Грамадства55

«Нікому не пажадаў бы аказацца ў такой сітуацыі»: арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў пра жыццё пад Беластокам і візіт у Ватыкан

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч некалькі дзён правёў у Ватыкане. Шматгадзінная сустрэча ў Дзяржсакратарыяце была канструктыўнай, прызнаўся ў інтэрв’ю Vatican News беларускі іерарх.

«Мы доўга размаўлялі пра складанасць сітуацыі ў Беларусі і ў мясцовым Касцёле. Таксама сустрэча была прысвечана пошуку шляхоў вырашэння складанай сітуацыі, у якой знаходжуся сёння асабіста я. Хачу сказаць, што Святы Пасад сапраўды прыкладае шмат намаганняў, каб праблема была хутчэй вырашана. Спадзяюся, што наступныя крокі, якія будуць зроблены з боку Святога Пасаду, дапамогуць у хутчэйшым вырашэнні праблемы», — паведаміў арцыбіскуп.

Іерарх прыехаў у Ватыкан па запрашэнні Дзяржаўнага сакратарыята. Галоўнай мэтай візіту была сустрэча з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці, і арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Нагадаем, што ў сярэдзіне верасня 2020 г. у Беларусі з візітам знаходзілася ватыканская дэлегацыя, якая правяла перамовы і з дзяржаўнымі ўладамі, і з каталіцкім епіскапатам. Інфармацыі было не так шмат, але, упэўнены арцыбіскуп Кандрусевіч, робіцца ўсё магчымае.

«Мы не ведаем усёй «кухні» перамоў і часам менш інфармацыі — лепш для справы. Я вельмі ўдзячны за тое, што Святы Айцец накіраваў у Беларусь арцыбіскупа Галахера, што ён правёў перамовы, пазнаёміўся з біскупамі і даведаўся аб сітуацыі з першых рук», — адзначыў іерарх.

З таго моманту, як Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага не пусцілі ў Беларусь, ён жыве ў адной з парафій польскай Сакулкі, літаральна ў некалькіх кіламетрах ад мяжы з Беларуссю. А кіраўніцтва Касцёлам ажыццяўляе на адлегласці, карыстаючыся новымі сродкамі камунікацыі.

«Я нават задаволены, што прабываю зараз менавіта ў парафіі св. Антонія, паколькі ў яе ёсць сувязь з маім родным Адэльскам. Маю дзе спаць, дзе жыць, і дзякую за клопат, хоць не хацеў бы нікому пажадаць апынуцца ў такой сітуацыі», — прызнаўся арцыбіскуп.

Ён удзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах, якія праходзяць у Беларусі, дзякуючы відэатрансляцыям. «Мне важна — бачыць людзей, і вернікам важна яднацца з сваім біскупам. Таксама ёсць іншая праца: прыходзяць запрашэнні, лісты, мне іх курыя перасылае, і я адказваю на іх. З’яўляючыся Старшынёй Канферэнцыі Біскупаў, дыстанцыйна прымаю ўдзел ў пасяджэннях», - апісаў сваю дзейнасць іерарх.

Так склалася, што час візіту ў Ватыкан супаў з 31-й гадавінай біскупскага пасвячэння, якое арцыбіскупу Кандрусевічу 20 кастрычніка 1989 г. удзяліў асабіста св. Ян Павел ІІ. Беларускі іерарх адзначыў, што раней не збіраўся ў Рым, але сітуацыя быццам сама прывяла сюды.

«Я пайшоў у базыліку св. Пятра памаліцца і падзякаваць за 31 год служэння і, вядома, прасіць Бога праз заступніцтва майго апекуна св. Юды Тадэвуша аб вырашэнні гэтай складанай сітуацыі. Я маліўся не толькі ў сваёй інтэнцыі, я другасная фігура. Я маліўся за Беларусь. Як вядома, крызіс існуе ўжо доўгі час, і мы не ведаем, як з яго выйсці, таму ў гэтым сімвалічным месцы я маліўся за мірнае і хутчэйшае яго вырашэнне — гэта патрэбна ўсім жыхарам нашай краіны, гэта патрэбна ўсяму свету», — сказаў арцыбіскуп.

Хутка 2 месяцы з таго дня, як старшыню епіскапату Беларусі не пусцілі на Радзіму, але іерарх не адчувае сябе пакінутым і вельмі ўдзячны ўсім за дапамогу — фізічную і малітоўную.

«Здаецца, робіцца ўсё магчымае, я стараюся падбадзёрваць сябе, давяраючы ўсё Богу, і быць разам з людзьмі, калі не фізічна, то духоўна. Іх малітвы і неабыякавасць, шмат віншаванняў — усё гэта знак салідарнасці.

Я — не пакінуты. Я са сваім народам, а народ са мной!», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў32

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Усе навіны →
Усе навіны

Акцыянеры Tesla ўхвалілі патэнцыйную выплату Маску амаль трыльёна даляраў3

Пад Мінскам на гродзенскай трасе пашкоджаны мост2

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады35

Гіганцкі зубр, якога месяц таму везлі па трасе М1, прызямліўся ў Баранавічах4

У Белым доме мужчына страціў прытомнасць у прысутнасці Трампа6

Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?16

Для беларускіх кадэтаў фармуюць культ генерала, які аддаў жыццё за Расійскую Імперыю7

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці9

Як жыве прымежная польская Кузніца ў прадчуванні адкрыцця мяжы з Беларуссю8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў32

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць