Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»1212

Захад хай не фанабэрыцца, а дае грошы!

Нічога не змянілася. «Броня крепка». У гонар незалежнасці Лукашэнка прамаўляў па-расейску, пры гэтым назваў распад СССР геапалітычнай трагедыяй і параіў Захаду адкінуць фанабэрыю. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Ад святочнай рыторыкі гэтым разам назіральнікі ўсё ж чакалі нечага новага. Як-ніяк, апошні год — пасля мікраэпохі балотна-сытай стагнацыі — быў круты, феерычны і парадаксальны.

З аднаго боку — дзеўбануў крызіс, наехала Расія, з іншага — прарвана ізаляцыя і Захад дае грошы. То Лукашэнка ў пантыфіка ды Берлусконі гасцюе, то да яго завітваюць еўракамісары ды заакіянскія сенатары. «Сябры здалёк», як ён сказаў. Амаль што братанне на Эльбе :)

Але прамова 2 ліпеня на сходзе ў Палацы Рэспублікі лішні раз засведчыла: па вялікім рахунку нічога не змянілася. «Броня крепка». У гонар афіцыйнага свята незалежнасці Лукашэнка прамаўляў па-расійску. Пры гэтым назваў распад СССР геапалітычнай трагедыяй і параіў Захаду адкінуць фанабэрыю.

Паводле афіцыйнага кіраўніка, падчас крызісу варта абапірацца на ўласныя сілы. Спічрайтэры, мусіць, не ўлічылі, што тэза надта ж асацыюецца з ідэяй чучхэ. Але болей пікантным ёсць тое, што менавіта зараз Мінск хапае крэдыты дзе толькі можна. Прычым многім падаецца, што ўлада не надта пераймаецца, як усё гэта потым аддаваць з працэнтамі. Нам бы толькі дзень прастаяць ды ноч пратрымацца.

Цікава таксама, што год таму ў аналагічнай прамове Лукашэнка абяцаў зладзіць дэмакратычныя выбары, казаў пра пашырэнне правоў партый і ўсё такое. Цяпер, мусіць, вырашана, што саступак і так аж занадта.

Сёння кіраўнік заявіў, што «заходні свет не мусіць фанабэрыста ставіцца да іншых дзяржаў і лічыць, што толькі ўніфікаваны еўрапейскі шлях развіцця правільны, а астатнія непаўнацэнныя». З яго слоў, «відавочным становіцца, што Беларусь не павінна цалкам капіяваць заходнюю палітычную сістэму».

Во як, капіявалі-капіявалі, нібы старанныя вучні — і раптам схамянуліся: нешта не тое, блін гарэлы!

Лукашэнка патлумачыў, што «перапалкі наконт таго, чый парламент лепшы, дзе болей дэмакратыі і правоў чалавека, — гэта шлях у нікуды».

Дадамо, што і так зразумела: беларускі парламент — самы круты. Вось упёрся рогам у пытанні Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй — і ніхто яму рады не даў.

З высокай трыбуны таксама былі скрытыкаваны заганы глабалізацыі (хто не ў курсе пытання — паслухайце песню «Крамбамбулі» пра «панаехала гасцей»:). Выкрыта фальш сусветных антыкрызісных форумаў.

Зрэшты, трэба ўлічваць, на якую аўдыторыю працуе кіраўнік дзяржавы падчас такіх імпрэз. У зале Палаца Рэспублікі і назаўтра каля стэлы было багата ветэранаў. Ды і паспаліты люд ля тэлевізараў мусіць найперш убачыць, што правадыр па-ранейшаму моцны і не зазірае ў рот заходнікам.

А новыя акцэнты ўсё ж заўважаны. Назіральнікі ў Маскве адразу раўніва адзначылі, што не было згадкі пра саюзную дзяржаву. Ды і ўвогуле, маўляў, ужо ні слова пра супольнае з расійскімі братамі змаганне. Нібыта толькі Беларусь і перамагла фашызм.

Ну дык а чаго ж вы, панове, хацелі, калі кружэлка «сумеснага гніення ў акопах» ужо не дае зніжак на газ?

Намёк на саюзную дзяржаву, зрэшты, быў, але надта своеасаблівы. У кантэксце тэмы беларуска-расійскіх дачыненняў прагучала: «Мы мусім выразна ўсведамляць, што не штучныя ўтварэнні здолеюць зблізіць нашы братнія народы і забяспечыць іх дабрабыт — да гэтай высакароднай мэты прывядуць канкрэтныя крокі ў эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай ды іншых сферах». Карацей, хочаце хаўрусу — купляйце нашы трактары і давайце блакітнае паліва па смаленскіх цэнах!

А паколькі райскіх умоў ад Масквы чакаць ужо не выпадае, то гэтыя пасажы можна разглядаць як ціхі рэквіем па саюзным праекце.

3 ліпеня нас чакаюць танкі і салют. Экспарт зваліўся напалову, малая адкрытая эканоміка сінявокай рэспублікі калапсуе — але глядзі, народ, як мы можам даць па зубах любому агрэсару!

Хаця тыя, каго тут традыцыйна залічвалі ў агрэсары, здаецца, ужо здаліся без бою і спраўна шлюць нам мяхі з траншамі :)

ЗЫ. Штучнасць даты, выбранай для афіцыйнага дня незалежнасці, падсвядома муляе нават складальнікам святочных тэкстаў.

У выступ Вярхоўнага галоўнакамандуючага на парадзе 3 ліпеня заклалі дзіўнаваты бязадрасна-палемічны пасаж-апраўданне: «Вызначыўшы гэту дату галоўным дзяржаўным святам, беларускі народ чарговы раз давёў сваю мудрасць. Бо крыніцай нашага суверэнітэту ёсць не папяровыя дэкларацыі (камень у гарод колішняга Вярхоўнага Савета? — А.К.). Не заявы так званых нацыянальных лідэраў (Трэцяя Устаўная грамата БНР і, адпаведна, Дзень Волі? — А.К.). А воля народа, яго павага да сваёй гераічнай гісторыі...».

Сама ж імпрэза 3 ліпеня, калі казаць коратка, была вытрымана цалкам у духу «лініі Сталіна». Прагрукатала вайсковая тэхніка пераважна састарэлых савецкіх марак. Потым рушылі грэйдэры і бетонамяшалкі.

А Мядзведзеў на свята так і не прыляцеў. Адгукаецца малочная вайна, падчас якой давялося кідаць на ўсходнюю мяжу не танкі, а нашых доблесных мытнікаў. Дзеля справядлівасці трэ’ было б і іх калону на парад :)

Каментары12

Цяпер чытаюць

Рыта Дакота набыла дом за некалькі мільёнаў даляраў каля Галівуда1

Рыта Дакота набыла дом за некалькі мільёнаў даляраў каля Галівуда

Усе навіны →
Усе навіны

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі8

Інструктар тлумачыць, як магла адбыцца трагедыя з беларускай, якую знесла плынню пад Мурманскам5

Два хлебазаводы сталі выпускаць хлеб з фіялетавай пшаніцы1

Дарадца Ціханоўскай: Пасля змены ўзроўню аховы ўзмацніўся ціск на Офіс з боку рэжыму4

Трамп хоча здабываць нафту ў Венесуэле. Наколькі гэта рэальна і каму яна дастанецца?2

Беларусь паставіла ў Расію так шмат малака, што столькі і не трэба1

Жонка дарадцы Трампа апублікавала карту Грэнландыі ў колерах сцяга ЗША2

Новы мэр Нью-Ёрка публічна пасварыўся з Трампам праз Мадура21

Што вядома пра пошукі беларускі, якую знесла рачная плынь пад Мурманскам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рыта Дакота набыла дом за некалькі мільёнаў даляраў каля Галівуда1

Рыта Дакота набыла дом за некалькі мільёнаў даляраў каля Галівуда

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць