Да канца года Літва адгародзіцца плотам ад Беларусі па ўсёй мяжы
Сёлета Літва плянуе завяршыць будаўніцтва фізічнага бар'ера разам з сістэмай назірання па ўсёй мяжы з Беларуссю. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус, піша Радыё Свабода.

Абрамавічус адзначыў, што дзякуючы рашучым крокам Літвы летась у адказ на штучна выкліканы міграцыйны крызіс удалося спыніць наплыў мігрантаў і перанакіраваць іх назад у Беларусь. Аднак ён прызнаў, што сітуацыя пагаршаецца відавочнай супярэчнасцю паміж правам краін — сябраў Еўрапейскага саюза абараняць свае межы і пэўнымі законамі ЕС адносна наяўнасці ў мігрантаў права звяртацца з просьбай аб прытулку дзе заўгодна.
«Мы як дзяржава-ўдзельніца прапануем Камісіі, Радзе ЕС унесці змены ў заканадаўства, у прыватнасці адносна Шэнгенскага кодэкса аб межах, каб улічыць фізічны барʼер як сродак забеспячэння абароны мяжы і разгледзець некаторыя спецыяльныя меры, каб прадухіліць інструменталізацыю мігрантаў», — сказаў Абрамавічус.
Паводле яго, Літва спыніла наплыў мігрантаў і кантралюе сітуацыю, але геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне пасля леташняга міграцыйнага крызісу пагоршылася, бо «гібрыдная агрэсія ператварылася ў вайну ва Украіне, у якой Беларусь з'яўляецца саюзнікам прэзідэнта Расіі Пуціна».
Літва — не адзіная краіна, якая фізічна адгароджваецца ад Беларусі пасля міграцыйнага крызісу мінулага года. Нядаўна заявіла пра завяршэнне будаўніцтва 186-кіламетровай памежнай сцяны Польшча.
Каментары