Ярмошына: Я патраціла на будаўніцтва катэджа ў Драздах прыкладна $300 тысяч
1 мая «Наша Ніва» апублікавала спіс уладальнікаў катэджаў у Драздах.
Нагадаем, кошт будаўніцтва катэджа ў Драздах вагаецца ад 40 да 200 тысяч даляраў, а рынкавы кошт гатовага жылля - ад 1 мільёна долараў і вышэй. І калі з бізнэсменамі ўсё зразумела, то да чыноўнікаў пытанне застаецца: «Адкуль грошы на такое будаўніцтва?».
Еўрарадыё задало гэтае пытанне непасрэдна некаторым «набліжаным».
«Ну, па-першае, я прадала кватэру, - тлумачыць паходжанне сродкаў на будаўніцтва катэджа ў Драздах старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. - Па-другое, у мяне былі пэўныя накапленні. А па-трэцяе, я пазычыла ў сваіх вельмі заможных сябровак. Гэта прыватныя натарыусы ў горадзе Калінінградзе. Абышлося мне будаўніцтва прыблізна ў 300 тысяч умоўных адзінак».

Цікава, што зусім нядаўна, у інтэрв’ю Еўрарадыё Ярмошына сцвярджала, што яе катэдж у Драздах — гэта «службовае жыллё», і скардзілася на вялікую квартплату.
— Катэдж у Драздах, дзе вы цяпер жывяце, вам не належыць?
— Гэта службовае жыллё. За якое я, дарэчы, плачу немаленькую квартплату, сама прыбіраюся, сама займаюся праннем пасцельнай бялізны…
— Немаленькая квартплата — гэта колькі?
— Нягледзячы на тое, што зімой мы плацім 50% за газ, за апошні месяц я заплаціла 230 рублёў. Гэта нямала, старымі гэта 2 мільёны 300 тысяч! Зімой я скарыстоўваю прыкладна тысячу кубаметраў газу, а самае вялікае ў квартплаце — менавіта кошт газу.
— Пойдзеце на пенсію, службовае жыллё ў Драздах забяруць — дзе жыць будзеце?
— Пераеду ў свой дом. У мяне ж ёсць і ўласны дом — цяпер там сын жыве, даглядае яго. Нам там хопіць месца дваім. Я туды на выходныя хаджу: прыбіраю там, летам кветкі розныя…
Мае катэдж у элітным пасёлку і былы старшыня Канстытуцыйнага суда ды Генпракурор Рыгор Васілевіч. Будаваўся ён на пачатку 2000-х, адпрацаваўшы тры гады на пасадзе старшыні КС.
«У мяне, безумоўна, і свае сродкі былі, і крэдыт — здаецца, адсоткаў пад 18 у мяне быў крэдыт… 18 ці 14% крэдыт быў, я ўжо цяпер дакладна і не памятаю. Браў яго ў камерцыйным банку. І я, у прынцыпе, пастараўся разлічыцца за будаўніцтва гэтым крэдытам», — прызнаецца Рыгор Васілевіч, але суму, у якую абышоўся катэдж, не называе.

Як і Лідзія Ярмошына, былы Генпракурор наракае на даволі дарагое жыццё ў тых элітных Драздах.
«Магу сказаць, што зімой, асабліва калі маразы моцныя, то ў мяне агулам за камуналку выходзіць рублёў пад 250 у месяц. Нічога ж там няма ўцэненага - тыя ж стаўкі, што называецца. Я чытаў, што нібыта плацяць за катэдж нейкіх там 25 рублёў. Але ж гэта толькі за ваду паказалі! А дадайце сюды ацяпленне, вываз смецця ды ўсё астатняе, і атрымліваецца так, што… - пералічвае Рыгор Васілевіч і нечакана пераходзіць на іншую тэму. - У мяне вельмі круты аўтамабіль - Рэно. Як вам - круты аўтамабіль, нармальна?»
— Мяркую, у Рэно таксама могуць быць дарагія элітныя мадэлі…
— Renault «Sandero». І таму, калі каго зайздрасць бярэ, то магу пакатаць на сваім аўтамабілі. Звазіць на Філімонава ці на Каменную Горку і паказаць, якія там шыкоўныя катэджы стаяць. Вось, мяне любяць папракаць маім «асаблівым меркаваннем» (Васілевіч у якасці суддзі Канстытуцыйнага суда выказаўся на карысць зменаў Канстытуцыі, прапанаваных Аляксандрам Лукашэнкам, і падтрымаў рэферэндум 1996 года), але я іх выказваў адкрыта. Хай гэтак жа адкрыта свае прэтэнзіі мне каментатары розныя выказваюць — напішуць імя, прозвішча і месца жыхарства, і тады паліваюць мяне брудам».
Пяць гадоў таму ўчастак у Драздах «прапанавалі» старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку. Кажа, адмовіўся б, але дачка, архітэктар па адукацыі, з’ездзіла на месца, паглядзела, прыкінула і ўгаварыла пачаць будавацца.
«А сам бы я не будаваўся б, калі у мяне дачка не была архітэктарам і не рабіла танным гэты праект. Па-другое, не было б будаўніцтва, калі б мы двума сем’ямі не склаліся. Дом, дарэчы, будуецца на дзве сям’і. Калі б мне не пазычылі грошы сябры, калі б я не ўзяў крэдыт - вядома, я б не будаваўся. А так, давялося, і будуюся. Праўда, не ведаю, колькі буду будавацца: вось, ужо пяць гадоў будуюся, і яшчэ буду будавацца. А што тут больш казаць? Тым больш, што я падкантрольны, і ўсе адпаведныя інстанцыі бачаць маю дэкларацыю аб даходах…» — кажа Давыдзька.

Па словах Давыдзькі, прыблізны кошт будоўлі дачка склала, але называць гэтую суму кіраўнік БТ не захацеў. Толькі сказаў, што нават не ўяўляе, як выглядае мільён долараў. «Можа, хто з апазіцыі ведае, як ён выглядае!» - не забываецца адзначыць Давыдзька.
Каментары