Літаратура55

Аляксандр Апон. Прышэсце. Фантастычная п’еса

Асобы:

Тарэза і Галя — даяркі
Юзік­-трактарыст
Стась
Баба Філя
Гаротная баба і Хворы мужык
Участковы
Загадчык фермы
Старшыня і Поп
Прадавачка.

Дзея адбываецца ў вёсцы, на пляцы перад крамай «Родны кут». Воддаль бачна царква.

Тарэза і Галя: З’яўляюцца адначасова, але з розных бакоў.

Тарэза(крычыць): Галя! Галя!

Галя: Што такое, што здарылася?

Тарэза: Тама, тама… (Паказвае рукамі назад.)

Галя: Што тама, што? Пажар? Ферма гарыць?

Тарэза: Не, сын Божы.

Галя: Які сын Божы?

Тарэза: Хрыстос.

Галя: Ты, дзеўка, гарэлкі з раніцы сербанула ці з глузду з’ехала? Не блюзнер!

Тарэза: Ён! Далібог! (Жагнаецца.) Ходзіць па возеры!

Галя: Ды ну.

Тарэза: Я на свае вочы бачыла: ва ўсім белым, а вакол яго птушкі кружляюць. А яшчэ, чуеш, на беразе два ваўкі сядзяць і зайцы каля іх.

Галя: Ну ты балбочаш: апошняга ваўка з паўвека таму застрэлілі. Мо сабакі?

Тарэза: Няўжо ж я сабаку ад воўка не адрозню? Ваўкі, ваўкі — вялізныя, шэрыя, калматыя, мабыць, з лесу выйшлі. Хадзем, сама забачыш. (Хапае Галю за руку і цягне.)

Галя (вырываючы руку): Не, не пайду я.

Тарэза: Ваўкоў баішся? Яны ж ціхмяныя, што ягняты. Хадзем.

Галя: Ды не, каб што не выйшла баюся.

Тарэза: Божачкі мае, што ж можа выйсці?

Галя: Хто яго ведае — раптам запытаецца: « Што ж ты, Галя, заместа таго, каб пацеры нанач шаптаць, на полі кукурузу латашыць лётаеш?» А я ж, дзеткамі, Тарэзачка, клянуся, толькі два разы і была. Ці во яшчэ…

Тарэза (склаўшы рукі): А Галечка мая, а родненькая, аб чым ты — няўжо яму твая кукуруза абыходзіць?

Галя: Яму, можа, і не абыходзіць, а мне дык і надта, бо што мае куркі зімою есці будуць?

 Прычыкільгвае баба Філя, з кульбачкай у руцэ.

Галя: Во, баба Філя, з ёю схадзі.

Баба Філя: Куды гэта, дзеткі мае, схадзіць мецьмем?

Галя: На возера, там Хрыстос, сын Божы, па вадзе ходзіць. Дык вы падзівіцеся і… і адразу назад.

Баба Філя: Навошта?

Тарэза: Каб усім людзям затым абвесціць, каб усе ведалі.

Баба Філя: Не, не дайду я, нага баліць. Дый што мне ўжо — я і так не сёння­заўтра перад ім стану. (Румзае.)

Галя: Думаеце, перад ім?

Баба Філя: Перад ім, перад ім, што я — басурманка якая?

Галя: Вядома, што не басурманка, толькі ці гэтага хопіць?

Баба Філя: Хопіць. Але пра што я хацела казаць? А: гэта ж што ўчора са мною было.

Галя і Тарэза (разам): Што?

Баба Філя: Пасярод дварышча знячэўку пакацілася. Во (падымае спадніцу, каб паказаць сіняк на назе), як выцялася. Ляжу, думаю: усё, Філя, капцы табе, адпакутавала нарэшце. Калі нагу, думаю, не паламала, дык руку напэўна выкруціла. І так нешта зашкадавала сябе, што слёзы ажно цурком з вачэй пакаціліся. Каб хоць годзік які яшчэ пажыць, думаю, альбо два.

Тарэза: Ну, гадок пажывяце, вы ж яшчэ не старая.

Баба Філя: Не, не старая, на Пакровы восемдзесят сем стукне, а можа, і восемдзесят восем, я напэўна не ведаю, бо мае мама і тата непісьменныя былі, а царкоўныя кніжкі, у якія хто калі нарадзіўся запісвалі, у вайну згарэлі.

Галя: Тады яшчэ смела два.

Баба Філя: Каб твае словы ды Богу ў вушы. Але прыстала я нешта, прысяду. (Сядае на прыступку.)

Галя (гледзячы ўбок): Вунь Юзік на трактары едзе.

Тарэза: Ага, ён.

 

Прыязджае Юзік.

 

Тарэза: Юзік, ты не каля возера арэш?

Юзік: Не, на Шарай горцы. А што?

Тарэза: Юзік, на возеры Хрыстос.

Юзік: Які Хрыстос?

Тарэза: Сын Божы.

Юзік: А­а… (Чухае патыліцу.) А што ён там робіць?

Тарэза: Па вадзе ходзіць.

Юзік: Так.

Тарэза: А вакол яго птушкі кружляюць, а на беразе два ваўкі і зайцы сядзяць.

Юзік: Не можа быць, у нас ніякіх ваўкоў няма.

Тарэза: Ёсць, пайшлі, сам забачыш.

Юзік: Не, не магу, мне араць яшчэ. Я ж па курыва прыехаў, курыва ў мяне скончылася. І выды папіць хацеў узяць. Во, з Галяй схадзі.

Галя: Я баюся.

Юзік (глядзіць на бабу Філю): Тады ўтрох, утрох не страшна.

Баба Філя: Мне нага баліць.

Юзік: Якая нага? Вы ўчора, калі мяне на трактары пераймалі, бегма па вуліцы беглі.

Баба Філя: Дык упала я потым, Юзічак, моцна пабілася. Во, сам паглядзі. (Падымае спадніцу каб паказаць.)

Юзік (адварочваючыся): Не, чаго там, веру, веру.

Баба Філя: Дык ты, дзеткі мае, пра агарод мой не забудзься, ты абяцаў

Юзік: Добра, баба Філя, узару, вось толькі на Шарай горцы скончу і…

Галя: Юзік, а мне?

Юзік: Што?

Галя: Агарод узараць.

Юзік: Добра. Але потым

Галя: Ты заўсёды так: потым ды потым.

Юзік: Дык я ж адзін, а вас — уга колькі!

Тарэза (паказваючы рукой убок): Гляньце, вунь хтось бяжыць.

 

Усе глядзяць.

 

Юзік: Ага, ва ўсе лапаткі шыбуе.

Галя: Але ж хто гэта?

Тарэза: З вудай як быццам.

Юзік: Калі з вудай, дык Стась, больш няма каму.

Галя: Так, ён.

Юзік: Вось у каго не жыццё, а маліна: ні араць у галаве, ні сеяць.

Тарэза: Ён не вінаваты, у яго запаленне ў мазгах, нездарма яго з войска камісавалі.

Галя: А як кніжкі чытаць, дык запалення няма. Ён жа ўсе кніжкі ў бібліятэцы перачытаў.

Юзік: Гэта праўда, у яго ў вартоўні на ферме мо з тузін іх на паліцы стаіць, я сам бачыў.

 

Убягае Стась.

 

Стась: Людзі! Людзі!

Юзік: Ну што людзі, што? Тута мы.

Стась: Там, там…(Паказвае вудай назад.)

Юзік: Што там, што?

Стась: На возеры!

Юзік: Што на возеры?

Стась: Хрыстос!

Тарэза: Ага, а што я вам казала.

Стась: Па вадзе ходзіць, увесь у белае прыбраны. Я пакуль да самага берага не падышоў, не бачыў. Муціла нешта крыху пасля ўчорашняга, я ж Касьяну дровы дапамагаў пілаваць. Ну, выпілі вечарам па кроплі.

Юзік: Гэта вядома. І што?

Стась: Падышоў, значыцца, галаву падняў і аслупянеў: за крокаў дзесяць стаіць на вадзе і гэтак пазірае, быццам шкадуе, быццам немаўля я неразумнае.

Тарэза: А які ён з выгляду?

Галя: Дык ты ж яго таксама бачыла.

Тарэза: Я здалёк, не разгледзела.

Стась: З валасамі доўгімі, як мы хлопцамі насілі, і барадою. І яшчэ… яшчэ худы моцна, як выпетраны, адна скура і косткі. Не ведаю, колькі так часу мінула, а толькі не вытрымаў я ўрэшце, павярнуўся і пабег.

Галя: А ваўкоў, ваўкоў на беразе не было?

Стась: Можа, і сядзелі дзе там, не бачыў я, дый не да іх мне было. (Урачыста.) Людзі! Людзі! Ісус Хрыстос прыйшоў! (Жагнаецца.) Дзве тысячы гадоў дзе толькі не чакалі, а ён у нас з’явіўся. Гэта ж якое жыццё зараз пачнецца!

Галя: Якое?

Стась: Людскае.

Галя: А якое гэта, людскае?

Стась: А гэта такое, калі ніхто ні над кім панаваць не будзе.

Галя: Ідзі ты! І начальнікаў не будзе?

Стась: Не будзе. І войнаў не будзе, і забойстваў, і гвалту рознага, увогуле людзі есці адзін аднаго перастануць, а жыць будуць як браты.

Баба Філя: А ваўкі?

Стась: Што ваўкі?

Баба Філя: Ваўкі, пытаюся, што есці будуць, калі не зайцоў, няўжо траву, як каровы, скубаць? Альбо шчупакі твае, калі не кілбоў, дык што?

Стась: Не ведаю, але хопіць і ваўкам, і шчупакам, усім усяго хопіць.

Галя: Калі яшчэ тое будзе, а вось што нам цяпер, падкажы, рабіць?

Стась: Трэба падымаць усіх, збірацца ў гурт — і разам на возера.

 

Пад’язжае на «газіку» Участковы.

 

Стась (не бачачы Участковага, у запале): Бяжыце па вёсцы, грукайце ва ўсе хаты. Ты, Юзік, на ферму кіруй. А я на званіцу (паказвае на царкву) у звон біць.

 

Стась паварочваецца, робіць крок і налятае на Участковага.

 

Участковы: Стаяць! На месцы! Што тут у вас за ліха, каб у звон біць? Рэвалюцыя? Вайна?

Стась: Не, Хрыстос прыйшоў.

Участковы: Хто­хто?

Стась: Хрыстос, сын Божы.

Участковы: Дзе? (Круціць галавой.)

Стась: На возеры.

Участковы: Ага, я бачу ты з вудай. Значыць, з возера. І (падымае са значэннем угару палец) прашу звярнуць увагу: усе з матыкамі (робіць неакрэслены жэст рукой) альбо (кідае выразны позірк на Тарэзу і Галю) пасля ранішняй дойкі, а ты з вудай.

Юзік: А я на трактары, па курыва прыехаў, курыва ў мяне скончылася.

Участковы: Бачу.

Стась: Ды пры чым тут вуда. (Адкідае вуду ўбок.) Хрыстос прыйшоў, кажу, сын Божы.

Участковы: Ну, ну, і ты яго бачыў?

Стась: Бачыў.

Участковы: І які ён, прыкметы можаш назваць?

Стась: Як свет прыгожы.

Участковы: Гэта не прыкмета. Валасы якія?

Стась: Доўгія.

Участковы: Можа, яшчэ з барадой?

Стась: Ага, барадаты.

Участковы: А веку якога: стары?

Стась: Не, сярэдняга.

Участковы: Так, зразумела. Паехалі далей: як апрануты?

Стась: У белым хітоне.

Участковы: Што гэта за апранаха?

Стась: Накшталт мяшка з дзіркамі.

Участковы: А асаблівыя прыкметы ёсць?

Стась: Па вадзе ходзіць.

Участковы: Ага­ага, па вадзе ходзіць, у гэтым уся справа. А ці не выпіваў ты, Стась, надысь?

Стась: Выпіў крыху з Касьянам, дровы яму дапамагаў пілаваць.

Участковы: Во­во­во, усё зразумела. Ну, залазь у машыну, на возера злётаем, паглядзім, хто там па вадзе ходзіць. (Да астатніх.) А вы тут пакуль пачакайце, не разыходзьцеся, толькі народ мне не баламуцьце, не трывожце дачасна, мы хутка назад.

 

Участковы і Стась ступаюць да машыны, але іх запыняе Тарэза.

 

Тарэза: Там ён сапраўды.

Участковы: Адкуль ведаеш?

Тарэза: Бачыла, калі з фермы варочалася.

Участковы: Мы­гы. Ну тады і ты ў машыну. (Да астатніх, з пагрозай.) А вы мне глядзіце, каб ні гу­гу.

 

Участковы, Стась і Тарэза ад’язджаюць. Падыходзіць Хворы мужык.

 

Хворы мужык (кіўнуўшы галавой на краму): Зачынена?

Юзік: Не, заходзь.

Хворы мужык (з палёгкай): Фу. А я здалёк бачу: людзі стаяць, ну, думаю, усё — пераўлік альбо яшчэ якая бяда. Ажно сэрца залекатала. (Бярэцца за сэрца.) Я ж хворы, сэрца ў мяне; як што якое, лякоча, бляха, спасу нямашака.

Галя: Ад сэрца настой палыну памагае.

Хворы мужык (скрывіўшыся як серада на пятніцу): Э, лухта.

Галя: Тады кропу.

Хворы мужык (махнуўшы рукой): Спрабаваў і яго.

Баба Філя: А кінуць піць не спрабаваў?

 

Хворы мужык, зіркнуўшы ваўком на бабу Філю, заходзіць у краму.

Падыходзіць Гаротная баба.

 

Гаротная баба (паказваючы рукой у той бок, куды паехаў «газік»): Куды ён іх павёз?

Галя: Так, паехалі сабе пакатацца.

Гаротная баба: Пакатацца? О! Ён пакатае — толькі трымайся! Гэтак пакатае, што да скону не забудуцца. Гэта ж што, злыдзень, учыніў са мною, чулі: намовіў бітон гарэлкі яму выгнаць, маўляў, на хрэсьбіны, і абавязкова каб найлепшага гатунку — першаку. Калі ж я выгнала, мала таго, што забраў задарма, дык яшчэ штрафу мне выпісаў за смагонаварэнне. Каб ён абапіўся той гарэлкай. Каб далей, чым бачаць, ёю рыгаў. Каб у яго пячонка выперла, каб ныркі паадвальваліся!

 

Выходзіць Хворы мужык з бутэлькай у кішэні портак, якую прытрымлівае рукой.

 

Гаротная баба: А во, яшчэ адзін, прыгажун. (Да Хворага мужыка.) Ты калі думаеш грошы аддаваць?

 

Хворы мужык, павярнуўшыся да Гаротнай бабы бокам, дастае з кішэні бутэльку і, здзёршы зубамі корак, які выплёўвае долу, глыкае з рыльца.

 

Хворы мужык: А­а­а… (Выцірае рукавом рот і, засунуўшы бутэльку ў кішэнь, закаркоўвае ўказальным пальцам.) Якія грошы?

Гаротная баба: За гарэлку.

Хворы мужык: Якую гарэлку?

Гаротная баба: Якую ты ў мяне на тым тыдні выклянчыў.

Хворы мужык: Я?

Гаротная баба (наступаючы на Хворага мужыка): Ты.

Хворы мужык: А, той літр. Ну аддам, аддам, доўг не вяроўка — не парвецца.

Гаротная баба: Калі аддасі?

Хворы мужык: Днямі. (Глядзіць убок.) Эге, участковы едзе. Ну, вы як сабе хочаце, а я ў бульбу хаваццца.

 

Хворы мужык знікае. Прыязджае Участковы і Загадчык фермы.

 

Участковы: Усё разыходзьцеся, няма чаго тут, па хатах марш.

Загадчык фермы: Ану, хуценька мне!

Галя: Як па хатах, чаму? А Хрыстос?

Гаротная баба (натапырыўшы вушы): Які Хрыстос?

Участковы: Які Хрыстос? Ты што выдумляеш? Няма ніякага Хрыста.

Галя: Як няма Хрыста, калі быў.

Участковы (наступаючы на Галю): Дзе быў? Калі? Ты яго бачыла?

Галя: Не, я не, але Тарэза бачыла, і Стась…

Участковы: Нічога яны не бачылі, здалося ім. Зразумела?

Загадчык фермы: А як не, дык мы табе зараз растлумачым. (Паказвае кулак.) Пайшла! (Штурхае Галю і потым падступае да Юзіка.) А ты тут чаго, на Шарай горцы даараў?

Юзік: Не, я па курыва прыехаў, курыва ў мяне скончылася.

Загадчык фермы (дастае з кішэні цыгарэты): На пачак — і на горку, каб да вечара кроў з носу мне скончыў.

Юзік: Скончу.

 

Юзік сядае на трактар і ад’язджае. Разыходзяцца астатнія, акрамя бабы Філі.

 

Загадчык фермы: А ты што, старая, сядзіш, табе асобная каманда патрэбная?

Баба Філя: Не магу я, дзеткі, ісці: нага баліць.

Загадчык фермы: Якая нага?

Баба Філя (выстаўляе правую нагу): Во гэта.

Загадчык фермы: А чаго яна ў цябе баліць?

Баба Філя: Упала ўчора, выцялася. Во, глядзі, які сіняк. (Задзірае спадніцу, каб паказаць.) Мо, дзеткі, параіце, чым памазаць?

Загадчык фермы (адварочваючыся): Не, не, я не доктар, нічога не цямлю.

Участковы (да Загадчыка фермы): Мо дахаты бабу адвезці?

Загадчык фермы: Яшчэ чаго, будзем бензін на яе марнаваць, дойдзе сама, сюды ж неяк прыклыпала.

 

Пад’язжаюць на «Ніве» Старшыня і Поп.

 

Старшыня: Ну, што ў вас?

Участковы: Усё, як вы распарадзіліся: людзі, хто не на працы, па хатах сядзяць, вешчуны пад замком на ферме.

Старшыня: Надзейна, не вылезуць?

Загадчык фермы: Не, мы іх у стойла быка пасадзілі.

Старшыня: Быка ж куды?

Загадчык фермы: Да кароў.

Старшыня: Добра, лады. Ну, а што з гэтым, як яго… э­э­э… што па вадзе ходзіць?

Участковы: Хрыстом?

Старшыня: Але.

Участковы: Нічога новага.

Старшыня: Што, няўжо ўсё яшчэ ходзіць?

Участковы: Ходзіць.

Старшыня: І птушкі вакол кружляюць?

Участковы: Кружляюць?

Старшыня: І ваўкі на беразе з зайцамі сядзяць?

Участковы: Сядзяць.

Старшыня: Мда, справы. А што ты, бацюшка, пра гэта думаеш?

Поп: Што думаю: дзіўна ўсё гэта вельмі — вось што думаю. Дзве тысячы гадоў жылі самі па сабе, прывыклі, так­сяк спраўляліся, а тут на табе — з’явіўся. Каб хоць знак які падаў, што, маўляў, чакайце, рыхтуйцеся, скора буду, дык не — як снег на галаву ўпаў. І яшчэ, бачыце, святой царквой пагрэбаваў, носа нават не ўткнуў, а на возеры па вадзе ходзіць. Крыўдна, не заслужылі мы гэтага, далібог не заслужылі. (Жагнаецца.)

Старшыня: Ну, бацюшка, нічога, крыўда не хвароба, без лекаў пройдзе. Я, каб усе крыўды, што мне ўчынілі, у сабе трымаў, дык ужо гэтак надзьмуўся б, што як мыльны пухір покнуў бы. А так, плюнуць табе, скажам, у твар, а ты: «Хі­хі­хі, шчыра дзякую, вельмі рады»; ножкай шаркнеш, хустачкай абатрэшся і пойдзеш сабе пасвістваючы. Ну а калі ўжо да таго дапякуць, што сіл няма, дык фігу ў кішэні скруціш — і нічога.

Поп: Так, сын мой, пыха — грэх.

Старшыня: А ўсё, бацюшка, грэх, куды ні ткніся: штось смачнае захацеў з’есці — не чапай, грэх; на бабу чужую вока паклаў — блуд, грэх смяротны; п’янаму трактарысту поўху заляпіў — лепш засіліцца, пакуль лютасць не апанавала канчаткова; а ўжо калі пагрэў уласную кішэню, клапоцячыся пра старасць ці каб дзецям нешта пакінуць, — будзеш гарэць у пекле век… А ўсё ён, гэты, што па вадзе ходзіць, усё праз яго. Дык што будзем з ім рабіць, ёсць у каго на гэты конт думкі?

Участковы: Ёсць у мяне адна

Старшыня: Выкладвай.

Участковы: Трэба даць папераджальны стрэл у паветра. (Кладзе руку на кабуру пісталета.) Калі ж не адумаецца…

Старшыня (перапыніўшы): Ну ты хапіў, а яшчэ маёр.

Участковы (гарачыцца): А што ён тут, чаго? Дакументы ў яго ёсць? А дазвол па вадзе хадзіць браў?

Старшыня: Гэта ты ўсё слушна кажаш, але адразу страляць? Не. (Глядзіць на Загадчыка фермы.) Яшчэ якія будуць прапановы?

Загадчык фермы: Можа, спусціць ваду з возера?

Старшыня: Добры план, але каб спусціць усё возера двух дзён не хопіць, а столькі часу ў нас няма; ужо, думаю, па вёсцы чутка пайшла. Потым ніякімі стрэламі не дамо рады адагнаць — ні ў паветра, ні нават калі палову вёскі перастраляем. (Да папа.) А ты, бацюшка, што скажаш?

Поп: На возера ісці трэба, працэсіяй, з абразамі, і там на беразе, укленчыўшы, слёзна прасіць, каб злітаваўся, пакінуў нас у спакоі.

Старшыня: А паслухае?

Поп: Паслухае, ён добры.

Старшыня: Ага, хай сабе на якое другое возера пяройдзе, калі яму без гэтага нельга, калі такая гэта асалода — па вадзе хадзіць. У Фінляндыю, напрыклад, альбо Швецыю. Там і азёры большыя і чыстыя — хоць у бутэлькі ваду разлівай. А нашае аж смярдзіць, гэтак засралі.

Поп: Ну, то не будзем марнаваць час, рушым.

Старшыня: А мо, каб хутчэй, на калёсах махнём?

Поп: Не, міране, пяшэчкам.

 

Старшыня, Поп, Участковы і Загадчык фермы адыходзяць.

Выходзіць з крамы Прадавачка.

 

Прадавачка: Куды гэта яны, цікава, ды яшчэ сваімі нагамі патэпалі? Вось дзіва! (Да бабы Філі.) Баба Філя, не ведаеш, га? (Дакранаецца да бабы Філі рукой, ад чаго тая валіцца на бок.) А божачкі, здрындзілася, старая!

Каментары5

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка21

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка

Усе навіны →
Усе навіны

Ад 10 да 80 еўра за 4 паперкі. Прайс на перадачы пасылак і дакументаў паміж Беларуссю і Польшчай4

Лукашэнка пагаварыў па тэлефоне з Пуціным4

У Мінску будуецца самы высокі хмарачос у Беларусі6

У Беларусі папоўнілі фонд літоўскіх фур 230 машынамі, якія прыехалі з Расіі2

Эканомны рацыён. Якія наборы прадуктаў можна купіць у беларускіх крамах за 5 рублёў?4

Мсціслаў Мекта: яшчэ адзін рэцыдывіст рвецца ва ўладу, прыкінуўшыся спецназаўцам-ябацькам27

Беларускі грыбны блогер знайшоў у лесе «ведзьміна масла»4

УСУ нанеслі ўдар па Разанскім НПЗ1

Медыкі ўпершыню зафіксавалі смерць чалавека ад «алергіі на мяса», выкліканай кляшчом

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка21

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць