Свет11

Сабака Патрон. Хто і колькі зарабляе на папулярным джэк-расел-тэр'еры

Украінскі сабака пароды джэк-расел-тэр'ер набыў папулярнасць у 2022 годзе, калі размініраваў палі, будынкі, вуліцы гарадоў разам з сапёрамі Чарнігаўскай абласной Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях (ДСНС). Акрамя гэтага, у маі Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў Патрона медалём «За адданую службу». Forbes даведаўся, каму належаць правы на выяву самага вядомага сабакі Украіны і хто зарабляе на брэндзе «сабака Патрон».

Ужо з сярэдзіны вясны ў крамах пачалі прадаваць мяккія цацкі ў выглядзе сабакі Патрона, на розных таварах з'явіліся яго выявы. Такія карцінкі ёсць на каве, цукерках і сасісках. І гэта не проста хайп. Такім чынам вытворцы прыцягваюць аўдыторыю Патрона да свайго прадукту, тлумачыць сузаснавальнік рэкламнага агенцтва Tabasco Аляксандр Смірноў. «Гэты эфект прасочваецца ў любой кампаніі з удзелам селебрыці», — кажа ён.

А тое, што гэты сабака — селебрыці, пацвярджаюць даныя сацыяльных сетак. У інстаграме ў старонкі Патрона 389 000 падпісчыкаў, у тык-току — 514 000, у твітары — 70 000. Песню пра сабаку ўкраінскага гурта Karta Svitu на YouTube за пяць месяцаў паглядзелі 2 млн разоў. Трэк уключылі ў навагодні канцэрт на ТБ.

Хоць Патрон ёсць адным з сімвалаў цяперашняй вайны, ён нясе станоўчы пасыл. «Патрон — гэта пра выратаванне жыцця, каштоўнасці, патрыятызм, цяпло і клопат», — кажа Смірноў.

Хто зарабляе на выяве сабакі Патрона

Выкарыстанне выявы сабакі-зоркі не бясплатнае. Аўтарскімі правамі на яго займаецца кампанія «Патрон не спіць». У прыватнасці, з ёй заключылі пагадненні кандытарская фабрыка Lukas, якая вырабляе глазураваныя цукеркі Patron, а таксама вытворцы цацак WP Merchandise, якія выпусцілі мяккія цацкі, падушку і футравую сумку з выявай комікса Патрона. І кампанія «Зрабіў тата», якая стварыла ёлачныя цацкі.

Вытворца тавараў для жывел Collar, па словах кіраўніка секцыі па працы з партнёрамі кампаніі Анастасіі Юдзінай, заключыў дагавор з уладальнікам сабакі Міхаілам Ільевым, начальнікам часткі піратэхнічных работ ДУ ДСНС Чарнігаўскай вобласці. Collar выпусціла лінейку амуніцыі для хатніх жывёл HERRRO.

Кампанія «Патрон не спіць» зарэгістраваная ў жніўні 2022 года. Па даных YouControl, яе канчатковая бенефіцыярка і генеральны дырэктар — Юлія Грабянеўская. Яна таксама дырэктар у ТАА «Усё сам», якое належыць вядомаму трэвел-блогеру Антону Птушкіну.

Па словах Грабянеўскай, яна дзейнічае па даручэнні ўладальніка сабакі. Forbes не змог пацвердзіць гэтую інфармацыю — Ільеў знаходзіцца ў камандзіроўцы на размініраванні. Звязацца з ім не атрымалася. Разам з гаспадаром на размініраванне паехаў і Патрон, пра гэта распавядаецца на старонцы ў інстаграме сабакі.

Пакуль што гандлёвая марка «Сабака Патрон» ва Украіне не зарэгістравана. Ільеў падаў шэсць заявак на рэгістрацыю гандлёвай маркі ва Укрпатэнт, першая пададзеная ў маі мінулага года. «Па аптымістычным сцэнары, маркі па самых ранніх заяўках будуць зарэгістраваныя не раней канца 2023 года», — кажа партнёр юрыдычнай фірмы Axon Partners Міхаіл Юдзін.

Сама кампанія не атрымлівае нічога ад продажу аўтарскіх правоў, кажа Грабянеўская. Паводле яе, усё, што зарабляе Патрон, ідзе на дабрачыннасць.

У прыватнасці, Collar накіроўвае ліцэнзійны прыбытак у Фонд дапамогі жывёлам UAnimals. У фондзе гэта пацвярджаюць. Па словах дырэктара па партнёрстве і фандрайзінгу гэтай арганізацыі Валянціны Таркоўскай, UAnimals атрымаў «ад Патрона» каля мільёна грыўняў. Гэтыя грошы паступілі ад Collar і службы таксі Uklon, якая прыцягвала сабаку да дабрачыннай акцыі.

У WP Merchandise Forbes кажуць, што львіная доля прыбытку пойдзе на дапамогу сапёрам і жывёлам. «Па ўмовах кантракта, мы не можам выдаваць гэтую інфармацыю», — распавяла дырэктар па маркетынгу WP Merchandise Ірына Тыміна.

«Зрабіў тата» размяшчае малюнак сабакі на цацках бясплатна, па дамоўленасці з «Патрон не спіць». Аднак, як кажа сузаснавальніца кампаніі Марыя Гром, 10% прыбытку яна пераводзіць УСУ.

Акрамя гэтага, «Укрпошта» выпусціла марку з выявай Патрона. Маржа з продажу пайшла на дабрачыннасць, за пяць месяцаў аператар перавёў 16 мільёнаў грыўняў, паведамляюць у прэс-службе кампаніі. Частка з іх будзе накіравана на закупку машыны для размініравання.

Яшчэ частка ўжо накіравана на набыццё вакцын, кармоў і будак для прытулкаў і цэнтраў абароны і рэабілітацыі жывёл. Сярод такіх прытулкаў — Best Friends у Макараве, Gostomel Shelter у Гастомелі і «Шчаслівы сабака» ў Крапіўніцкім. У Макараўскім прытулку Forbes распавялі, што за паступленні ад «Укрпошты» набылі для жывёл ежу, вакцыны і лекі.

Манетызацыю Грабянеўская разлічвае атрымаць на мультсерыяле пра Патрона. Ён выйшаў 7 студзеня на MEGOGO і YouTube-канале Патрона. У першым сезоне 11 серый па 3-4 хвіліны. Першая серыя ўжо набрала амаль 150 000 праглядаў. Праект фінансавала Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Грошы ад серыяла, якія каманда можа атрымаць за прагляд на YouTube, плануюць укласці ў наступны сезон, кажа генеральны дырэктар «Патрон не спіць».

Каментары1

  • Jahor
    11.01.2023
    А у нас: Зайшоў на пошту, каб купіць марку з белай сініцай. Прадавачка кажа: "А у нас эту марочку ізьялі із продажі".

Цяпер чытаюць

Былы беларускі ваяр суткі катаваў свайго сябра, а пасля забіў сябе3

Былы беларускі ваяр суткі катаваў свайго сябра, а пасля забіў сябе

Усе навіны →
Усе навіны

Стрыжак расказаў, што цяпер будзе з «Байсолам»20

Мужчына разбіў відэакамеру ў пад'ездзе, надзеўшы для маскіроўкі трусы на галаву8

Скандынавія прыцягвае беларуса: дальнабойшчык расказаў аб працы ў краі вікінгаў3

«Матрошкамі ўжо не здзівіш». У Расіі заклікалі стварыць свой аналаг Лабубу3

Вядучая «Марафону адзінства» ў падтрымку Лукашэнкі адпачывала ў Латвіі27

На поўначы Брэста працягвае смярдзець, улады заклікаюць «не панікаваць»2

Са Швецыі дэпартуюць яшчэ адну беларускую сям'ю11

Пад Быхавам адкрылі помнік археалагічнай знаходцы 1960 года. Ён падобны да надмагілля

Ва Украіне пад уплывам пратэстаў вяртаюць незалежнасць антыкарупцыйным органам8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы беларускі ваяр суткі катаваў свайго сябра, а пасля забіў сябе3

Былы беларускі ваяр суткі катаваў свайго сябра, а пасля забіў сябе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць