Аўто11

Беларус пабудаваў на Кіпры solar car і ўзяў прыз за найлепшы дызайн ФОТА

Наш суайчыннік Уладзімір Суслаў будуе ў Лімасоле новы аўтамабіль на сонечных батарэях, рыхтуецца да трэніровак на трэку і плануе ўзяць на гонках-2015 галоўны прыз. Не выключана, што пад беларускім сцягам.

На Кіпры Уладзімір Суслаў жыве больш за 10 гадоў. Падрабязнасці, якія прывялі гэтага чалавека на востраў, заслугоўваюць асобнага аповеду. Сённяшні — аб захапленні альтэрнатыўнай энергіяй, дзякуючы якому Уладзімір, фізік-ядзершчык па адукацыі, заслужыў прыз за найлепшы дызайн спраектаванага і пабудаванага аўтамабіля на сонечных батарэях — solar car.

Ветракі і сонечныя панэлі усё мацней захапляюць даследчыкаў. Улады сонечнага Кіпра даўно «разгойдваюць» насельніцтва вострава, пераконваючы ўсталёўваць сонечныя панэлі для асвятлення і абагравання. Асобны напрамак — solar car. З 2010 года Кіпрскі інстытут па вывучэнні альтэрнатыўнай энергіі праводзіць гонкі на аўтамабілях, паліва для якіх ніколькі не каштуе.

На гонках, якія адбыліся 22 чэрвеня ў цэнтры Нікасіі, Уладзімір Суслаў заняў другое месца, саступіўшы пераможцу некалькі колаў. «Мы лідзіравалі першую палову гонкі, але ў аўтамабіля зламаўся кантролер, вымусіўшы на некаторы час спыніць рух. Паломка прыкрая, але вытлумачальная: паездка па цэнтральных вуліцах Нікасіі была для майго solar car першай».

Куды паедзе аўтамабіль на сонечных батарэях далей, колькі каштуе і ці лёгка зрабіць solar car самастойна, Уладзімір распавёў па Skype — з майстэрні ў Лімасоле.

— Калі зацікавіліся аўтамабілямі на сонечных батарэях?

— Як толькі прыехаў на Кіпр. Альтэрнатыўная энергія мяне цікавіць даўно, а сонца на востраве так шмат, што яго трэба ўтылізаваць.

— Але сонечных батарэй на Кіпры шмат — і на дахах, і ў дварах дамоў. Утылізуюць і без вас!

— Сонечныя асвятляльнікі ўстаноўлены далёка не ў кожным двары, кіпрыёты пакуль грэюць сонцам ваду ў пластыкавых бочках, прыладжаных на даху. Хоць і шырока рэкламуюцца, сонечныя панэлі не знаходзяць асаблівага попыту — мясцовае насельніцтва вельмі ўжо інертнае, яго трэба доўга разгойдваць, перш чым яно пачне нешта рабіць.

Аўтамабіляў на сонечных батарэях няма зусім, толькі гоначныя. Для ўдзелу ў дарожным руху solar car павінен прайсці рэгістрацыю, а гэта вельмі складана — занадта ўжо ён незвычайны.

— Ці дарагая гэта задума — сабраць solar car?

— Хутчэй, клопатная. Па фінансах можна і танна, а можна і дорага сабраць — хто як змудраваў. Мой аўтамабіль, да прыкладу, сабраны з падручных матэрыялаў, куплялі толькі алюміній для кузава, трубы квадратнага сячэння для падвескі, кантралёры і сонечныя батарэі.

Падвеска самаробная, на гумовых стрыжнях, простая, лёгкая, камфартабельная і канструктыўная. З яе дапамогай забяспечылі нахіл сонечных панэляў. Стратэгічна гэта вельмі важна — лавіць сонца.

Рулявое кіраванне ад старадаўняга французскага грузавіка, ветравое шкло — ад рэтра-аўтамабіля Triumph (Англія), колы ад скутара Dio, электраматор магутнасцю ў 3 квт таксама ад скутара, толькі кітайскай вытворчасці. Маторам, убудаваным у кола, задаволены — з ім машына літаральна ляцела.

Даражэй за ўсё абышліся сонечныя панэлі калінінградскай вытворчасці, лёгкія і гнуткія. У канструкцыі іх 11, агульная плошча — 9 м.кв., замаўлялі ў Расіі, пераплачваючы на ўсіх этапах, канчатковай цаны панэляў не памятаю. Усяго ў аўтамабіль ўклалі каля 6 тысяч еўра.

— Дзіўна, што сонечныя батарэі знайшлі ў Расіі, а не на Кіпры, дзе крыніц альтэрнатыўнага асвятлення ўсё ж куды больш…

— Такія панэлі, як у нас, гнуткія і лёгкія, на Кіпры не вырабляюць. Між тым, менавіта яны далі нашай машыне пэўную перавагу. Уся панэль важыць каля 20 кг — гэта вельмі мала!

— Распавядаючы пра працу, вы кажаце «мы». Вам дапамагалі?

— Для працы над solar car арганізавалі клуб «РА» — рэалізацыя альтэрнатыў, куды ўвайшла група мінчан, якія на дадзены момант пражываюць на Кіпры. Гэта чацвёра актывістаў і каля дзясятка аматараў.

— Хто па адукацыі людзі, якія самастойна сабралі «сонечнае машыну»?

— Solar car збіраў я, фізік-ядзершчык, выпускнік фізічнага факультэта БДУ. Астатнія члены клуба — бізнэсмены, яны і спансавалі праект.

Працаваць над аўтамабілем пачалі некалькі гадоў таму, мэтай паставілі ўдзел а гонках-2013. Але незадоўга да гэтага на Кіпры здарыўся крызіс, нам аб'явілі аб адмене гонак. Потым, праўда, грошы знайшліся, гонкі адбыліся, але без нас — мы часова спынілі канструктарскія працы. У гэтым годзе аўтамабіль сабралі за паўтара месяца. Гэта была штодзённая праца, дапамогу ў якой акрамя членаў клуба аказаў знаёмы аднаго з іх — доктар, які прыехаў на адпачынак. Практычны і кемлівы, ён дапамог парадамі, хоць канструктарскай адукацыі ў яго няма. Мы ледзь паспелі — у дзень тэхагляду, які абавязаны прайсці аўтамабілі-ўдзельнікі, мы яшчэ дараблялі solar car.

— Як выглядаюць гонкі?

— Як звычайныя, з той толькі розніцай, што шуму і дыму аўтамабілі-ўдзельнікі не вырабляюць. Да гэтага часу гонкі праходзілі ў вёсцы Гераскіпу, што недалёка ад Пафасу, гледачоў не было, арганізацыя кульгала. У гэтым годзе мерапрыемства арганізавалі ў цэнтру Нікасіі. Кругавы маршрут даўжынёй 1,6 км праклалі па трох галоўных вуліцах, стаялі паліцыянты, за імі — натоўп гледачоў. Людзей было вельмі шмат, хоць увесь перыметр людзі не запоўнілі — гэта ўсё ж не Формула-1.

Рух працягваўся тры гадзіны, на адзін аўтамабіль прыходзілася па тры кіроўцы, кожны сядаў за руль два разы. Хто праехаў больш колаў, той і выйграў. Найлепшы вынік — 65 колаў, мы на другім месцы — 57.

— На спаборніцтвы прыязджалі з іншых гарадоў?

— Так, кіпрыёты любяць гонкі. У ліку ўдзельнікаў былі дзве замежныя каманды — з Палестыны і Джордана. Нашу хацелі запісаць як беларускую, але мы, падумаўшы, адмовіліся, прадставіўшыся прыватным клубам — ніякага дачынення Беларусь да нашага solar car не мела ні ідэйна, ні матэрыяльна. Але калі краіна, з якой я прыехаў, зацікавіцца праектам, з задавальненнем прадстаўлю яе на спаборніцтвах у 2015 годзе.

— Малаверагодна, што праектам зацікавяцца: усё ж гонкі на Кіпры можна назваць лакальнымі, у Беларусі яны не вядомыя. Самі на беларускія арганізацыі выходзіць не спрабавалі?

— Вострай неабходнасці ў гэтым у мяне пакуль няма: грошай хапае, ідзе будаўніцтва другой solar car. Пазмагацца за гонар сваёй краіны рады, вось толькі сонечная энергія не з'яўляецца ў беларусаў прыярытэтнай, ды і ўлады не асабліва ёю цікавіцца.

—…Як і ў іншых паўночных краінах, дзе не так шмат сонца, як на Кіпры?

— Няпраўда — у паўночных краінах вялікая цікавасць да выкарыстання сонечнай энергіі! На чэмпіянаце свету ў Аўстраліі рэгулярна перамагаюць датчане. Усё залежыць ад жадання ўдзельнічаць у гонках, вывучаючы магчымасці solar car.

— Наколькі вялікая цікавасць да гонак на solar car у кіпрыётаў?

— Кіпрыёты любяць гонкі — на рарытэтных машынах, спартыўных, solar car. Апошнія, на мой погляд, самыя цікавыя — аўтамабілі ляцяць, не выдаючы гукаў, паветра чыстае. Цікава, што ніякі электрамабіль не прапрацуе 3 гадзіны, толькі solar car здольны на такое. Таму і доўжацца спаборніцтвы 3 гадзіны — каб машыны паказалі: яны ездзяць даўжэй, чым электрамабілі, пакуль свеціць сонца.

— Ці можна зарадзіць аўтамабіль для начной паездкі?

— Так. Мой аўтамабіль за 20—30 хвілін зараджаецца для язды на гадзіну.

— Ці складана ўзяць удзел у гонках?

— Не. Патрэбен толькі аўтамабіль, які пройдзе тэхагляд. У гэтым годзе набралася 10 машын, у наступным, магчыма, будзе больш.

— Ці ёсць абмежаванні ў допуску?

- Так, і шмат. Абавязкова наяўнасць металічнай дугі, якая абараняе кіроўцы, абмежаваныя даўжыня (не больш за 5 метраў), шырыня (не больш за 1,8 м) і вышыня (не больш за 1,6 м), вага і тып батарэі. Можна выкарыстоўваць толькі свінцова-кіслотныя батарэі вагой да 60 кг.

— Хто можа сесці за руль аўтамабіля на сонечных батарэях?

— Любы ахвотны — пасведчання кіроўцы для таго, каб кіраваць solar car, не патрабуецца.

— Які кошт валодання аўтамабілем?

— Нулявы, калі не лічыць матэрыялаў на яго пабудову і самой працы. Гэта адзін з відаў транспарту будучыні, які можна сабраць з падручных матэрыялаў, а «запраўляць» сонцам.

— А колькі складае тэрмін эксплуатацыі?

— Колькі заўгодна доўга, калі даглядаць аўтамабіль.

— Ці змянілася ваша жыццё пасля гонак?

- Так. Я даказаў, што магу зрабіць аўтамабіль на сонечных батарэях. Прыемна, што пасля гонак многія сталі цікавіцца solar car. З'явіліся ахвотныя ўдзельнічаць у новым праекце — стварэнні другой машыны на сонечных батарэях.

— Але для чаго вам аўтамабіль, на якім нікуды нельга паехаць?

— Для трэніровак на трэку. Гэта цікава само па сабе і карысна — у наступным годзе я планую перамагчы.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай6

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Усе навіны →
Усе навіны

Нягледзячы на маразы, пад Мінскам збіраюць ураджай спелых клубніц2

На пажары ў Гродне, дзе загінулі тры чалавекі, яшчэ пяцярых уратавалі

Украінка са Славянска перапахавала мужа, каб яго магіла не апынулася пад акупацыяй5

На слуханнях КР Пракоп'еў высвятляў, чаму Ціханоўская села там, дзе села63

У Японіі папулярны фестываль адмянілі з-за наплыву турыстаў

Ганна Каралёва фінішавала ў лыжным скіятлоне на 34‑м месцы3

Зяленскі: Беларусь уцягваюць у вайну. Гэта будзе вялікая трагедыя37

У расійскай Уфе невядомы з нажом напаў у інтэрнаце на студэнтаў, параненыя шэсць чалавек1

На пажары ў Гродне загінулі тры чалавекі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай6

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць