з іх дрыготкім адбіткам у шкле ды пробліскамі на аблоках.
Відаць успышкі ад выбуховых пакетаў, якімі дурэе па начах у цёмных дварах непрыкаяная пацанва. Не кажу ўжо пра маланкі і бліскавіцы па ўсяму набракшаму летнімі навальніцамі далягляду.

На гэты раз за акном было туманна, шэра і сыра. Спакойна свяціліся ліхтары, ішлі, не азіраючыся, рэдкія мінакі, быццам нічога не чуючы… «Мусіць, за горадам, — падумаў я. — Мо які склад выбухнуў… Ды не, гэта ў цэнтры, недзе зусім побач. Але чаму нічога не відаць?»

Узгадалася, як аднойчы выбухнула на ўскрайку Мінска газабалонная станцыя. Але тады шугала на паўнеба, па начному гораду з жахлівым выццём імчэлі «хуткія» і міліцыя.
А зараз ні сірэн табе, ні выцця, ні свісту — мяккая туманная цішыня, нібыта толькі ў маім пакоі выразна чуецца, як ляскочуць ці то аўтаматы, ці то кулямёты, і гулка бухае нешта танкавае, гарматнае, ці то нешта яшчэ якое… А дзе ж трасёры? Павінны ж быць трасёры… Нават я, чалавек наскрозь цывільны, як і ўсе, каго прамінула калі не «гульба, то пальба», навучыліся па тэлекарцінках апошніх гадоў пазнаваць прыкметы сапраўднай смяротнай пальбы. Але трасёраў не было. Начное неба было начным і толькі…

Я ўключыў тэлевізар. На беларускім канале чарговы канцэрт.

І раптам званок.

«Ты чуеш? — голас жонкі з лякарні быў стрымана трывожны. — Мо на ўсялякі выпадак апрануцца? Тут у нас усе апранаюцца…» —
«Пачакай, — сказаў я. — А што ты чуеш?» — «Страляюць… здаецца… зусім побач. І нешта гарыць…» — «Не палохайся і не панікуй. Зараз прыеду…» — «Не смей…» — «Ды я за табой прыеду… Вось толькі высветлю…»

У слухаўцы нешта затрашчала, і я пачуў нейкі жаночы лямант:

«Так-так, з нашай палаты ўсё відаць… Ля рэзідэнцыі танкі… Чуеце? Там ідзе бой… Даскакаліся… Дагуляліся…» —
«Ды супакойцеся вы!» — закрычаў я ўжо ў пустату, што нахабна ўзбуджалася кароткімі, бы джалы, гудкамі.

Тэлефона паверха, адкуль тэлефанавала жонка, я не ведаў. Ведаў толькі, што ад лякарні да прэзідэнцкай рэзідэнцыі метраў трыста, не болей…

Я набраў нумар Уршулі. Ад яе да рэзідэнцыі метраў пяцьсот.

«Сяр’ёжа? — здзівілася яна позняму званку. — Што здарылася?»

…Апошнім разам з Уршуляй, польскай журналісткай, мы сустракаліся заўчора, у нядзелю, на плошчы Незалежнасці, дзе адбываўся чарговы мітынг праціўнікаў Лукашэнкі. Людзей сабралася не больш і не менш, чым збіралася ўвесь лістапад да рэферэндума — тысячы дзве, мо тры. Тыя ж прамовы, тыя ж лозунгі, тыя ж твары і ўсё той жа мегафон з пашарпанай міліцэйскай машыны, што час ад часу хрыпеў звыклымі папярэджаннямі аб адказнасці… Але было ў тым мітынгу і нешта новае, што адрознівала яго ад папярэдніх. Замест трывогі ад невядомасці, чым скончыцца нежартоўны палітычны двубой, і ад напружанага чакання неаднойчы зведанай пратэстоўцамі бязлітаснасці ўлады з’явілася адчуванне нейкай новай свабоды пратэставаць. Калі двубой прайграны і ўжо загадзя вядома, што пратэст асуджаны на нішто, нікім не будзе пачуты, падтрыманы, і растане ў паветры, як растае пасля стрэлу дым…

Але ў паветры ўжо нават дымам не пахла, хаця з плошчы пратэстоўцы пайшлі па горадзе, а міліцыя і АМАП выстройваліся ў шчыльныя камуфляжныя ланцугі.
Асабліва шчыльным быў ланцуг ля рэзідэнцыі прэзідэнта, куды павярнула шэсце і… прайшло міма, пакінуўшы грозную ахову ні з чым.

Уздоўж ланцуга бегаў туды-сюды яе начальнік. Натыкнуўся на нас з Уршуляй, мармытнуў: «А, вольная прэса…» Стала смешна.

Між тым шэсце рухалася далей, паслухмяна спускаючыся ў падземныя пераходы і цярпліва чакаючы зялёнага святла там, дзе пераходаў няма. «Паслухай, — сказала Уршуля, — мне ў Польшчы ніхто не верыць, што мінскія дэманстранты пераходзяць вуліцы толькі на зялёнае святло…»

Потым было расійскае пасольства, потым будынак тэлебачання, потым ужо звыклыя арышты і затрыманні арганізатараў.

І аніякіх навін.

…«Ты нешта чуеш? Падобна страляніна… Жонка з лякарні тэлефанавала, што хворых ужо апранаюць… Кажуць, танкі… ля рэзідэнцыі…» — «Паслу¬ухай, — прамовіла Уршуля ў сваёй трохі цягучай манеры. — Што там гаворыць твая жонка?!

Гэта „Макдональдс“…» — «Які да д’ябла «Макдональдс»?!« — «Яны адчыняюцца. У іх феерверк…
Ну, хочаш, я вазьму сабаку і прагуляюся?» — «Выбачай, дзеля Бога… Дабранач…»

І зноўку званок, жонка: «Гэта „Макдональдс“…» — «Так-так, гэта „Макдональдс“, у іх феерверк… Чуеш, ужо скончыўся…» — «Чую», — сказала жонка. І заплакала. Трэці дзень ёй аніяк не могуць паставіць кропельніцу. «Сышлі» вены…

Раніцай я даведаўся, як тое было. У начное метро немагчыма было праціснуцца. Тысячы людзей рынуліся да цэнтра горада, збіўшыся ў агромністы натоўп, які запаланіў галоўны праспект і ўсе, што паблізу, вуліцы і скверы.
Натоўп пад грукат феерверачнай кананады рашуча ціснуў АМАП. Дзе-нідзе мільгалі дручкі, пакуль у вузкі праход не выстраілася доўгая — патыліца ў патыліцу — чарга. Напярэдадні хадзілі чуткі, што ў тую ноч будуць бясплатна раздаваць чызбургеры.

Час «чы-ы-ы-ыз»

А ўдзень насупраць «Макдональдса», што так шумна ўварваўся ў даволі прэснае мінскае жыццё, ля Нацыянальнага банка, з’явіўся нешматлікі пікет. Людзі пасталі тварам да сцяны, заклаўшы рукі за галовы.

Быў 1996 год, 10 снежня, Міжнародны дзень абароны правоў чалавека…

* * *

2013 год, 13 ліпеня, адкрыццё гандлёвага цэнтра «Мільённы» у Брэсце, халяўны «цукеркавы дождж». Сцвярджаюць, што на галовы людзей арганізатары высыпалі амаль тону цукерак. Але для натоўпу ў 5 тысячаў чалавек — гэтага аказалася мала…

Каментары2

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў24

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Усе навіны →
Усе навіны

Акцыянеры Tesla ўхвалілі патэнцыйную выплату Маску амаль трыльёна даляраў2

Пад Мінскам на гродзенскай трасе пашкоджаны мост2

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады34

Гіганцкі зубр, якога месяц таму везлі па трасе М1, прызямліўся ў Баранавічах4

У Белым доме мужчына страціў прытомнасць у прысутнасці Трампа6

Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?16

Для беларускіх кадэтаў фармуюць культ генерала, які аддаў жыццё за Расійскую Імперыю7

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці9

Як жыве прымежная польская Кузніца ў прадчуванні адкрыцця мяжы з Беларуссю8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў24

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць