Супрацькавідная прышчэпка ад кампаніі Moderna стала адной з самых папулярных і эфектыўных вакцын такога роду ў свеце. Цяпер тэхналогія, што была для яе асновай, прыдалася для стварэння вакцыны супраць раку скуры.

Персаналізаваная прышчэпка ад меланомы кампаніі Moderna дапамагла прадухіліць рэцыдыў раку скуры на прамежкавай фазе выпрабаванняў. Камбінацыя вакцыны з супрацьракавым імунатэрапеўтычным прэпаратам Keytruda ад кампаніі Merck знізіла рызыку рэцыдыву амаль што ўдвая, піша Wall Street Journal.
У даследаванні ўдзельнічалі 150 добраахвотнікаў, якім да гэтага выдалілі меланому хірургічным шляхам. Частка з іх атрымала да дзевяці доз вакцыны разам з імунатэрапеўтычным прэпаратам, частка — толькі прэпарат. У тых, хто прайшоў праз вакцынацыю, рызыка рэцыдыву ці смерці была на 44% меншая, чым у другой катэгорыі.
Гэтыя вынікі маюць статыстычную значнасць, але ж не былі правераныя незалежнымі вучонымі. Яны даюць надзею на з’яўленне новага класа вакцын — такіх, што дазволяць не толькі прадухіляць хваробы, як звычайныя прышчэпкі, але і лячыць іх.
Прышчэпка супраць меланомы заснаваная на тэхналогіі мРНК (ці іРНК) — той жа самай, што дала падмурак і для стварэння супрацькавіднай вакцыны ад Moderna. Звычайныя вакцыны прадугледжваюць увядзенне ў арганізм аслабленага ці інактываванага ўзбуджальніка інфекцыі. Прышчэпкі ж на базе мРНК віруса вучаць клеткі выпрацоўваць бялок, які запускае імунную рэакцыю ў выпадку заражэння. Імунная сістэма пазнае гэты бялок і пачынае выпрацоўваць антыцелы, якія могуць змагацца з вірусам у выпадку, калі прышчэплены чалавек ім заразіцца.
Эліаў Бар, кіраўнік аддзела міжнароднага клінічнага развіцця і галоўны медыцынскі дырэктар Merck, распавёў у інтэрв’ю, што гэта першы раз, калі навукоўцы бачаць сапраўды моцную рэакцыю на супрацьракавую вакцыну: «Першы раз мы можам паказаць, што ліквідацыя тармазоў імуннай рэакцыі, якую забяспечвае Keytruda, плюс незвычайна добрая вакцына даюць насамрэч выдатны імунны адказ».
Каментары