Грамадства33

Як 68-гадовы палкоўнік хацеў зберагчы людзей 10 жніўня ля «Рыгі», а атрымаў кулю ў жывот

«З боку грамадства цяпер велізарны запыт на камунікацыю і дыялог», — кажа палкоўнік юстыцыі ў адстаўцы Аляксандр Варапаеў, які ўвечары 10 жніўня пайшоў да ўніверсама «Рыга» для таго, каб паспрабаваць гэты самы дыялог наладзіць. Але ў выніку ён атрымаў кулю ў жывот і нагу ад чалавека са спецбранемабіля, пасля чаго быў у цяжкім стане дастаўлены ў вайсковы шпіталь. Зараз Аляксандр Васілевіч праходзіць рэабілітацыю і па-ранейшаму імкнецца данесці неабходнасць камунікацыі ўлады з грамадствам. Чаму гэта так важна і якія могуць быць наступствы ў сілавых метадаў працы з насельніцтвам, ён распавёў у інтэрв'ю TUT.BY.

Фота: Дар'я Сапранецкая, TUT.BY.

Аляксандр Варапаеў. 68 гадоў. Выпускнік юрыдычнага факультэта БДУ. З канца 1970-х да пачатку 2000-х гадоў — следчы Генеральнай пракуратуры. Профіль — барацьба з арганізаванай злачыннасцю і эканамічнымі злачынствамі. Сышоў з органаў па ўласнай ініцыятыве. Палкоўнік юстыцыі ў адстаўцы.

Першапачаткова Аляксандр Васілевіч не планаваў публічна казаць пра тое, што адбылося з ім 10 жніўня. Але яго суседзі распавялі пра здарэнне дэпутату Мінгарсавета Паўлу Бачарнікаву, які падзяліўся гэтай гісторыяй з намі.

Мы сустракаемся з Аляксандрам Варапаевым на беразе Сляпянскай воднай сістэмы. Менавіта тут пасля дзвюх аперацый і выпіскі з ваеннага шпіталя рэкамендаваў яму гуляць лекар. Палкоўнік у адстаўцы ідзе бадзёра, але трохі кульгае, а калі вецер падымае кашулю,- то на жываце бачны бандаж пасля хірургічнай аперацыі. Але аб сваім выбары — пайсці 10 жніўня да ўніверсама «Рыга» — ён не шкадуе.

Аляксандр Васілевіч успамінае, што 9 жніўня ў Менску пачаліся праблемы з інтэрнэтам, і даведацца, што адбываецца на вуліцах, было складана. Але ўвечары 10 жніўня ён пачуў ад людзей шмат супярэчлівай інфармацыі. Маўляў, у раёне ўніверсама «Рыга» пратэстоўцы ідуць у атаку на АМАП, будуюць барыкады, а сілавікі ў іх страляюць. Гэта ўразіла афіцэра, бо ён ведае, да чаго прыводзілі сутыкненні ў гарачых пунктах накшталт Тбілісі і Сумгаіта ў канцы 1980-х.

— Таму я неадкладна паехаў да ўніверсама «Рыга», каб убачыць усё на свае вочы і паспрабаваць прадухіліць негатыўныя масавыя дзеянні людзей, калі яны там будуць. Бо я ведаю, што такое эфект натоўпу і падмена паняццяў. А яшчэ я ведаю, што такое збітае дзіця — кім бы яно ні было.

Аляксандр Варапаеў прыйшоў да ўніверсама «Рыга» каля поўначы. Ён кажа, што ўбачыў там каля 80 чалавек.

— Парушэнняў грамадскага парадку не дапускалася, усе былі ў нармальным, прыўзнятым стане. Якіх-небудзь бачных прыкмет, якія паказваюць на наяўнасць масавых беспарадкаў, бачна не было. Разам з тым асобныя хлопцы спрабавалі «дабудаваць» перашкоду для праезду транспарту са смецця. Натуральна, я абрадаваўся, што чуткі аб масавых беспарадках катэгарычна не адпавядаюць рэчаіснасці. Разам з тым, усведамляючы магчымую рэакцыю органаў правапарадку, я выказаўся аб недапушчальнасці, а таксама абсурднасці процідзеяння ім. Я прапанаваў змесці смецце з дарогі і не перашкаджаць руху спецыяльнага і грамадскага транспарту. Было прыемна, што некаторыя разважанні былі прынятыя, — піша Аляксандр Васілевіч у сваёй заяве на імя начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску.

У выніку пасля размовы з палкоўнікам у адстаўцы пратэстоўцы часткова прыбралі смецце з праезнай часткі і самі перайшлі на тратуар. Аляксандр Васілевіч кажа, што яшчэ раз пераканаўся, што там сабраліся адэкватныя людзі. Ён прабыў там усяго 10—15 хвілін і пайшоў дадому па пешаходнай дарожцы каля ўніверсама «Рыга».

— Нечакана ззаду, з боку скрыжавання вуліц Куйбышава і Сурганава, прагучаў гучны гукавы сігнал. Павярнуўшыся, я ўбачыў, як спецбронеаўтамабіль камуфляжнай расфарбоўкі на хуткасці 30—40 кіламетраў у гадзіну паварочвае з вуліцы Куйбышава на вуліцу Сурганава. Людзі разбегліся, я застаўся на тратуары адзін. Для таго, каб работнікі праваахоўных органаў не прынялі мяне за асобу, якая можа патэнцыйна пагражаць іх бяспецы альбо бяспецы грамадзян, я падняў рукі і стаў апускацца на калені. Далоні я трымаў расціснутымі, каб было бачна, што ў мяне ў руках нічога няма. Тратуар, дзе я знаходзіўся, добра асвятляўся, я знаходзіўся тварам да спецбронеаўтамабіля, — сказана ў вышэйзгаданай заяве Аляксандра Васілевіча.

У гэты ж момант з люка на даху машыны з'явіўся чалавек у спецформе і два разы прыцэльна стрэліў у Аляксандра Варапаева, патрапіўшы гумовымі кулямі ў жывот і нагу, піша ён у заяве. Вынік (ён жа дыягназ) — агнястрэльная кулявое сляпое пранікальнае раненне жывата з пашкоджаннем тонкай кішкі і вялікага сальніка, плюс — раненне левай нагі. Аляксандр Васілевіч дзякуе хлопцу, які аказаў яму першую дапамогу, а таксама лекарам ваеннага шпіталя.

Адлегласць паміж ім і стралком была каля 20 метраў, кажа палкоўнік у адстаўцы. Таму ён лічыць, што стаў ахвярай недапушчальнага куражу з боку таго, хто ў яго страляў, і поўнай незаконнасці яго дзеянняў. Ён просіць Следчы камітэт высветліць асобу таго, хто страляў у яго, і даць прававую ацэнку яго дзеянням. Ён таксама напісаў і заяву ў пракуратуру.

Фота: Дар'я Сапранецкая, TUT.BY

— Выкарыстанне зброі было цалкам незаконным, таму што я стаяў адзін і на вачах. А ў мяне, як у сусліка, пачалі проста так страляць. Я 25 гадоў ахоўваў дзяржаву і народ — і для мяне гэта проста бязмежна. Больш за тое, ён бы не трапіў у мяне, калі б я не быў чалавекам, выхаваным на павазе да закона, і не думаў бы, што міліцыя — гэта орган, які абараняе мяне. Тады я б проста сышоў ад стрэлу. Так, вядома, можна сказаць, што мне трэба было сядзець са сваёй грамадзянскай пазіцыяй дома. А з другога боку, можа, мая грамадзянская пазіцыя выратавала кагосьці ад кулі.

Зараз, пасля праведзеных сямі дзён у ваенным шпіталі, Аляксандр Варапаеў праходзіць рэабілітацыю. Але хвалюе яго не столькі тое, што адбылося асабіста з ім, колькі агулам тое, што адбываецца ў краіне. Ён кажа, што не з'яўляецца прыхільнікам каго б там ні было, а з'яўляецца прыхільнікам беларускай дзяржаўнасці, якая не павінна быць завязаная на канкрэтную асобу.

— Інтарэсы дзяржавы — гэта інтарэсы народа. Навошта нам ламаць ногі, скажам, работніку Мінскага трактарнага завода, калі ён заўтра не выйдзе на працу? Навошта, каб у краіне скончыліся нармальныя адносіны? Мы што, дажылі да таго, што ў 21-м стагоддзі трэба ўсё вырашаць з дапамогай цагліны і дубінкі? Не трэба было наогул прымяняць ніякіх спецсродкаў супраць грамадзян. Толькі дыялог!

— А хто яго павінен быў наогул весці з пратэстоўцамі? Камандзіры АМАПа?

— Я ведаў і ведаю дзясяткі прафесіяналаў, пачынаючы ад участковага і заканчваючы аператыўнікам, якія выйдуць і хоць бы проста пагавораць з людзьмі. І гэта ўжо знізіць напал. А ў нас атрымліваецца: ідуць жанчыны па тратуары на праспекце, а АМАП перагароджвае ім дарогу і кажа, што яны парушаюць закон. Які закон? Чаму людзям нельга хадзіць па сваёй краіне? Хай бы яны сказалі хоць бы тое, што ім дадзены загад не прапускаць людзей у мэтах іх жа бяспекі. Частка пратэстоўцаў іх бы не паслухалася, а іншая частка — паслухалася б.

— Але вы не лічыце, што, улічваючы ўзровень недаверу, большасць людзей усё роўна б не паслухалася?

— А мы гэта нават праверыць не можам, бо камунікацыі не было ніякай! А калі супрацоўнікі міліцыі не могуць у складаных умовах вырашаць складаныя задачы, то трэба не ў міліцыі працаваць, а ў бібліятэцы або на заводзе.

Але, нягледзячы на ўсё, грамадства не толькі гатовае, але і чакае дыялогу, перакананы Аляксандр Варапаеў. У прыклад палкоўнік у адстаўцы прыводзіць актыўную камунікацыю людзей з памочнікам прэзідэнта каля кардону сілавікоў ля Палаца Незалежнасці.

— Вы бачылі, з якой прагнасцю людзі пачалі з ім кантактаваць? Але нармальнага дыялогу не атрымалася, таму што няма разумення, што дыялог паміж народам і адказнымі службовымі асобамі — гэта не значыць здрада кіраўніку краіны. А дыялог як мінімум дапаможа ўладзе зразумець спадзяванні народа. Дыялог — гэта жыццёвая неабходнасць. Жыццё патрабуе дыялогу.

— А вам не здаецца, што гэты дыялог немагчымы без адмашкі Аляксандра Лукашэнкі?

— Не. Дыялог магчымы — і ён ужо пачаўся. Напрыклад, асобныя дэпутаты ўжо ўзяліся, таму што ў іх ёсць душа, сумленне і яны разумеюць дзяржаўныя інтарэсы. А яшчэ хачу нагадаць, што творчая ініцыятыва мас у свой час нарадзіла парады. І гэтыя парасткі не трэба гасіць.

— Добра, а з чаго дыялог трэба было б пачаць?

— Трэба разбірацца і глядзець па ўсіх заявах аб ужыванні сілы. Следчая праца — гэта вельмі сур'ёзная рэч, і ёй трэба неадкладна пачынаць займацца. Таму што больш за шэсць тысяч чалавек было затрымана — і яшчэ няма ніводнай справы.

Калі ж гэтага не пачаць рабіць, то наступствы таго, што адбываецца, могуць быць сумнымі, кажа палкоўнік у адстаўцы.

— Самае страшнае, калі нянавісць да аднаго супрацоўніка міліцыі або да пэўнай катэгорыі супрацоўнікаў міліцыі перарастае ў страту даверу да ўсіх органаў улады.

Фота: Дар'я Сапранецкая, TUT.BY

Але пакуль, на жаль, замест дыялогу ўлада працягвае рабіць памылкі. Напрыклад, Аляксандр Васілевіч не разумее, навошта было зганяць у горад БТРы.

— Навошта такі АМАП, які трэба абараняць БТРамі? Няма ні адной перавернутай скрыні — якія тут патрэбныя дубінкі і БТРы? Дастаткова аднаго нармальнага ўчастковага, які стане і скажа: «Хлопцы, давайце пагаворым». А калі ў кагосьці вытрымкі няма, то, паўтараю, не трэба працаваць у міліцыі. Я разумею цікавасць улады, я разумею запыт народа на дэмакратыю, але гэтак жа нельга сябе паводзіць адказным асобам: вы ж ставіце пад пагрозу дзяржаву! А наша агульная задача — зберагчы людзей і не раскалоць грамадства.

— А вы не думаеце, што пазіцыя ўлады шмат у чым такая, каб усё ж такі загасіць пратэст збольшага сілавымі метадамі?

— У Мексіцы кажуць: яны думалі, што яны закапаюць нас у зямлю, але яны не ведалі, што мы — збожжа. Узнікае пытанне: няўжо сілавікі не разумеюць, што сіла дзеяння роўная сіле процідзеяння?

Каментары3

Цяпер чытаюць

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі6

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскі салдат уратаваўся з акружэння на электраровары, які яму скінулі з дрона1

З кастрычніка пачнуць дзейнічаць новыя правілы ўезду ў ЕС. Што зменіцца для беларусаў

Журналіст Ігар Карней пра тое, як атрымаў у спадчыну рэпрэсаваныя гены1

У Мінску прайшоў «Жаночы забег»5

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў4

Цікавыя новыя захапленні выбрала сабе Святлана Ціханоўская12

Упершыню ў Беларусі стварылі вялікую металічную пралётную канструкцыю3

Мікалай I забараніў ужываць назвы Літва і Беларусь? Гэта савецкі міф40

«Проста ім не спадабалася яе карціна». Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мастачкі Людмілы Шчамялёвай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі6

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць