Грамадства8888

Член-карэспандэнт Каваленя: Калі б Сувораў не разбіў Касцюшку, не было б ніякай Беларусі

Напярэдадні ў інтэрнэце з'явіўся адказ Акадэміі навук на зварот аб наданні адной з вуліц Мінска імя Тадэвуша Касцюшкі.

Першы намеснік старшыні прэзідыума Акадэміі навук Сяргей Чыжык падпісаўся пад адказам, у якім гаворыцца, што Тадэвуш Касцюшка не вёў барацьбу за інтарэсы беларускага народа, а адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША.

Карэспандэнт «НН» запісаўся на прыём да Сяргея Чыжыка, але на сустрэчу прыйшоў таксама член-карэспандэнт Аляксандр Каваленя. Цяпер ён сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтва Акадэміі навук, а раней узначальваў Інстытут гісторыі.

Менавіта Аляксандр Каваленя быў аўтарам таго ліста, які падпісаў Чыжык. І менавіта Каваленя лічыць, што Касцюшка не з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі.

Аляксандр Каваленя. Фота Rg.ru

Зміцер Панкавец: Вы лічыце, што Касцюшка не герой Беларусі. Але ў Мінску, напрыклад, ёсць вуліца Баляслава Берута, прэзідэнта Польшчы, ён быў героем Беларусі?

Аляксандр Каваленя: У нас размова ідзе пра Касцюшку, давайце ставіць кропкі над «і» па Касцюшку. Што ў гэтым адказе вас не задавальняе? І што б хацелі, каб мы напісалі ад імя акадэмічнага асяроддзя? Вы ставіце пытанне аб наданні Касцюшку звання героя Беларусі.

ЗП: Не, я стаўлю перад вамі пытанне аб наданні адной з вуліц Мінска імя Тадэвуша Касцюшкі.

АК: Зміцер, глядзі. Вы ж пішаце ў сваім артыкуле: «нацыянальны герой Беларусі». Вы дазволілі зняважыць сабе ўсю Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Толькі мажаце чорнай фарбай. Нічога не сказалі затое пра 37-томны гістарычны атлас. Што значыць нацыяльны герой, адкажыце? Вы слоўнік Ожэгава [тлумачальны слоўнік рускай мовы — «НН»] чыталі?

ЗП: Не чытаў. Для мяне герой — гэта чалавек, які зрабіў гераічны ўчынак і памяць пра якога жыве сярод людзей.

АК: Дык што вы ад нас хочаце? Вуліца Берута? У свой час была ідэя, таму і зрабілі вуліцы Троцкага, Леніна. Вы хочаце, каб мы зноў нарабілі тых самых памылак?

ЗП: Нават у Санкт-Пецярбургу ёсць вуліца Касцюшкі, а ў нас няма.

АК: Што вы мяне пытаеце, каб я адказваў за Санкт-Пецярбург? Я буду адказваць за Мінск. Зміцер, дарагі ты мой, я ўжо больш забыўся, чым ты ведаеш. Я абараніў дзве дысертацыі па Другой сусветнай вайне. А ты мне называеш Каліноўскага, Касцюшку — усё гэта я забыўся яшчэ ў першым класе.

ЗП: Хочаце пра Другую сусветную? Іосіф Сталін надаў імя Касцюшкі пяхотнай дывізіі.

АК: Нашто вам той Сталін?

ЗП: Бо нават Сталін не баяўся імя Касцюшкі, а вы баіцеся.

АК: Прычым мы баімся?! Па табе стралялі?

ЗП: Не стралялі.

АК: А па мне стралялі. А ён мне кажа, што мы баімся.

ЗП: Я вас прашу адказаць па вуліцы, калі ласка.

АК: Гэта не наша прэрагатыва, мы гэтым не займаемся. Мы ж нават пішам: можаце прымаць, а можаце не прымаць.

ЗП: Чаму ў краіне столькі вуліц і калгасаў імя Суворава?

АК: Зміцер, дарагі! Каб вашу «Нашу Ніву» пачыталі тыя, хто стаяў ля яе вытокаў, яны б перавярнуліся. Вы разбураеце сёння беларускую мову і культуру. Вы ўносіце ў мову паланізмы. У «Родным слове» кажуць, што палову словаў не разумеюць, калі вас чытаюць.

Мы ўпершыню ў гісторыі навучылі машыну размаўляць па-беларуску, чаму пра гэта не пішаце? У нас у акадэміі — востраў па адраджэнні нацыянальнай мовы, гісторыі і культуры. Мы выдалі ўсіх класікаў нацыянальных. І працягваем, цяпер выдаём Янку Брыля. Вы ведаеце такога Мушынскага [Міхась Мушынскі — член-карэспандэнт Акадэміі навук, кіраваў выданнем 13 збораў твораў беларускіх пісьменнікаў. Памёр у 2018 годзе — «НН»]?

ЗП: Натуральна, гэта дзед нашага галоўнага рэдактара [Ягора Марціновіча].

АК: Каб ён пачытаў сёння тое, што вы напісалі, то ён бы перавярнуўся. Мы з ім сябравалі. Ён расказваў пра сваіх унукаў. Памяць дзеда абняславілі ўнукі. Раздзьмулі праблему.

ЗП: Хто раздзьмуў? Гэта ваш адказ, якім абураюцца людзі.

АК: Вы адказваеце за газету, за «Нашу Ніву». Мы будзем гаварыць з Плашчынскім [аўтар зварота ў Акадэмію навук — «НН»]. Вы нас прымушаеце рабіць няпраўду.

ЗП: Якую няпраўду?

АК: Каб мы напісалі, што Касцюшка — нацыянальны герой.

ЗП: Касцюшка часта называў сябе «ліцвінам», а не палякам.

АК: Для таго, каб атрымаць выгаду, каб займець хаўруснікаў, ён бы чым заўгодна займаўся. Гэта была прапаганда. Тое, чым вы цяпер займаецеся. Такі ён герой, чаму не разбіў Суворава тады?

ЗП: Вы не памятаеце, як МЗС Беларусі бараніў Касцюшку, калі яму помнік у Швейцарыі адкрывалі?

АК: Мы памятаем.

ЗП: У МЗС непісьменныя людзі, што яны заступаліся за Касцюшку?

АК: Гэта не наша справа. Мы нават не напісалі ў сваім адказе словы Напалеона, які назваў Касцюшку дурнем, нарцысам.

ЗП: Вы спасылаецеся на Канстытуцыю 3 мая, але нават яна пакідала федэратыўны характар Рэчы Паспалітай.

АК: Калі б не Сувораў, то не было б «Нашай Нівы», не было б Беларусі.

ЗП: Ну што вы такое кажаце?!

АК: Так, а ты што не ведаеш, што па стане на 1939 год у Польшчы не было ніводнай беларускай школы. Было вымыта ўсё нацыянальнае, палову людзей пасадзілі ў турму. І калі б Сувораў не разбіў Касцюшку, то не было б ніякай Беларусі.

ЗП: Не было ніводнай славацкай школы таксама, але гэта не значыць, што нацыя б знікла.

АК: Колькі сёння беларусаў пішацца ў Польшчы? Калі ты назавешся беларусам у Польшчы, але не пішаш кепскага пра Расію, то табе няма дарогі нікуды.

ЗП: Вернемся да вуліцы імя Касцюшкі. Чалавек нарадзіўся ў Беларусі, называў сябе ліцвінам.

АК: Але выступаў за польскую мову.

ЗП: У вас тут у акадэміі вісіць партрэт Ігната Дамейкі, ён таксама гаварыў па-польску. І што?

АК: І Дамейка! У нас размова не пра Дамейку, не пра Берута, а пра Касцюшку. У нас у другім томе «Гісторыі» ёсць партрэт Касцюшкі, і Каліноўскага ёсць. Дзе тут у нашым адказе ёсць памылкі? Газета нанесла вялізны ўрон Акадэміі навук. Ягор, светлай памяці яго дзеда, [мусіў] сказаць бы: «Не чапайце Акадэмію навук!» А вы палошчаце Акадэмію навук, якая займаецца нацыянальным адраджэннем.

ЗП: Ну няўжо вы не ведаеце, што вялізная колькасць людзей у нас у краіне лічыць Касцюшку героем.

АК: Мяне гэта не цікавіць.

ЗП: Нават дзяржава выпускала маркі з яго выявай.

АК: І правільна рабіла. Быў свой час — і выпускалі маркі. Мы Нацыянальная акадэмія, мы павінны выпраўляць тыя памылкі, якія былі зробленыя.

ЗП: Ёсць сувораўскія вучылішчы. Не лічыце, што гэтую памылку трэба выправіць?

АК: Сувораў разбіў Касцюшку — і гэта дазволіла спыніць паланізацыю беларускага народа. Ясна табе?

ЗП: Колькі беларускіх школаў было ў Расійскай імперыі?

АК: Пачытайце старую «Нашу Ніву»! А хто рабіў выдавецтва «Загляне сонца ў наша ваконца».

ЗП: Так, напрыканцы існавання Расійскай імперыі друк на беларускай мове быў дазволены, але не адукацыя.

АК: Пачытайце, колькі школ было ў «Нашай Ніве»!

ЗП: Што наконт вуліцы Касцюшкі?

АК: Паўтараю, гэта не наша прэрагатыва. Мы не займаемся гэтым.

ЗП: Нават рэкамендацый не даяце?

АК: Не.

ЗП: Ніколі не давалі?

АК: (цішыня).

***

Аляксандр Каваленя

Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Капылі. Скончыў Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №23, гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.

Працаваў на кафедры гісторыі КПСС Мінскага педінстытута, загадчыкам кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі.

З 2004 — в.а. дырэктара, у 2005—2010 — дырэктар Інстытута гісторыі. З 2009 — акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук.

Член-карэспандэнт Акадэміі навук (2014). У 2017 годзе не быў абраны акадэмікам.

Каментары88

Цяпер чытаюць

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных3

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Усе навіны →
Усе навіны

Белы дом пераўтвараецца ў казачны палац: Трамп будуе бальную залу за 200 мільёнаў даляраў7

Джасцін Цімберлэйк расказаў, што мае хваробу Лайма, якую пераносяць кляшчы. Боль ён трываў два гады на сцэне5

Пачалася сустрэча Лукашэнкі і Пуціна4

Як выглядае беспілотнік, які сёння знайшлі ў Літве ФОТА2

Латушка: Круглы стол з Лукашэнкам немагчымы27

У Літве знайшлі беспілотнік, што заляцеў з Беларусі. Вось як ён выглядае2

Пошукава-выратавальныя работы ў Кіеве завершаны: загінуў 31 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

«Самае старое» дзіця ў свеце нарадзілася з эмбрыёна, які быў замарожаны 30 гадоў таму3

Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ўкраінскае грамадзянства, а колькі іх выдварылі з краіны5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных3

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць