Культура33

«Крама» — наша мама!

Пракол з рэкламай не перашкодзіў гурту Ігара Варашкевіча сабраць поўную «Казу».

Пракол з рэкламай не перашкодзіў гурту Ігара Варашкевіча сабраць поўную «Казу».

Напярэдадні канцэрту «Крамы» панавала лёгкая неўпэўненасць за лёс напаўнення канцэртнай залі «Мінск». Справа ў тым, што за тыдзень да канцэрту афішы гурта пазаклейвалі новымі. Неабыякавыя інтэрнаўты арганізавалі добраахвотную рэкламную акцыю, размясціўшы на сваіх блогах інфармацыю пра канцэрт. Магчыма дапамагло гэта, а найхутчэй тое, што «Крамы» даўно не было на вялікіх пляцоўках у Мінску і прыхільнікі яе зачакаліся, але перад самым пачаткам у залі засталося не вельмі і шмат вольных месцаў. Пастаралася і грамадская кампанія «Будзьма» — інфармацыйны ды ўвогуле спонсар канцэрту.

Ігар Варашкевіч не прымусіў сваіх прыхільнікаў доўга чакаць — канцэрт пачаўся з нязвыклай педантычнасцю. «Mein Vaterland, auf Wiedersehen» — «Крама» пачала вялікі сольны канцэрт з развітання. Карыстаючыся момантам, аглядаю публіку. Вельмі шмат сталых людзей — дзядзькі з доўгімі сівымі валасамі, жанчыны перадпенсійнага ўзросту. Мікалай Аруцюнаў ведаў, што казаў ў інтэрв’ю Tut.by пра рок-н-рол, як музыку 40-гадовых і старэй. Былі ў вялікай колькасці і маладыя людзі, нават дзеці (на плячах у бацькоў).

«Усё жыццё — дзіўны сон» — лілося са сцэны. І ў гэта ахвотна верылася, гледзячы на публіку, якая паслухмяна сядзела ў крэслах, нібы прыйшла на канцэрт класічнай музыкі.

У залі былі родныя Варашкевіча. Першай сваёй жонцы ён прысвяціў «Будзь разам з намі», маці, якая нарадзілася ў Гомелі, натуральна, — «Гомельскі вальс». Як напамін пра студэнцкую маладосць, прагрымеў «Камендант». Песні пра каханне — дзве «Стэфкі», а калі быць шчырым, то першая, пранялі да хрыбта. Успомніліся такія далёкія, як падаецца цяпер, дзевяностыя, калі я са здзіўленнем адкрываў для сябе нашу музыку, і гэтае адкрыццё магутнай хваляй змывала-зносіла старыя мае захапленні, пераважна расійскія.

«А зараз мы вернемся ў СССР, але не трэба баяцца, бо гэта будзе толькі стары мульцік і па-беларуску: баю-бай, не кладзіся ты на край!» — пастрашыў і адразу ж супакоіў залю Ігар Варашкевіч.

Перад выхадам на сцэну свайго сябра і калегі Мікалая Аруцюнава Варашкевіч выканаў «Хавайся ў бульбу», аўтарытэтна заявіўшы са сцэны, што «ўсё толькі пачынаецца, як кажуць па ТБ».

Першыя танцы каля сцэны пачаліся з першымі ж акордамі «Хворы на рок-н-рол». На сцэну выйшаў «сябра мой Вярэніч Лёнік». А за ім і Аруцюнаў. Лідэр расійскага «Funky Soul» зрабіў анонс: зараз будуць дзве песні «Rolling Stone», дзве «Lynyrd Skynyrd» і дзве кампазіцыі гурта, які аб’ядноўвае два першых гурта і робіць гэта па-беларуску — «Крамы». Пры гэтым Аруцюнаў катэгарычна заявіў, што дзве апошнія песні будзе спяваць таксама ён і на мове.

І тут пачалося! Калі раней адважных на ўсю залю было некалькі чалавек, і танчылі яны пераважна на балконах, то цяпер адрывалася ці не палова прысутных. Ахоўнік каля сцэны, які спрабаваў вяртаць людзей у крэслы, змірыўся. На сцэну ён глядзеў з падкрэсленай абыякавасцю, на публіку — з лёгкай пагардай. Карацей, прафесіянал.

Аруцюнаў спяваў па-беларуску не горш за Пугача з «J:морс». І заля дзячыла яму апладысментамі і задаволенымі воклічамі. «Выпі са мной да дна» спявалі хорам і стоячы, пад народную «украіна-беларуска-расійскую пра хлопца» («Бяжы, бяжы, хлопец») танчылі ўсе — і стары і малады, палітыкі і праваабаронцы, кабеты бальзакаўскага ўзросту і зусім маладзенькія дзяўчаты. Нават сур’ёзны дзядзечка ў строгім гарнітуры пад гальштукам.

«Мы растапілі такі лёд гэтай афіцыйнай пабудовы! Цяжка тут працаваць» — прызнаўся лідэр «Крамы».

Музыкі зніклі за кулісамі, але слухачы былі настойлівыя. На біс прагучаў «Падае дождж».

«Парвалі залю!» — выгукнуў з шчаслівай усмешкай палітык Аляксей Янукевіч. І дадаў: ««Крама» — наша мама!»

Каментары3

Цяпер чытаюць

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ1

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС пра зніклую ў М’янме Веру Краўцову: Дакументы аб смерці падробленыя3

«Ваўкі, якія доўга жылі з людзьмі». Пароды сабак пачалі развівацца яшчэ ў Каменным веку

На Камароўцы ўпалі цэны на хурму і ананасы: што выгадна купляць1

Новы «Франкенштэйн» культавага Гільерма дэль Тора — бадай, самы прыгожы фільм года3

Зборная Беларусі больш за суткі дабіралася з Мінска да Капенгагена5

Пад Астраўцом прыбралі помнік паўстанцам 1863 года, пастаўлены жыхарамі раёна24

Міліцыя распрацавала свой мабільны дадатак для прыёму паведамленняў ад грамадзян3

Антыперспірант: наносіць раніцай ці перад сном? Вось правільны адказ2

Турэцкі лаўрэат прэміі Чэчкі быў у захапленні ад Беларусі і рэжыму ў ёй. А пасля трапіў на Акрэсціна20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ1

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць