У 2022 годзе ў беларусак, якія пастаянна жывуць у Польшчы, нарадзілася 741 дзіця, сведчаць даныя Статыстычнага ўпраўлення Польшчы. Гэтыя лічбы, аднак, не ўключаюць дзяцей, якія нарадзіліся ў беларусак, што маюць польскі пашпарт, адзначае выданне Most.

Усяго ў іншаземцаў, якія пастаянна жывуць у Польшчы, за год нарадзілася 16 711 дзяцей. Гэта 5,5% усіх дзяцей, якія нарадзіліся ў Польшчы. За год іх колькасць вырасла амаль удвая: яшчэ ў 2021 годзе ў іншаземак нарадзілася 8970 дзяцей.

Такі рост звязаны галоўным чынам з прытокам бежанак з Украіны. Ва ўкраінак нарадзілася 13 738 дзяцей, гэта 82,2% усіх дзяцей.

За пяць гадоў іншаземкі сталі нараджаць у Польшчы ў чатыры разы часцей. Яшчэ ў 2017 годзе ў іх нарадзілася крыху больш за 4 тыс. дзяцей. Тады гэта быў толькі 1% усіх дзяцей, якія нарадзіліся ў краіне ў той год.
Між тым увогуле Польшча знаходзіцца ў дэмаграфічнай яме. У 2022 годзе ў краіне нарадзілася 305 тыс. дзяцей. Гэта самы нізкі паказчык з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны.
Каментары