Новым кіраўніком Беларускай федэрацыі біятлона абраны былы галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Андрыян Цыбульскі, паведамляе Tut.by са спасылкай на прэс-службу БФБ.

На пасадзе кіраўніка біятлоннай федэрацыі Андрыян Цыбульскі змяніў старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, які цяпер узначаліў наглядальны савет БФБ. Такое рашэнне прынятае 16 мая на пазачарговай рэспубліканскай справаздачна-выбарнай канферэнцыі ГА «Беларуская федэрацыя біятлона». Кандыдатура Андрыяна Цыбульскага была аднагалосна падтрыманая ўдзельнікамі канферэнцыі.
Намеснікам кіраўніка федэрацыі стаў Ігар Кузняцоў.
Валерый Вакульчык кіраваў Беларускай федэрацыяй біятлона з сакавіка 2013 года, калі змяніў Вадзіма Зайцава, які пакінуў пасаду ў БФБ услед за сыходам з пасады старшыні КДБ.
Новаабраны кіраўнік Беларускай федэрацыі біятлона Андрыян Цыбульскі адзначыў, што галоўнымі задачамі федэрацыі стануць «безумоўная пераемнасць у працы ранейшага кіраўніцтва, у тым ліку стыль і практыка кіраўніцкай дзейнасці з нацэленасцю на практычны вынік; інтэнсіўная і якасная падрыхтоўка нацыянальнай каманды да XXIII Алімпійскіх гульняў у Пхенчхане; рэалізацыя распрацаваных інавацыйных прынцыпаў і метадаў падрыхтоўкі рэзерву».
Зацверджаная таксама новая рэдакцыя статута БФБ, якая адпавядае ўстаноўкам кіраўніка Беларусі, прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па развіцці алімпійскіх відаў спорту, — адзначылі ў біятлоннай федэрацыі.
Дэлегатамі канферэнцыі абраныя кіруючыя органы федэрацыі: прэзідыум, назіральны савет, кантрольна-рэвізійная камісія.

Новы кіраўнік Беларускай федэрацыі біятлона Андрыян Аляксеевіч Цыбульскі нарадзіўся 19 сакавіка 1969 года ў вёсцы Белае Полацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1983 годзе пад кіраўніцтвам Аляксандра Шаклеіна пачаў займацца біятлонам. У 1991 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Кірава па спецыяльнасці «Фізічнае выхаванне». Мае спартыўнае званне майстра спорту СССР па біятлоне (1990 г.), Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь (2010 г.).
З 1991 года па 1992 год працаваў трэнерам-выкладчыкам па біятлоне ў Віцебскай СДЮШАР, з 1992 года па 1995 год — у Наваполацкім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. У перыяд з 1995 года па 1997 год займаў пасаду старшага трэнера Мінаблсавета «Дынама» па біятлоне, з 1997 года па 2000 год — у Рэспубліканскай школе вышэйшага спартыўнага майстэрства па зімовых відах спорту.
З 2000 года па 2006 год працаваў старшым трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі па біятлоне. У гэты перыяд пад кіраўніцтвам Андрыяна Цыбульскага ўпершыню быў рэалізаваны новы падыход у арганізацыі работы сэрвіс-групы. З 2006 года па 2007 год з'яўляўся старшым трэнерам жаночай нацыянальнай каманды Беларусі. З 2007 года па 2013 год — галоўны трэнер жаночай нацыянальнай каманды, а з 2013 года па 2016 год — галоўны трэнер аб'яднанай нацыянальнай каманды Беларусі.
З 2007 года пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Андрыяна Цыбульскага спартсменкі жаночай нацыянальнай каманды па біятлоне заваявалі 5 алімпійскіх медалёў, з іх 3 залатыя, 6 медалёў на чэмпіянатах свету, з іх 2 залатыя; шматлікія ўзнагароды на чэмпіянатах Еўропы, юніёрскіх першынствах свету і этапах Кубка свету. Дар'я Домрачава стала пераможцай Кубка свету-2014/15, уладальніцай 5 малых Крыштальных глобусаў Кубка свету па біятлоне.
Ганараваны званнем Заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны Ордэнам Айчыны III ступені, неаднаразова заахвочваўся кіраўніцтвам Міністэрства спорту і турызму і Беларускай федэрацыі біятлона.
Цяпер чытаюць
«Наіўна спадзяваліся зарабляць у Еўропах, прыязджаць дадому лячыць зубы на халяву і здаваць кватэру». Прапаганда пачала апраўдваць дарагія жыроўкі для «дармаедаў»
Каментары