У якасці «апазіцыі» ў парламент прапусцяць Гайдукевіча-малодшага і Улаховіча? На іх акругах няма выразных «кандыдатаў ад улады»
Ці прапусцяць у новае скліканне палаты прадстаўнікоў некалькі апазіцыйных ці псеўдаапазіцыйных палітыкаў? Паразважаць пра гэта можна, прааналізаваўшы спісы патэнцыйных кандыдатаў, апублікаваныя на сайце Цэнтрвыбаркама.
Ні для каго не сакрэт, што яшчэ да пачатку галасавання можна вызначыць спіс 110 прэтэндэнтаў, кандыдатуры якіх ухваленыя кіраўніцтвам краіны.
«Наша Ніва» склала топ-10 самых цікавых персанажаў, якія стануць удзельнікамі парламенцкай гонкі-2016.
1. Ірына Дарафеева

Адна з самых «прадстаўнічых» акругаў — Старавіленская (№105).
Ухваленым уладным кандыдатам у ёй выглядае спявачка Ірына Дарафеева. Яна балатуецца ў якасці загадчыцы кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
У якасці яе канкурэнтаў марна спрабуюць зарэгістравацца Мікола Статкевіч, а таксама былы міліцыянт Мікалай Казлоў ад АГП, які ў свой час выкрыў фальсіфікацыі на выбарах.
Аднак яшчэ адзін удзельнік галасавання будзе нечаканым. Гэта…
2. Андрэй Козік

…сын былога кіраўніка прафсаюзаў Леаніда Козіка. Бацька цяпер на пенсіі, а сын спрабуе пабудаваць палітычную кар’еру.
Андрэй з’яўляецца старшынёй асацыяцыі «Міжнароднае права і арбітраж». Выглядае, што балатаванне — яго прыватная ініцыятыва. Цікава, як ставіцца Козік-старэйшы да такога свавольства
3. Алег Гайдукевіч

Ужо цяпер можна прымаць стаўкі, што намеснік старшыні ЛДПБ патрапіць у парламент. Яго бацька, Сяргея Гайдукевіч, сыходзіць з палітычнага алімпу, але сям’і мусяць аддзячыць за шматразовы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.
Сярод канкурэнтаў Гайдукевіча-малодшага па Свіслацкай акрузе (№94) няма ніводнага ўцямнага прадстаўніка ўлады.
4. Алег Трусаў

А вось старшыню Таварыства беларускай мовы ў парламент не прапусцяць, хоць яго імя часта і называлася ў якасці «ўмеранай апазіцыі».
Па акрузе Трусава ідзе дзейны дэпутат Наталля Клімовіч. Збояў сістэма не дасць.
5. Таццяна Караткевіч

З былой кандыдаткай у прэзідэнты не ўсё так відавочна. Яе праўладны канкурэнт — начальнік станцыі «Мінск-Пасажырскі» Аляксандр Дражжа. Ці будуць яго чапаць без гарантаванай перамогі?
6. Андрэй Дзмітрыеў

Камерцыйны дырэктар «Авідэкс-інвест» добра вядомы грамадству як адзін з лідараў «Гавары праўду». Дзмітрыеў балатуецца па Дзяржынскай акрузе (№71). Ягоны адзіны супернік — дырэктар завода «Дарбудіндустрыя» Юрый Лобач. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з магчымасцямі выкарыстання адміністратыўнага рэсурса.
7. Яўген Крыжаноўскі

Падобная інтрыга і ў яшчэ аднаго намесніка старшыні ЛДПБ. Артыст ідзе па Полацкай сельскай акрузе (№28). Ягоны адзіны канкурэнт — начальнік Полацкага вузла электрасувязі «Белтэлекама» Андрэй Юніцын. Ці можна яго лічыць прадстаўніком вертыкалі, пакуль пытанне.
8. Алена Анісім

Намесніца Алега Трусава па Таварыстве беларускай мовы паспрабуе трапіць у парламент па Стаўбцоўскай акрузе (№70). Шанцаў небагата. Ад мясцовай сістэмы адукацыі балатуецца дырэктарка Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа Алена Жураўлёва.
9. Мікалай Улаховіч

Падзяку за ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах атрымае і «атаман». Ягоная акруга — Сенніцкая (№76). Як і ў выпадку з Гайдукевічамі, Улаховіч не мае ніводнага выяўнага праўладнага канкурэнта, хоць намінальных прэтэндэнтаў ажно васьмёра.
10. Анатоль Хішчанка

Яго імя мала хто ведае, але гэта намеснік старшыні ЛДПБ. Магчыма, на партыю выдзелілі квоту на два-тры чалавекі, і адно з месцаў у парламенце аддадуць менавіта Хішчанку.
Ён балатуецца па Магілёўскай сельскай акрузе (№88), сярод канкурэнтаў прадстаўнік АГП і намеснік дырэктара вясковай школы.
Каментары