Грамадства

«У характарыстыцы будзе бачна, ці ты змагар, ці ябацька». Як выглядаюць новыя правілы прыёму на працу на дзяржпрадпрыемствы

На лаяльнасць да ўлады будуць правяраць пры прыёме на працу? Нядаўна прыняты дэкрэт №6 робіць больш жорсткімі патрабаванні да супрацоўнікаў дзяржаўных органаў і арганізацый. Адзін з кадравікоў падзяліўся з «Нашай Нівай» асцярогамі, ува што могуць выліцца новыя правілы гульні.

Што змянілася? Цяпер пры прыёме на працу дзяржаўныя арганізацыі абавязаны будуць запытваць характарыстыку на чалавека з папярэдняга месца.

У ёй, апроч прафесійных якасцяў і дысцыплінаванасці, мусіць адлюстроўвацца стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў.

Формы новай характарыстыкі кадравікі яшчэ не бачылі.

«Раней запыт характарыстыкі быў толькі правам наймальніка, а не абавязкам (артыкул 26 Працоўнага кодэкса), але гэта нічога не давала па сутнасці.

Ніхто гэтым не займаўся, акрамя сілавых структур. Дый форма была адвольная — у асноўным пісалі, які добры хлопец», — дзеліцца спецыяліст кадравага аддзела аднаго з дзяржпрадпрыемстваў.

Аб будучых кіраўніках будуць запытваць інфармацыю з банка даных пра правапарушэнні. Раней такія звесткі звычайна збіраліся, напрыклад, на ахоўнікаў ці дзяржслужачых, але на простых кіраўнікоў — не.

«Патрабаванне характарыстыкі значна запаволіць афармленне на працу. На кадравікоў абрынецца вал гэтых характарыстык. З аднаго боку, іх будзе патрэбна пісаць, а пісаць невядома што. Адкуль я ведаю, чалавек змагар ці ябацька? Пакуль характарыстыкі няма, нельга прымаць на працу.

З іншага боку, прыйдзе работнік, які падыходзіць, але ў яго характарыстыцы нешта дрэннае напісалі — той жа артыкул 24.23. Дырэктар браць такога хутчэй за ўсё пабаіцца.

Потым новы чалавек, зноў чакаць характарыстыку», — звяртае ўвагу на праблемы кадравік.

На думку суразмоўцы, гэты дэкрэт выглядае як спроба запалохаць пратэстоўцаў.

«Маўляў, спачатку ўсіх звольнім з працы, а потым вас не возьмуць, бо ў характарыстыцы будзе бачна, што ты змагар.

Да гэтага часу ніякай схемы, як доўгачасова пераследаваць чалавека, не было. Для кадравікоў няма ніякіх адкрытых спісаў ці праграмы, у якую забіваеш імя кандыдата і глядзіш, ці можна яго браць. Як толькі супрацоўнік звольніўся, ён становіцца чыстым лістом для новага наймальніка. І прад’явіць: «Навошта вы ўзялі на працу змагара?» — нельга.

Цяпер за чалавекам будзе цягнуцца «хвост». Гэта спосаб адпомсціць таксама. Тым больш за выдачу характарыстыкі з заведама непраўдзівай інфармацыяй прадугледжана адказнасць. Хаця наўрад ці дэкрэт спрацуе на 100%», — лічыць кадравік.

Дэкрэт №6, які ўносіць змены ў Дэкрэт № 5 ад 2014 года «Аб узмацненні патрабаванняў да кіраўнічых кадраў і работнікаў арганізацый», быў падпісаны 12 кастрычніка. У сілу ён уступіць праз 10 дзён пасля апублікавання, то-бок 22 кастрычніка.

Каментары

Цяпер чытаюць

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса1

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў 24-гадовы z-блогер Святоша, які хваліўся забойствамі палонных10

На прыпынку «Ламаносава» ў сталіцы адрамантавалі асфальт. Вынік уражвае2

У паўднёвай Еўропе стаіць чырвоная спёка4

Маці чатырох дзяцей, якую схапілі на выхадзе з анкадыспансера, адпусцілі да суда дадому2

«Расіяне зайздросцяць узроўню беларускага адзінства»42

На МАЗе выбралі маскота і далі яму імя14

ЗША маюць намер зламіць спажыўцоў расійскай нафты ў выпадку правалу ўрэгулявання вайны ва Украіне3

Як беларуска ў 18 гадоў стала прафесійным капітанам яхты і робіць на гэтым бізнес1

У Іспаніі беларусаў вызвалілі з працоўнага рабства2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса1

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць