Грамадства1313

Хлопцы з Віцебска, якія абвінавацілі АМАП у збіцці, аштрафаваныя

Хлопцы, якія абвінавацілі віцебскі АМАП у збіцці, атрымалі штрафы ад 5 да 15 базавых велічынь. Такое рашэнне вынес 24 жніўня суд Першамайскага раёна абласнога цэнтра. Працэс па гэтай адміністратыўнай справе пад старшынствам суддзі Наталлі Караблінай ішоў з перапынкамі з 8 жніўня, піша Tut.by.

Двое мужчын — Уладзіслаў Каваленка і Сяргей Пруднікаў — аштрафаваныя на 5 базавых велічынь (115 рублёў). Яшчэ трое — Уладзімір Ягораў, Сяргей Гарэлікаў і Дзмітрый Рыбакоў — павінны будуць выплаціць па 15 базавых велічынь кожны (345 рублёў).

Па словах міліцыянтаў, якія выступілі на судзе сведкамі, Каваленка і Пруднікаў не аказвалі супраціву пры затрыманні, самі селі ў службовую машыну, каб ехаць на медыцынскі агляд, а затым у РАУС. Гэтых мужчын абвінавацілі па артыкуле 17.1 КоАП (Дробнае хуліганства).

Ягораву, Гарэлікаву і Рыбакову інкрымінавалі яшчэ і непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі (арт 23.4 КоАП). Па сцвярджэнні работнікаў АМАП, Ягораў, Рыбакоў і Гарэлікаў не падпарадкоўваліся іх патрабаванням: «гучна лаяліся матам», станавіліся «ў баявую стойку», «размахвалі рукамі». Таму, як сведчылі на судзе амапаўцы, да гэтых хлопцаў яны вымушаныя былі ўжыць фізічную сілу і спецсродкі — газавы балончык, гумовую палку і кайданкі.

Нагадаем, інцыдэнт, які разглядаў суд, адбыўся каля трох гадзін ночы з 26 на 27 ліпеня на ўскраіне Віцебска — каля прыпынку грамадскага транспарту ў раёне рачнога порта. Тут знаходзілася кампанія з пяцярых хлопцаў — Гарэлікава, Ягорава, Рыбакова, Пруднікава, Каваленкі. Яны стаялі каля машыны, з салона якой гучала музыка. Пачуўшы яе, да кампаніі пад'ехаў нарад міліцыі.

Гэта адзіныя факты, у якіх сыходзяцца абодва бакі — і пяцёра сяброў, і міліцыянты, якія іх затрымлівалі. Далейшыя паказанні разыходзяцца. У корані адрозніваюцца тры моманты.

Першы. Кампанія не хавае, што сярод пяцярых быў цвярозы толькі адзін — Сяргей Гарэлікаў, кіроўца машыны, якая належыць Сяргею Пруднікаву. Але хлопцы сцвярджаюць, што яны пілі піва да таго, як да іх пад'ехала міліцыя. Гэта адбылося ў бары «Карчага». Затым, пасля закрыцця ўстановы, яны прыехалі на ўскраіну Віцебска, дзе проста слухалі музыку і спіртное не ўжывалі. Але міліцыянты «прыпісалі» ім чужыя кубачкі, якія, па словах сяброў, валяліся на прыпынку.

Па словах міліцыянтаў, у момант іх прыезду хлопцы трымалі ў руках пластыкавыя кубачкі, а адзін з іх — бутэльку.

Другі. Сябры сцвярджаюць, што месца, якое яны выбралі для адпачынку і праслухоўвання музыкі, — бязлюднае. Амапаўцы ж кажуць, што паблізу ад прыпынку, метрах у 50, на вуліцы Максіма Горкага стаіць жылы дом.

Трэці. Удзельнікі кампаніі распавялі на судзе, што міліцыя зрабіла жорсткае затрыманне. Паводле выразу Сяргея Гарэлікава і Уладзіміра Ягорава, іх «задзьмулі» балончыкам, збілі дубінкамі. Гарэлікаў здымаў усё, што адбываецца, на відэа ў сваім мабільным, таму гаджэт забралі, відэа выдалілі, а тэлефон разбілі.

Ягораву, па яго словах, амапаўцы зламалі руку. У суд ён падаў даведку ад лекара з дыягназам «пералом локцевай косткі». Акрамя таго, Уладзімір сцвярджае, што на руцэ ў яго быў след ад міліцэйскага берца. Фатаграфія з гэтым следам захавалася ў тэлефоне аднаго з удзельнікаў кампаніі — Уладзіслава Каваленкі. Каваленка паказваў гэты здымак суддзі на працэсе.

Сляды ад дубінак на сваіх тварах і целе Сяргей Гарэлікаў і Уладзімір Ягораў выклалі ў інтэрнэт. Яны шырока разышліся па сацыяльных сетках і сайтах. Маладыя людзі таксама знялі пабоі і звярнуліся з заявамі ў УУС аблвыканкама і Следчы камітэт, абвінаваціўшы супрацоўнікаў АМАП у збіцці.

Сілавікі на судзе патлумачылі, што яны «спрабавалі знайсці паразуменне з дадзенымі грамадзянамі», прасілі іх выключыць музыку і з'ехаць дадому. Але хлопцы працягвалі лаяцца матам, паводзілі сябе агрэсіўна, спрабавалі біцца, хапалі іх за форменную вопратку. Тады прыйшлося выклікаць падмацаванне. Пасля чаго, пасля неаднаразовых папярэджанняў, да Ягорава, Рыбакова і Гарэлікава прыйшлося ўжыць дубінкі, газ і кайданкі.

Але пры гэтым міліцыянты сцвярджалі, што яны «дзейнічалі толькі ў адпаведнасці з законам». І акцэнтавалі ўвагу суда на тым, што ўсе сілавыя дзеянні яны здзяйснялі толькі пасля «неаднаразовых папярэджанняў».

Гарэлікаў, Ягораў, Пруднікаў і Каваленка паведамілі, што яны маюць намер абскардзіць рашэнне суда.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»7

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп, Пуцін, гомасэксуальныя кантакты і іншыя брудныя намёкі — у ЗША апублікавалі 20 тысяч файлаў Эпштэйна36

Два пасажырскія аўтобусы сутыкнуліся пад Мінскам2

Кіраўніца Euroclear: Калі ЕС вырашыць канфіскаваць расійскія актывы, мы звернемся ў суд29

«Заробак у тры разы вышэйшы, чым дома». Беларус расказаў, як папрацаваў у Егіпце на будаўніцтве АЭС3

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ18

Трагедыя на Гомельшчыне: два 18‑гадовыя хлопцы загінулі ў ДТЗ, аўтамабіль разарвала на часткі4

Фермер-хіпстар вырашыў прадаваць касцюмы з гербамі Беларусі і Расіі. Цэны касмічныя16

У кожнага пакалення свой колер: у міленіялаў — ружовы, у зумераў — жоўты. А каму належыць «нахабны зялёны»?10

У мінскім «Еўраопце» ў аддзеле выпечкі паклалі пакеты для смецця9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»7

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць