Культура99

Харчаваньне беларусаў у ХХ стагодзьдзі

Сёньня значэньне «Беларускай Энцыкляпэдыі» прыніжанае, а імкненьне маргіналізаваць «Энцыкляпэдыю», у тым ліку і на знакавым узроўні, выявілася ў высяленьні выдавецтва з будынку на вуліцы Акадэмічнай, які для яго ўзводзіўся. Мэтамарфозы адбіліся і на лёсе выданьня «Наша ежа». Піша Алег Дзярновіч.

Чатыры гады таму гісторык Алесь Белы ініцыяваў праект «Наша страва», дзякуючы чаму зьявілася адпаведная рубрыка і ў «Нашай Ніве». Адным з вынікаў праекту мусіла стаць Энцыкляпэдыя беларускай кулінарыі і гастранаміі «Наша ежа», якую мелася выдаваць «Беларуская Энцыкляпэдыя».

У статусе гэтага выдавецтва за апошнія гады шмат што зьмянілася. Ад канца 1960-х да 1980-х беларуская культура прайшла пад знакам Энцыкляпэдыі. Сёньня ж значэньне «Беларускай Энцыкляпэдыі» прыніжанае, а імкненьне маргіналізаваць «Энцыкляпэдыю», у тым ліку і на знакавым узроўні, выявілася ў высяленьні выдавецтва з будынку на вуліцы Акадэмічнай, які для яго ўзводзіўся. Цяпер «Энцыкляпэдыя» месьціцца ў завулку Калініна, а ў вокны супрацоўнікаў трапляе пах шампуню, які разьліваюць па суседзтве. Увогуле ж «Беларуская Энцыкляпэдыя» магла апынуцца на ўскрайку Менску ў будынках рыбнага заводу...

Гэтыя мэтамарфозы адбіліся і на лёсе выданьня «Наша ежа». Некалькі гадоў праект быў замарожаны, пакуль Міністэрства інфармацыі не пагадзілася яго фінансава падтрымаць, але... толькі як расейскамоўны. Сёньняшняе кіраўніцтва выдавецтва і ня супраць бы выдаць кніжку па-беларуску, але ніякім чынам гэтую пазыцыю адстойваць ня будзе. Нашыя ж усе тэксты ствараліся па-беларуску. Трэба разумець, што гэта ня кніга рэцэптаў, а культуралягічнае выданьне па тэме такой базавай для чалавека зьявы, як ежа.

Чытачам «НН» прапануецца газэтная вэрсія аднаго з уводных артыкулаў да энцыкляпэдыі. У хвіліны, калі Вы чытаеце гэты тэкст, ён перакладаецца ў выдавецтве на расейскую мову.

Алег Дзярновіч

Цікава сачыць, як разам з гістарычнымі ўмовамі зьмяняецца побыт людзей, у тым ліку такая падставовая яго частка, як харчаваньне.

У пачатку ХХ ст. традыцыйны лад жыцьця беларускай вёскі распадаўся, але парадак прыёму ежы і найважнейшыя стравы заставаліся даўнейшымі.
Узімку сям’я харчавалася тры разы на дзень, часам яшчэ палуднавалі. У летнюю пару полудзень быў абавязковым — гэта дыктавалася інтэнсіўнасьцю працы галоўнага аграрнага сэзону. Звычайна ежа ў нядзелю была больш разнастайнаю. Амаль усе прадукты (мука, мяса, крупы, гародніна і г.д.) былі «сваёй гадоўлі». Куплялася соль, а ў багацейшых сем’ях і цукар. І ў бедных, і ў заможных галоўным прадуктам заставалася бульба, другое месца займаў хлеб, трэцяе — гародніна, пераважна капуста і буракі. У канцы лета — пачатку восені надыходзіў час садавіны. Улетку спажывалі многа малака. Радзей — тварог, масла, алей. Рыбу таксама не куплялі, а лавілі. Таму ў «безвадаёмных» мясьцінах яе не спажывалі. Найбяднейшы рацыён быў у беларусаў увесну, калі сканчаліся леташнія запасы, а новага ўраджаю яшчэ чакаць і чакаць.

Але тое на вёсцы.

Гарадзкая ж цывілізацыя Беларусі паўставала з усімі прыкметамі канс’юмэрызму, глямуру і разнастайнасьці выбару.
Традыцыйныя кірмашы і рынкі па-ранейшаму поўніліся якаснымі мясцовымі прадуктамі, але адзнакаю рэспэктабэльнасьці ўжо тады лічыліся рэстараны замежнай кухні. Калі кавярня ці кандытэрыя — дык абавязкова француская, венская ці канстантынопальская. Хоць мясцовыя піва і сыры карысталіся тады значна большай вядомасьцю і павагай, чым сучасная беларуская прадукцыя.

Салодкая манная каша

Сацыяльныя катаклізмы — Першая сусьветная вайна, рэвалюцыі — зруйнавалі ўсю гаспадарку, у тым ліку і гандаль. Сотні тысячаў людзей вымушана прыйшлі ў рух. У Беларусі зьявіліся масы народу зь іншых краёў — вайскоўцы расейскай (больш за 1,5 млн чалавек) і нямецкай (каля мільёну) армій. Адначасова два мільёны жыхароў Беларусі апынуліся ў бежанстве ў глыбіні Расеі. Дарэчы,

беларусы і ўкраінцы прынесьлі туды з сабою звычку есьці салёнае сала. Раней яго зусім не спажывалі паўночней лініі Смаленск — Тула — Пенза — Самара. У сваю чаргу, у эвакуацыі беларусы панавучваліся ляпіць сібірскія пяльмені.

У выніку ваеннага разбурэньня гаспадаркі традыцыйная сыстэма харчаваньня закансэрвавалася на гады. А побач ішлі працэсы, што паступова прывялі да фармаваньня савецкай кухні.

Савецкая кухня складалася ў СССР зь сярэдзіны 1930-х і да пачатку 1990-х. Яна мела тэхналёгію кулінарнай вытворчасьці і кампазыцыю страваў, якія адрозьнівалі яе ад нацыянальных кухняў народаў СССР, прычым на ўзроўні смакаў. Гэтая кухня перажыла некалькі этапаў разьвіцьця, адлюстроўваючы сацыяльную, эканамічную і палітычную гісторыю СССР.

Напрыклад, у першыя гады савецкай улады нарадзілася звычка, што дажыла да нашых дзён: у шпіталях, санаторыях і сталоўках сталі варыць вадкую падсалоджаную манную кашу замест густой і падсоленай, як было прынята раней. Рэч у тым, што ў першыя савецкія гады па картках выдавалі невялікую колькасьць крупаў і цукру. І ўсё адно не ставала. Тады гаспадарнікі пастанавілі злучыць абодва прадукты ў адну страву, ды яшчэ моцна разбавіць вадою — каб было болей. Уладзімер Ленін адмоўна ставіўся да гэтай ініцыятывы, лічыў яе марнатраўствам ды спрабаваў адміністрацыйнымі мэтадамі перашкодзіць распаўсюду манкі. Але традыцыя ўсталявалася. Нашая салодкая манная каша, такім чынам, паходзіць з тых галодных часоў.

Паводле статыстыкі 1924 г., калі сыстэма харчаваньня стабілізавалася, найлепшая сыстэма харчаваньня была зусім не ў сталіцы Савецкае Беларусі. Па мясе, рыбе, малаку, садавіне, гарбаце і каве лідэрам быў Віцебск. Нездарма там узьнік такі культурны фэномэн, як Віцебская мастацкая школа. У горадзе на Дзьвіне знаходзіліся правіянцкія склады царскага войска, а сам Віцебск не пераходзіў так актыўна з рук у рукі, як, да прыкладу, Менск. Адпаведна інфраструктура і сыстэма забесьпячэньня там захавалася лепш — і сюды пацягнуліся мастакі з галоднага Петраграду. Менск жа набіраў калярыйнасьць за кошт сала, якога тут спажывалі ў 3,16 разы больш, чым у Віцебску. Таксама ў Менску заўважна больш елі хлеба ды бульбы.

1920-я былі ў СССР часам кулінарных пазычаньняў. З Наваросіі ва Ўсходнюю Беларусь трапіў звычай гатаваць курыны суп з лапшой,
які зь цягам часу стаў агульнасаюзнаю «сталоўскаю» страваю. З адэскіх рэстаранаў быў прыўнесены бефстроганаў, які з стравы вузкага кола аматараў пераўтварыўся ў вельмі пашыранаю; пецярбурскія новаміхайлаўскія катлеты з мэню рэстарана Купецкага клюбу ў часы гетмана Скарападзкага патрапілі ва Ўкраіну, ператварыліся там у «катлеты па-кіеўску», і як «новая страва» ўвайшлі ў агульнасаюзнае рэстараннае мэню. З Украіны прыйшлі варэнікі і боршч. Нарэшце, большасьць яйкавых, малочна-мучных і малочна-расьлінных страваў, названымі «дыетычнымі» (так у 1920—1930-я называлі ўсе паравыя, нясмажаныя, працёртыя і адварныя стравы зь мяса, рыбы і гародніны), прыйшлі ў грамадзкае харчаваньне з прыбалтыйска-нямецкай і асабліва яўрэйскай кухні, што было зьвязана з шырокім пранікненьнем на ўсход яўрэяў з па-за былой «рысы аселасьці» Рыга — Магілёў — Гомель — Кіеў — Херсон...

Цалкам артыкул Алега Дзярновіча «Харчаваньне беларусаў

у ХХ стагодзьдзі» чытайце ў папяровай «НН», №38 і 39.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін6

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заявіў, што хоча і трэці блок, і новую АЭС7

Дональд Туск пацвердзіў: чыгунка Варшава — Люблін пашкоджаная ў выніку дыверсіі17

Пенсіянерка паблытала педалі і пабіла сем аўтамабіляў у Мінску ВІДЭА9

Польскае МЗС чакае ўбачыць наступствы адкрыцця двух КПП «у найбліжэйшыя тыдні і месяцы»19

Том Круз нарэшце атрымаў «Оскар»: яму ўручылі ганаровую ўзнагароду за ўнёсак у кіно5

У Мінску пачалася мадэрнізацыя незвычайнага аб'екта: абсерваторыі Планетарыя ў парку Горкага1

У Мінску прадаецца кватэра ў доме, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч3

Гэты рамонт каштаваў мінчукам амаль $100 000. Як думаеце, ён таго варты?12

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін6

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць