Грамадства

Невідушчаму футбалісту прапаноўвалі заставацца ў Францыі, ён адмовіўся: «Я без свайго роднага Віцебска не змагу»

Юра Ардынаў займаецца футболам з 5 гадоў і цяпер з’яўляецца адным з гульцоў зборнай Беларусі для спартсменаў з праблемамі зроку. Ён грае ў тэатры і спявае ў віцебскім ансамблі «Хорус», які называюць мясцовымі «Песнярамі». Ён самастойна робіць рамонт у кватэры і здольны вагонкай абабіць балкон, а таксама гадуе трохгадовага сына і вучыць яго гуляць у футбол. Але пры гэтым у Юры ёсць адна асаблівасць: ён абсалютна нічога не бачыць.

Цемра надыходзіла паступова

Сур’ёзныя праблемы са зрокам пачаліся ў 2005 годзе. Прыйшлося адмовіцца ад ідэі паступлення ва Універсітэт культуры пасля заканчэння тэатральнага аддзялення віцебскага каледжа мастацтваў. Было мноства аперацый, зрок вяртаўся, трымаўся цягам года, а пасля зноў сыходзіў. Зноў аперацыі. Ды дзе тонка, як кажа сам Юра, там і рвецца. Была яшчэ адна магчымасць: маскоўскія дактары казалі, што за пэўную суму змогуць паспрабаваць нешта зрабіць, але гарантый не было ніякіх. Таму ў адзін момант хлопец вырашыў: досыць, гэта пустое марнаванне грошай, і стаў жыць у поўнай цемрадзі.

Юра Ардынаў. Фота: Ю. Федарэнка.

Футбол — для бясстрашных

Адным з выратаванняў стаў футбол. Яшчэ калі Юра мог трохі бачыць, ён гуляў у камандзе катэгорыі B2—B3 для спартоўцаў з вельмі слабым зрокам. Гэта людзі, якія могуць назваць толькі адзін, максімум — два верхнія радкі на табліцы для праверкі зроку. Але праз некаторы час, калі перастаў бачыць зусім, Юра знайшоў сябе ў футболе катэгорыі B1. Для невідушчых.

Насамрэч гэта ўсё тая ж самая гульня, імпэтная, насычаная вострымі момантамі. З той розніцай, што ў футбалістаў на вачах — павязкі, а мяч яны не бачаць, а чуюць — унутр яго ўшытыя адмысловыя трашчоткі. У гэтым футболе вялікую ролю адыгрывае не толькі слых, але і здольнасць інтуітыўна адчуваць адзін аднаго і кантраляваць усю сітуацыю на пляцоўцы.

Каб не сутыкацца, футбалісты, рухаючыся па зале, прамаўляюць слова «Бой!» або «Вой», што з іспанскай значыць «Іду!». Бачыць з усёй каманды можа толькі брамнік — ён, а таксама трэнер накіроўваюць іншых гульцоў падчас матчу. Пры гэтым заўзятары мусяць захоўваць цішыню, каб не перашкаджаць гульні.

На трэніроўцы. Фота: Ю. Федарэнка

«Нягледзячы на тое, што хлопцы не бачаць мяча, яны ў поўнай меры перажываюць тыя ж эмоцыі і тыя ж пачуцці, што і звычайныя футбалісты. Футбол для невідушчых набірае папулярнасць у свеце, гэта відовішчны від спорту, у працэсе якога чалавечыя магчымасці стаяць за межамі разумення. Верагодна, таму B1 прыцягвае да сябе ўсё больш і больш увагі. Наогул я лічу, што гэтым відам спорту займаюцца сапраўды бясстрашныя людзі, якія маюць у сабе нейкі дух, спартыўны стрыжань, без якога звычайны чалавек не выйдзе на футбольнае поле», — кажа Юра.

Творчасць навідавоку

Акрамя футбола, вялікую частку ягонага жыцця займае сцэна. Яшчэ да страты зроку ён граў у спектаклях. Працягвае і сёння. Іх рэжысёр заўсёды імкнецца выставіць мізансцэны так, каб гледачы нават не здагадваліся, што акцёры нічога не бачаць. І былі сітуацыі, калі людзі глядзелі спектаклі, дзіцячыя ранішнікі і пазней сапраўды не давалі веры, што перад імі выступалі невідушчыя.

Юра таксама цудоўна спявае. Разам з музычным ансамблем «Хорус» ён выконвае песні з рэпертуару Мулявіна — у гэтым стылі і працуюць, спяваюць акапэльныя і эстрадныя песні. Ягоны голас сапраўды гучыць вельмі па-песняроўску.

Сям’я

Будучы чалавекам творчым, Юра знайшоў сваю другую палавінку, для якой творчасць таксама стала часткай жыцця. Скончыўшы віцебскі каледж рамёстваў, яго жонка пачала займацца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і цяпер мае прыватны бізнэс: вырабляе жаночыя аксесуары, адзенне, сумкі.

«Вяселле вырашылі зрабіць у народным стылі, — кажа Юра. — Мая жонка з Полацка, дзе Сафійскі сабор, іншыя гістарычныя помнікі. Яна была як князёўна, а я ў гэткім шыкоўным касцюме як князь. Хлопцы былі апранутыя ў сурдуты. Сапраўды па-народнаму ўсё адбывалася».

Вяселле Юры Ардынава, фота з уласнага архіва.
Вяселле Юры Ардынава, фота з уласнага архіва.

Калі б мог бачыць

Юра прызнаецца, што, калі б меў зрок, то, магчыма, і не займаўся б усім тым, чым займаецца зараз. У яго вельмі насычаны графік: прыехаў з канцэрта, на наступны дзень спаборніцтвы, праз пару тыдняў паездка на чэмпіянат Беларусі па настольным тэнісе (!).

«Калі б я быў відушчым, то паловы гэтага ўсяго не было б. Хочацца кампенсаваць адсутнасць зроку тым, каб жыць насычана і імкнуцца толькі ўверх. Часам у дачыненні да сябе адчуваю зайздрасць у людзей, якія не бачаць. Таму што многія з іх сядзяць дома і не выходзяць».

Хлопец прызнаецца, што яшчэ не дасягнуў усяго таго, аб чым марыць: «Калі казаць аб спорце, то хочацца з камандай на чэмпіянаце Еўропы ўвайсці хаця б у пяцёрку».

У зборнай Беларусі па футболе для невідушчых Юра — адзін з найбольш моцных гульцоў. Яго нават у свой час прыкмецілі за мяжой на спаборніцтвах.

«У Францыі падыходзілі да трэнера, прапаноўвалі мне грамадзянства даць і прыняць у іх зборную. Але я без свайго роднага Віцебска не змагу, настальгія мяне б забіла. Мне трэба возера, лазня абавязкова… Я сам з вёскі, таму вось так»…

Каментары

Цяпер чытаюць

«Вар’яцкая афёра». Лукашэнка пракаментаваў закрыццё літоўскай мяжы10

«Вар’яцкая афёра». Лукашэнка пракаментаваў закрыццё літоўскай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС Беларусі ўручыў Літве ноту ў сувязі з закрыццём мяжы6

Генадзь Фядыніч з матэрыялаў следства даведаўся, што за ім сачылі 17 гадоў і для гэтага нават ставілі жучкі праз адтуліну з паверха вышэй

Грамадзяне з літоўскім ВНЖ могуць праехаць праз «Каменны Лог» толькі ў бок Літвы16

Рыжанкоў пра закрыццё Літвой мяжы: Гэта правакацыі для апраўдання антыбеларускіх, антырасійскіх падыходаў14

Памежны пераход у Беняконях закрыты цалкам13

«Вялікія рызыкі тупа страціць тавар». Спыталі кантрабандыста і памежніка, навошта Беларусь закідвае Літву і Польшчу зондамі11

Ціханоўская: Мы падтрымліваем санкцыі пры захаванні межаў адкрытымі для пасажырскіх перавозак15

Выйшла на свабоду палітзняволеная маці траіх дзяцей Юлія Лаптановіч. Яна ўжо выехала да сям'і за мяжу4

Украінцы збілі штурмавы верталёт Ка-529

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вар’яцкая афёра». Лукашэнка пракаментаваў закрыццё літоўскай мяжы10

«Вар’яцкая афёра». Лукашэнка пракаментаваў закрыццё літоўскай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць